Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафта і новы геапалітычны ляндшафт


Рэзкае падзеньне сусьветных коштаў на нафту зьмяніла эканамічны і стратэгічны балянс паміж краінамі-экспартэрамі і іх кліентамі. Аналітыкі называюць тое, што адбываецца, рызыкоўным гамбітам з боку Савудаўскай Арабіі, Ірану, ЗША і іншых найбуйнейшых нафтаздабытчыкаў. Дзякуючы падзеньню коштаў на нафту, бэнзін у ЗША патаньнеў да самай нізкай адзнакі за апошнія гады, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Цана нафты рэзка ўпала з прычыны замаруджваньня эканамічнага росту ў Эўропе і Азіі, якое прывяло да зьніжэньня попыту на энэрганосьбіты, а таксама да рэзкага павелічэньня здабычы нафты ў ЗША.

Паводле экспэрта па інвэстыцыях кампаніі «Эліс Кансалтынг» Джэймса Бэрклі, перавышэньне прапановы над попытам зьмяніла сусьветны эканамічны і энэргетычны ляндшафт: «Можна бачыць, як некаторыя вытворцы гуляюць у такі сабе цэнавы покер».

У мінулым Арганізацыя краінаў-экспартэраў нафты — ОРЕС — змагалася з падзеньнем коштаў скарачэньнем вытворчасьці, што абмяжоўвала пастаўкі і падвышала кошты. Аднак на гэты раз ОРЕС ня здолела дасягнуць кансэнсусу. Самы буйны вытворца — Савудаўская Арабія — мае самы нізкі сабекошт здабычы, і ў дадатак да гэтага валодае значнымі фінансавымі рэзэрвамі.

Як мяркуе Эдвард Турзанскі, прафэсар Унівэрсытэта ЛаСаль у штаце Пэнсыльванія, савудаўцы могуць зыходзіць з таго, што іх краіна зможа вытрымаць нізкія кошты на нафту нашмат даўжэй, чым рэгіянальны супернік — Іран, які і без таго знаходзіцца ў складаным эканамічным становішчы.

«Савудаўцы кажуць: „Мы гатовыя заплаціць за гэта, нават калі гаворка ідзе пра ўнутраныя ўзрушэньні, таму што мы ведаем — іранцам давядзецца яшчэ горш “ », — адзначае экспэрт.

Ад нізкіх коштаў на нафту пакутуюць таксама залежныя ад экспарту энэрганосьбітаў эканомікі Вэнэсуэлы і Ірана.

Аналітыкі нагадваюць, што ўлады ў Маскве і Каракасе ўзялі на сябе абавязацельствы перад сваімі народамі, заснаваныя на аптымістычных прагнозах бюджэтных даходаў, атрыманых ад продажу нафты. Зьмяненьне сытуацыі можа паставіць улады гэтых краінаў перад цяжкім выбарам — як патраціць рэшту фінансавых рэзэрваў, не рызыкуючы пры гэтым паслабленьнем сваёй палітычнай улады.

Нізкія нафтавыя кошты таксама адбіліся нэгатыўна на прыбытках амэрыканскіх вытворцаў. Аднак кіраўнік Амэрыканскага інстытута нафты Джэк Джэрард лічыць, што мясцовыя кампаніі выратуе мадэрнізацыя і павышэньне эфэктыўнасьці працэсаў нафтаздабычы. Рост здабычы нафты ў ЗША умацоўвае моц амэрыканскай эканомікі, перакананы ён: «Дамінуючая роля найбуйнейшых вытворцаў нафты і газу пераходзіць ад Расеі і краінаў Блізкага Ўсходу да ЗША, што радыкальна мяняе расклад сілаў у сьвеце».

Экспэрт «Эліс Кансалтынг» Джэймс Бэрклі таксама лічыць, што рост нафтаздабычы ў ЗША трансфармуе ўвесь геапалітычны ляндшафт:

«Я лічу, што мы маем справу з самым буйным геапалітычным і эканамічным фэномэнам на бліжэйшыя тры-пяць гадоў». На думку аналітыка, можна чакаць, што канфлікт паміж падзеньнем коштаў на нафту, ростам здабычы сыравіны і запаволеньнем эканамічнага росту будзе абвастрацца і далей".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG