27.7.1950, Менск — 28.1.2014, Менск.Пахаваны на менскіх Паўночных могілках.
Ці лёгка чвэрць стагодзьдзя быць своеасаблівай візытоўкаю дзяржавы ў дзясятках краінаў? Асабліва калі вы ня проста мільгаеце на самітах, канфэрэнцыях і фэстывалях, а — шукаеце дапамогі мільёнам людзей, якія трапілі ў бяду?
Адказ на гэтае пытаньне мог даць Генадзь Грушавы, чалавек, імя якога ў нашай краіне ведаў, бадай, кожны.
Ён быў філёзафам, доктарам навук, дасьледаваў гісторыю філязофіі і грамадзка-палітычнай думкі Заходняй Эўропы і Беларусі часоў Адраджэньня і Асьветніцтва, больш за сорак гадоў выкладаў у роднай альма-матэр — Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Асноўнай навуковай працаю Грушавога лічыцца «Аказіяналізм Нікаля Мальбранша» (францускага філёзафа, які арыгінальна перайначыў вучэньне Дэкарта).
Але сталася так, што ў беларускай гісторыі Генадзь застанецца не сваімі навуковымі штудыямі, а — дзякуючы таму, што, адклаўшы іх, узяўся ратаваць цэлую нацыю. У гэтым для яго палягала найвышэйшая філязофія.
У 1989-м ён узначаліў «чарнобыльскі» камітэт Беларускага Народнага Фронту, адным з арганізатараў якога быў. Праз год Грушавы, ужо дэпутат Вярхоўнага Савету і сябра Апазыцыі БНФ, ператварыў камітэт у дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобыля».
Ёсьць людзі роздуму (датычна філёзафа лепей сказаць — здумленьня), людзі дзеяньня і людзі выніку. Генадзь адпавядаў усім гэтым характарыстыкам, але найперш ён, замяняючы сабой цэлыя міністэрствы, камісіі ды камітэты, быў чалавекам фантастычнага выніку.
Ня мэдыкі, а філёзаф Грушавы здолеў зьвярнуць увагу Эўропы і сьвету на маштабы чарнобыльскай катастрофы і неабходнасьць ратаваць генафонд найбольш пацярпелай краіны.
За пэрыяд дзейнасьці Фонду гуманітарную дапамогу ад яго атрымалі больш за 2 мільёны жыхароў Беларусі. Толькі за першыя дзесяць гадоў у краіну было ўвезена на паўмільёна даляраў мэдыкамэнтаў. Сотні тысяч нашых дзяцей прайшлі рэабілітацыю і аздараўленьне за мяжой, пабачыўшы, апрача лекаваньня, і жыцьцё ў вольным сьвеце.
Мо якраз з гэтае прычыны дзяржаўныя структуры паглядалі на Фонд як на канкурэнта. У другой палове 1990-х праз пагрозу арышту і сам Генадзь мусіў, як жартавалі калегі, на цэлы год зьехаць «на аздараўленьне» ў Нямеччыну.
На прэс-канфэрэнцыі, якую Грушавы склікаў у сьнежні 2012-га (акурат у той дзень, калі дваццаць тры гады таму першая група дзяцей паляцела лекавацца за мяжу), ён паведаміў, што фонд «Дзецям Чарнобыля» спыняе працу: «Мы павінны былі падняць гэтае правінцыйнае грамадзтва на дзейнасьць, зьвязаную з самадапамогай, з тым, каб ратаваць сваіх дзяцей уласнымі сіламі, і мы таго дасягнулі. Прыйшоў час іншых дзеяньняў і іншых праектаў».
Апошні раз мы бачыліся зь ім у вузкім коле, дзе абмяркоўвалася ідэя скліканьня Другога кангрэсу ў абарону незалежнасьці. Я ня ведаў, што ўжо некалькі гадоў Генадзь хворы на лейкемію...
Уладзімер Арлоў падрыхтаваў да друку трэцяе выданьне сваёй вядомай кнігі «Імёны Свабоды», якая ўпершыню пабачыла сьвет у 2007-м у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе».