Выступаючы сёньня на чарговым зьезьдзе прыўладнага саюзу моладзі, Аляксандар Лукашэнка зрабіў заяву на карысьць беларускай мовы і культуры.
Прыватнасьці, ён сказаў, што культура «робіць беларуса беларусам, а ня проста „тутэйшым“, у якім бы пункце зямнога шара ён ні знаходзіўся». Лукашэнка таксама паабяцаў падтрымку маладым сем’ям, заявіў, што моладзі створаныя ўсе ўмовы для самарэалізацыі, і таму ёй нібыта няма неабходнасьці выяжджаць у пошуках працы за мяжу.
«Культура — вось што робіць беларуса беларусам, а ня проста „тутэйшым“, у якім бы пункце зямнога шара ён ні знаходзіўся. Ня толькі наша найбагацейшая спадчына — літаратура, музыка, архітэктура — але і мова, якую мы павінны ведаць, гісторыя, якую мы павінны памятаць, і каштоўнасьці, якія мы павінны паважаць», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў: на яго думку, ня мае слушнасьці сьцьверджаньне, што ў сучасным сьвеце няма месца нацыянальным культурам, а ім на зьмену прыходзіць адна — глябальная.
«Каб гэтыя словы пачалі яшчэ рэалізоўвацца, то было б добра», — сказаў Свабодзе старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:
«Нядаўна Лукашэнка казаў пра тое, што гісторыю і геаграфію трэба выкладаць па-беларуску і што гадзін трэба дадаць. Я напісаў запыт новаму міністру адукацыі. А той адказаў, што яны яшчэ толькі думаюць, як гэта рабіць. Так што пакуль, я думаю, гэта— прыгожыя словы, якія міністры не зьбіраюцца выконваць».
Гэты зьезд афіцыйна мае парадкавы нумар 42. Такім чынам, стваральнікі БРСМ лічаць сябе пераемнікамі ЛКСМБ — Ленінскага камуністычнага саюзу моладзі Беларусі.
Лукашэнка на зьезьдзе заявіў, што «моладзевыя групы патрыятычнай скіраванасьці, якія не прымаюць дэструктыўных паводзін, ёсьць рэальныя партнэры беларускай дзяржавы ў працэсе захаваньня яе стабільнасьці».
«Гэта — невыпадковыя словы. Лукашэнка заўжды думае пра тое, як найдаўжэй захаваць сваю ўладу», — лічыць палітоляг Аляксандар Класкоўскі:
«Менавіта таму яму патрэбныя такія штучныя падпоркі, як афіцыйныя, цалкам ляяльныя да ўлады прафсаюзы, і такая структура, як БРСМ. І хоць Лукашэнка сёньня гаварыў пра разьвіцьцё ініцыятывы моладзі і да таго падобнае, гэта насамрэч рытуальныя словы.
Рэжыму зручней, калі няўрымсьлівая, нонканфармісцкая, крытычна настроеная да ўлады моладзь зьяжджае куды далей. Яна выціскаецца з краіны. А застаюцца тыя маладыя людзі, якія дэманструюць хоць бы такую вонкавую ляяльнасьць. Вонкавую таму, што сам Лукашэнка неаднойчы прызнаваў, што стварыць ніякай ідэалёгіі праўладныя ідэолягі, навукоўцы і прапагандысты, колькі яны ні пнуліся, не змаглі».
Аляксандар Класкоўскі кажа, што за мяжу зьяжджае і тая частка моладзі, якая хоча паспрабаваць сябе ў бізнэсе і навуцы. Аднак сёньня Лукашэнка заявіў: моладзі створаныя ўсе ўмовы для самарэалізацыі, і таму ёй няма неабходнасьці выяжджаць за мяжу, каб «дамагчыся камэрцыйнага посьпеху і навуковага прызнаньня».
Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў ужо амаль 15 гадоў задае сваім рэспандэнтам адно і тое ж пытаньне: «Ці хацелі б вы пераехаць у іншую краіну, калі б у вас была такая магчымасьць?» У розны час — адказы розныя: ад 33% да 45% беларусаў гатовыя пакінуць сваю краіну. І чым яны маладзейшыя, тым больш ахвотных пашукаць шчасьця за мяжой.
У таленавітай моладзі, якая застаецца ў Беларусі, ня болей, а ўсё меней шанцаў рэалізаваць сябе, — лічыць палітоляг Сяргей Нікалюк:
«Летась наша дзяржава канчаткова адмовілася ад мадэрнізацыі эканомікі. Яе пераводзяць у рэжым мабілізацыйнай эканомікі. 2013 год скончыўся катастрафічным правалам рэнтабэльнасьці вытворчасьці. У пасланьні-2013 Лукашэнкі слова „мадэрнізацыя“ згадвалася каля 40 разоў. У мадэрнізацыю ўклалі велізарныя грошы (рост інвэстыцыяў склаў 8%), а атрымалі амаль саракапрацэнтнае падзеньне рэнтабэльнасьці. Ну, і праграму мусілі згарнуць, бо, акрамя разарэньня, яна нічога не прынесла.
І таму 2014 год стаў годам барацьбы з карупцыяй, годам падвышэньня працоўнай дысцыпліны. І як спадчына гэта перайшло ў год 2015 у выглядзе барацьбы з дармаедзтвам. Гэты пераход невыпадковы. Таму што мадэль, у якой мы жывем, няздольная да мадэрнізацыі. Зразумела, што ў цяперашняй мадэлі месца творчай, эканамічнай актыўнай моладзі асабліва няма».
Ад сёньняшняга дня БРСМ ачоліў Андрэй Белякоў — былы другі сакратар ЦК саюзу. Ён зьмяніў на пасадзе кіраўніка Ігара Бузоўскага, які напрыканцы 2014 году прызначаны намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі.