Беларусь выступае за адмену любых санкцый, бо яны наўпрост адбіваюцца на ўзроўні жыцьця простых людзей, заявіў Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэньня даверчых грамат, перадае БЕЛТА.
Лукашэнка падкрэсьліў, што 2014 год стаў адным з самых складаных у сусьветнай палітыцы за апошнія некалькі гадоў.
«Некаторыя дзяржавы імкнуцца ўплываць ня толькі на рэгіянальныя працэсы, але і спрабуюць зьмяніць глябальны балянс сіл», — заўважыў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, «вынік у наяўнасьці — рост напружанасьці ў сьвеце, зьніжэньне даверу да партнэраў, санкцыйнае супрацьстаяньне».
Беларусь цалкам падтрымлівае раўнапраўнае супрацоўніцтва паміж краінамі, пазбаўленае ціску і прымусу.
"Беларусь цалкам падтрымлівае раўнапраўнае супрацоўніцтва паміж краінамі, пазбаўленае ціску і прымусу. Мы выступаем за адмену якіх бы там ні было санкцый. Бо яны наўпрост адбіваюцца на ўзроўні жыцьця людзей",— зазначыў Лукашэнка.
Санкцыі ЗША і Эўразьвязу былі сёлета ўведзеныя супраць Расеі за анэксію ўкраінскага Крыму і дэстабілізацыю ў Данбасе, падтрымку сэпаратыстаў.
Супраць самога Аляксандра Лукашэнкі, ягонага атачэньня дзейнічаюць візвыя і маёмасныя санкцыі ЗША і Эўразьвязу за падаўленьне грамадзянскай супольнасьці і парушэньні правоў чалавека.