У Беларусі будзе створаны сумесны з Украінай тэлеканал. Такой дамоўленасьці дасягнулі прэзыдэнты Беларусі і Ўкраіны Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка ў Кіеве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«У нас такі вопыт ужо ёсьць. З нашымі каналамі працуюць сумесна тры ці чатыры расейскіх. Чаму мы з Украінай ня можам стварыць такое сумеснае супрацоўніцтва», — сказаў Лукашэнка.
«Таму трэба гэта не забыць і зрабіць. Трэба вызначыць канал у Беларусі», — дадаў палітык.
«Мы даўно казалі пра тое, што беларусы маюць права ведаць розныя пункты гледжаньня, і было б нядрэнна, калі б адзін з інфармацыйных каналаў Украіны меў магчымасьць трансьлявацца на тэрыторыі Беларусі», — адзначыў Пятро Парашэнка. Ён дадаў, што ўжо паставіў адпаведную задачу міністру інфармацыйнай палітыкі.