Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка падзякаваў Лукашэнку за падтрымку цэласнасьці Ўкраіны. Лукашэнка: Мы зробім усё, што ты папросіш

абноўлена

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падзякаваў свайму беларускаму калегу Аляксандру Лукашэнку за падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, а таксама за непрызнаньне «фэйкавых выбараў 2 лістапада». Пра гэта ў сваім Twitter паведаміў сьпікер украінскага прэзыдэнта Сьвятаслаў Цэголка.

Перамовы прэзыдэнтаў праходзяць у закрытым рэжыме, прэсу на іх не запрашалі.

«Я хачу, каб ва Украіне было добра. Многія гэта разумеюць, як нейкія гульні і гэтак далей. Я ведаю, што вы ня так гэта ўспрымаеце. Вы прэзыдэнт, вам балюча. Мне таксама балюча. І я гэтым кіруюся», — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

«Таму, калі трэба будзе, я вам яшчэ раней сказаў: трэба будзе ад Беларусі нешта — скажы, мы табе за суткі ўсё зробім, што ты папросіш. Усё, што прэзыдэнт Украіны ні прасіў, публічна кажу, мы заўсёды ўсё рабілі. І так будзе надалей, — падкрэсьліў Лукашэнка. — Для нас гэта не гульня. Ня толькі таму, што таваразварот, а таму, што мы суседзі, мы побач жывем, мы родныя людзі».

2 лістапада групоўкі «ДНР» і «ЛНР» правялі на кантраляваных імі частках тэрыторыі ўсходу Ўкраіны так званыя «выбары», якія не прызнала ніводная краіна сьвету. Расея ў пачатку лістапада ў заяве свайго МЗС абмежавалася заклікам «паважаць волевыяўленьне жыхароў паўднёва-усходу» нават без указаньня на краіну, пра «паўднёвы ўсход» якой ідзе гаворка.

17 сьнежня Пятро Парашэнка паведаміў, што наступнае пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе можа адбыцца ў Менску ў нядзелю, 21 сьнежня.

У той жа час, як паведамляла прэс-служба ўкраінскага прэзыдэнта 20 сьнежня, у суботняй размове з канцлерам Германіі Ангелай Мэркель «Пятро Парашэнка выказаў надзею, што ўсе бакі мірнага ўрэгуляваньня прыкладуць намаганьні для таго, каб сустрэча трохбаковай кантактнай групы адбылася ў бліжэйшы час». Канкрэтных датаў Парашэнка на гэты раз не называў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG