Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля Лукашэнкі ў Кіеве Назарбаеў


Нурсултан Назарбаеў
Нурсултан Назарбаеў

Кіраўнікі Беларусі і Казахстану праводзяць перамовы з прэзыдэнтам Украіны перад тым як паехаць на сустрэчу з Уладзімерам Пуціным у Маскву.

Сёньня ва Ўкраіну прыбыў прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, учора Кіеў наведаў Аляксандр Лукашэнка.

Візыты кіраўнікоў Казахстана і Беларусі ў Кіеў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў своечасовымі, важнымі і сымбалічнымі. Экспэрты расцэньваюць гэтыя візыты перш за ўсё як спробу кіраўнікоў постсавецкіх дзяржаў дыстанцыявацца ад агрэсіўнай палітыкі Крамля.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, ён і ў далейшым гатовы быць пасярэднікам па мірным урэгуляваньні канфлікту ў Данбасе:

«Трэба табе штосьці будзе ад Беларусі — скажы, — зьвярнуўся ён да прэзыдэнта Ўкраіны. --- Мы за суткі ўсё зробім, што папросіш».

Напярэдадні візыту ў Кіеў з падобнай заявай аб гатоўнасьці надаць дапамогу ва ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны выступіў і казахскі прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў. Паводле яго слоў, задача «заключаецца ў тым, каб спыніць гэтую вайну, умацаваць незалежнасьць самой Украіны, прызнаць цэласнасьць тэрыторыі Ўкраіны».

Абодва бакі зрабілі, як для іх сытуацыі, занадта просталінейныя заявы аб падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

«Абодва бакі зрабілі, як для іх сытуацыі, занадта просталінейныя заявы аб падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Гэтыя заявы ўтрымліваюць шмат намёкаў. Ёсьць прыкметы калясальнага жаданьня не заставацца на арбіце Расеі», — кажа экспэрт па міжнародных пытаньнях Тарас Чарнавіл.

У пошуках альтэрнатывы Мытнаму саюзу?

Як паказвае досьвед, дапамога пасярэднікаў не заўсёды можа быць эфэктыўнай. А хутчэй — самі пасярэднікі такім чынам пацьвярджаюць сваю суб’ектнасьць. Аляксандр Лукашэнка здолеў дзякуючы менскім перамовам наладзіць кантакты з Эўропай.

Пэрспэктывы пасярэдніцтва з боку Нурсултана Назарбаева застаюцца пакуль нявызначанымі. На думку Тараса Чарнавола, цяпер украінскай уладзе наўрад ці патрэбны новая перамоўная пляцоўка для ўрэгуляваньня канфлікту на Данбасе.

Назарбаеў — гэта палітык, да якога сур’ёзна прыслухоўваецца Пуцін.

«Назарбаеў — гэта палітык, да якога сур’ёзна прыслухоўваецца Пуцін. Сам факт яго візыту ў Кіеў сьведчыць аб тым, што расейская палітыка кансалідацыі саюзьнікаў дае расколіну. Але з чым прыедзе Назарбаеў? Якое кола пытаньняў ён хоча абмеркаваць — гэта інтрыга», — адзначае кіраўнік Цэнтра блізкаўсходніх дасьледаваньняў Ігар Сямівалос.

Беларусь і Казахстан ўваходзяць у Мытны саюз, у якім вядучую ролю гуляе Расея. Аглядальнікі называюць сымбалічным тое, што прэзыдэнты наведваюць Кіеў перад тым, як наведаць Маскву. Гэта можа сьведчыць аб жаданьні Менска і Астаны выйсьці з-пад уплыву Масквы. А візыт казахскага прэзыдэнта хутчэй сьведчыць аб тым, што Казахстан спрабуе дыстанцыявацца ад агрэсіўнай палітыкі Крамля. Акрамя таго, візыты беларускага і казахскага кіраўнікоў сьведчаць аб няўпэўненасьці эўразійскай эканамічнай інтэграцыі.

«Мытны саюз трашчыць па ўсіх швах. Эканамічна ён выявіўся недзеяздольным. У Казахстане ўжо наўпрост кажуць пра калясальныя страты. Яны зьнішчылі фактычна рэальны сэктар сваёй эканомікі — усё, што не датычыць здабыўной прамысловасьці», — лічыць Тарас Чарнавіл.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG