Транзыт расейскага газу ў Эўропу праз Украіну будзе спынены. Пра гэта абвясьціў кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер пасьля сустрэчы з намесьнікам старшыні Эўракамісіі па энэргетычных пытаньнях Марашам Шэфчавічам, паведамляе «Российская газета». Кіраўнік расейскай кампаніі анансаваў новую стратэгію «Газпрому», якая зьяўляецца адказам на новую энэргетычную палітыку ЭЗ.
Зараз украінская газатранспартная сыстэма зьяўляецца асноўным каналам пастаўкі расейскага газу яго галоўнаму пакупніку — Эразьвязу. Гаворка ідзе аб аб’ёме ў 63 мільярды кубамэтраў на год. Усяго ў 2013 годзе «Газпром» прадаў у Эўропу 161,5 мільярды кубамэтраў газу. У 2014 годзе, паводле папярэдніх ацэнак, аб’ём паставак зьнізіўся, прыкладна, на 10%. Астатнія аб’ёмы пастаўляюцца па газаправодах, якія ідуць празь Беларусь, Турэччыну і «Паўночны паток» (па дне Балтыйскага мора да Нямеччыны).
Эўразьвяз у бліжэйшыя гады плянуе стварыць Энэргетычны саюз і выступаць як адзіны пакупнік на сусьветным рынку газу. «Газпром» будзе адаптавацца да гэтай палітыкі, абвясьціў Аляксей Мілер. Ён падкрэсьліў, што праект «Паўднёвы паток» цяпер канчаткова зачынены. І калі Эўропа хоча набываць расейскі газ, ёй давядзецца самастойна будаваць частку газаправоду да Турэччыны, куды будзе праведзены новы расейскі газаправод наўзамен «Паўднёвага патоку».
«Газаправод „Турэцкі паток“ зьяўляецца адзіным маршрутам, па якім могуць пастаўляцца 63 мільярды кубамэтраў расейскага газу, якія ідуць пакуль транзытам праз Украіну. Іншых варыянтаў няма. Нашы эўрапейскія партнэры аб гэтым праінфармаваныя і цяпер іх задачай зьяўляецца стварэньне неабходнай газатранспартнай інфраструктуры ад мяжы Турэччыны і Грэцыі», — заявіў кіраўнік" Газпрому ".