Цырымонія ўзнагароджваньня прайшла 22 сьнежня ў кнігарні «Логвінаў». У трох намінацыях ляўрэатамі былі названыя Андрэй Хадановіч — за вершаваныя пераклады Аляксандра Фрэдры, Рышарда Крыніцкага і Віславы Шымборскай; Вэраніка Бяльковіч — за пераклад рамана Ірэны Доўскавай «Моцны Жбуць»; Альгерд Бахарэвіч — за публікацыю ў часопісе «ПрайдзіСьвет» перакладаў Вільгельма Гаўфа і Яна Вагнэра.
«Мэханізм прэміі такі, што пераклады шукае само журы, якое складаецца з сябраў рады часопіса. У першую чаргу мы зьвяртаем увагу на перакладныя кнігі, якія выйшлі ў пэўным годзе. Калі не хапае кніг, тады прапануюцца пераклады, апублікаваныя ў літаратурных часопісах. На ўзнагароду ў намінацыі «ПрайдзіСьвет» могуць прэтэндаваць аўтары, чые пераклады былі апублікаваныя ў часопісе «Прайдзісьвет», — распавяла Свабодзе сябра Рады часопіса Юлія Цімафеева.
Сёлета прэмію «ПрайдзіСьвет» уручылі пяты раз. Гэта адзіная ў Беларусі прэмія, якая выдаецца за перакладную літаратуру. Перакладчыкі-дэбютанты могуць таксама змагацца за літаратурную прэмію імя Максіма Багдановіча «Дэбют», адна з намінацый якой даецца за пераклад замежнага твора на беларускую мову.