Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўская фабрыка выпусьціла 50 кілямэтраў беларускіх стужак


Стужка зь беларускім арнамэнтам, якую раздавалі мінакам у Менску, вырабляецца і прадаецца даўно. Попыт на яе, як прызнаюцца вытворцы, пакуль ня надта вялікі.

Акцыя па раздачы ў Менску стужак зь беларускім нацыянальным арнамэнтам выклікала шырокі грамадзкі розгалас. У інтэрнэце яна сабрала нямала камэнтароў і водгукаў. Заяўляецца, што актывісты і валянтэры «Арт-сядзібы» раздалі 12 тысяч стужак. Акцыя праходзіла пад лёзунгам «Пазнач сябе беларусам».

Стужка зь беларускім арнамэнтам, якую раздавалі мінакам у Менску, між тым вырабляецца і прадаецца даўно. Попыт на яе, як прызнаюцца вытворцы, пакуль ня надта вялікі. Вырабляе яе Магілёўскае акцыянэрнае таварыства «Стужка».

Паводле намесьніцы генэральнага дырэктара прадпрыемства Ніны Пятровай, аб’ём вырабу стужкі на год — да 50 тысяч мэтраў. Для Беларусі, зазначае Ніна Рыгораўна, гэткі мэтраж замалы.

На пытаньне, чаму прадукцыя з нацыянальным беларускім сымбалем прадаецца кепска, суразмоўніца кажа, што даўно сама шукала адказу. Пасьля шматгадовых назіраньняў зрабіла выснову, што беларусы гэтую стужку ўспрымаюць як афіцыйную:

«Што з гэтай стужкай трэба ісьці на дзяржаўнае сьвята, або гэтую стужку трэба да сьцяга прымацаваць, але ніякім чынам яны не ўспрымаюць яе ў падарунках ці наагул у нашым штодзённым жыцьці, — тлумачыць свае назіраньні Ніна Пятрова. — Яны лічаць, што ёю нават нясьціпла падарунак перавязаць. Падарунак жа разьвязаў, а стужку выкінуў, але куды ж ты будзеш такую важную стужку выкідаць у сьметніцу».

На думку Ніны Пятровай, гэткае ўспрыманьне стужкі ня слушнае, і яго трэба неяк мяняць. Не саромецца свайго, зазначае суразмоўніца:

«У маім разуменьні, калі ўнівэрмаг прадае, то чаму там ня могуць гэтай стужкай перавязаць падарунак які ці пакупку. Калі якому замежнаму дзядзьку дорыш падарунак, дык абавязкова на ім трэба завязаць гэтую стужку».

У фірмовай краме акцыянэрнага таварыства ў продажы стужкі, якую раздавалі ў Менску, не аказалася, аднак выбар падобных у іншай колеравай гаме шырокі. Як кажуць прадаўцы, набываюць гэтыя стужкі для аздобы дзіцячых сукенак і на сьвяты.

Сярод іншага на прадпрыемстве вырабляюць і стужкі ў колерах дзяржаўных сьцягоў Беларусі і Расеі, а таксама георгіеўскую стужку, якая стала сымбалем расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.

Беларускія сувэніры — саламяныя лялькі
Беларускія сувэніры — саламяныя лялькі

Выкарыстоўваюць стужкі з нацыянальным арнамэнтам на Магілёўскай фабрыцы мастацкіх вырабаў. Ёй аздабляюць саламяныя сувэніры. Найбольш прыкметныя зь іх — саламяныя постаці дзяўчат у беларускіх нацыянальных строях. У аддзеле маркетынгу прадпрыемства зазначылі, што такія сувэніры дужа добра прадаюцца:

«Дзяўчына ў беларускім нацыянальным строі трымае ручнік. На сувэніры напісана „Беларусь“. У менскіх крамах дужа шмат гэтых лялек раскупляецца. Яны шмат замаўляюць. А вось у Магілёве, дык толькі ўнівэрмаг іх прадае, але ён няшмат бярэ», — зазначыла супрацоўніца маркетынгавага аддзелу фабрыкі.

Ручнікі як падарунак на каляды
Ручнікі як падарунак на каляды

Паводле суразмоўніцы, няблага разыходзяцца і ручнікі:

«Таксама на іх беларуская вышыўка, чырвоная з чорным. Мы бяром лён — альбо белы, альбо шэры. І, вядома ж, на белым фоне лепей глядзіцца альбо чырвоны з чорным, альбо толькі чырвоны».

У прадпрыемства раней была свая фірмовая сувэнірная крама. Цяпер яе зачынілі. Купіць вырабы фабрыкі можна ў магілёўскім унівэрмагу. Выбар саламяных сувэніраў, аздобленых беларускай стужкай, і ручнікоў шырокі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG