Чарнігаў — не прыфрантавы горад, ён далекавата ад Данецку й Луганску. Аднак вайну, разьвязаную прарасейскімі баевікамі на паўднёвым усходзе Ўкраіны, тут успрымаюць як жорсткую рэальнасьць — супольна зьбіраюць дапамогу ўкраінскім батальёнам і рыхтуюцца пасьля абвяшчэньня мабілізацыі папоўніць шэрагі ўкраінскай арміі.
Ва Ўкраіне цяпер абвешчана мабілізацыя. Пад яе падпадае 50 тысяч чалавек. Чарнігавец Васіль у свой час праходзіў тэрміновую вайсковую службу — і цяпер гатовы пастаяць за адзінства і незалежнасьць радзімы:
«З 20 студзеня ў нас новая хваля мабілізацыі. Скажуць, што трэба — я пайду. Гэта патрэбна, бо няма іншага выйсьця — толькі супраціў зьнешняму ворагу. Уладзімер Пуцін, апроч сілы, нічога не ўспрымае. Шкада, што раней не была пастаўлена задача зьнішчыць „зялёных чалавечкаў“, якія зьявіліся спачатку ў Крыме. Як бы было ў Беларусі, калі б хтосьці нават падумаў на сто мэтраў перайсьці дзяржаўную мяжу — зьнішчылі б, я ўпэўнены, усё: там і зямлі б не было — усё б гарэла. І праблема б зьнікла. А ў нас цяпер няма Крыму, няма дзьвюх абласьцей. А што далей будзе — ніхто ня ведае. І нават думаць пра тое страшна».
На цэнтральнай плошчы Чарнігава, побач з абласной дзяржаўнай адміністрацыяй, Самаабарона Майдану разгарнула брызэнтавы намёт, куды мясцовыя жыхары нясуць усё, што могуць: харчаваньне, цёплыя рэчы, грошы.
Сталая жанчына цікавіцца ў хлопцаў з самаабароны:
«Дык куды тут паставіць? У мяне кансэрвацыя — павідла, варэньне. А яшчэ дома ёсьць усякая гародніна кансэрваваная».
Многія мінакі кідаюць у празрыстую самаробную скрынку, якая стаіць пры ўваходзе на століку, пакамечаныя грыўні — свой унёсак у абарону Ўкраіны.
Дзяжурны, 22-гадовы абаронца Майдану Павал Зызэкала апавядае карэспандэнту Свабоды:
«Намёт паставілі дзеля таго, каб людзі прыходзілі, паглядзелі, што трэба нашым байцам — цёплыя рэчы, цыгарэты. Скрынка стаіць — грошы зьбіраем, каб купіць мэдычныя аптэчкі ды ўсё іншае па патрэбе. Дапамагаюць тым, хто знаходзіцца ў зоне АТА».
29-гадовы чарнігавец Вадзім, інжынэр-канструктар па прафэсіі, пазытыўна ставіцца да ініцыятывы самаабаронцаў Майдану:
У нас гэта — народная барацьба. Думаю, што беларусы гэта лепей разумеюць, чым расейцы, бо мы больш пародненыя народы. З кожнага па капейчыне — і можна ўжо аднаго байца адзець, абуць, накарміць.
«У нас гэта — народная барацьба. Думаю, што беларусы гэта лепей разумеюць, чым расейцы, бо мы больш пародненыя народы. З кожнага па капейчыне — і можна ўжо аднаго байца адзець, абуць, накарміць. Словам, дапамагчы. Гэта народны супраціў. Гэта не якіясьці там папулісцкія рэчы, а памкненьне душы, народная воля. Гэта народны супраціў супраць агрэсара, бо падзеі на ўсходзе Ўкраіны мы разглядаем як агрэсію супраць нас. І гэтага агрэсара мы ведаем».
Яшчэ адна задача, якую выконвае намёт самаабароны на цэнтральнай плошчы Чарнігава, — інфармацыйная. Побач зь ім — партрэты сябраў Партыі рэгіёнаў, якія падтрымлівалі прэзыдэнта-ўцекача Януковіча. Адзін зь іх — Валеры Дудко. Яго прасоўвае ў губэрнатары каманда папярэдняга абласнога начальніка-«рэгіянала». Партрэт Дудка зь невялікім тэкстам зьмешчаны на «Дошцы ганьбы». Пералічваюцца найбольш яскравыя «заслугі» Дудка, у тым ліку й галасаваньне ў Вярхоўнай Радзе за скандальныя рэпрэсіўныя «законы 16 студзеня», якія абмяжоўвалі грамадзянскія свабоды ўкраінцаў.
Інжынэр-канструктар Вадзім дадае, што пасьля Майдану ва Ўкраіне шмат што зьмянілася:
«Даволі багата зьмянілася. Калі раней адсоткаў 80 людзей маўчалі, то цяпер не маўчаць. І гэта вельмі добра. Зьмянілася ня ў пляне эканамічнага росту ці падзеньня, а з пункту гледжаньня людзкога ўспрыняцьця палітыкі. Цяпер у грамады ёсьць голас — раней яго не было. Палітыкаў я шаную не за папулісцкія лёзунгі ды штандары, а за дзеяньні».