Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін заявіў, што Расея не скарыцца перад Захадам у пытаньні Ўкраіны

абноўлена

Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін выступае ў Маскве з пасланьнем да Фэдэральнага сходу.

Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін выступае ў Маскве з пасланьнем да Фэдэральнага сходу.

Сярод іншага, ён заявіў, што Расея ня будзе сьлепа трымацца ў фарватэры Захаду па ўкраінскім пытаньні.

«Дзеля чаго ўся гэтая трагедыя ва Украіне? Хіба нельга было палагодзіць ўсе пытаньні, нават спрэчныя, падчас дыялёгу, у рамках прававога поля і легітымных працэсаў? Аднак нас цяпер усімі сіламі спрабуюць пераканаць у тым, што гэта і ёсьць граматная ўзважаная палітыка, якой мы павінны бяздумна і сьлепа падпарадкоўвацца. Гэтага ня будзе».

Пуцін сказаў, што «калі для шэрагу эўрапейскіх краін нацыянальны гонар — даўно ўжо забытае паняцьце, а сувэрэнітэт — занадта вялікая раскоша, то для Расеі рэальны дзяржаўны сувэрэнітэт абсалютна неабходная ўмова існаваньня».

Пуцін адхіліў магчымасьць руху Расеі па шляху ізаляцыянізму, ксэнафобіі і пошуку ворагаў.

«Мы самі ніколі ня пойдзем па шляху самаізаляцыі, ксэнафобіі, падазронасьці, пошуку ворагаў. Гэта ўсё праявы слабасьці, а мы моцныя і ўпэўненыя ў сабе. Наша мэта — як мага больш набыць раўнапраўных партнэраў як на Захадзе, так і на Ўсходзе».

Ён падкрэсьліў, што Расея ні пры якіх абставінах ня будзе згортваць супрацоўніцтва з Эўропай і Амэрыкай, адзначыўшы пры гэтым, што краіна мае намер разьвіваць традыцыйныя сувязі з Паўднёвай Амэрыкай, а таксама супрацоўнічаць з краінамі Блізкага Ўсходу і Афрыкі.

Пры гэтым Пуцін заявіў, што пазыцыя Расеі адносна сувэрэнітэту былых савецкіх рэспублік, у тым ліку Ўкраіны, не зазнала зьмен: Масква ставіцца да яго з павагай.

Паводле Пуціна, «добра вядома, што Расея ня толькі падтрымала Ўкраіну і іншыя брацкія рэспублікі былога СССР у іх імкненьні да сувэрэнітэту, але і ў значнай ступені спрыяла гэтаму працэсу на мяжы 90-х гадоў». «З тых часоў у нашай пазыцыі нічога не зьмянілася», сказаў Пуцін і дадаў, што «кожны народ мае неад’емнае сувэрэннае права на ўласны шлях разьвіцьця, на выбар саюзьнікаў, форму палітычнай арганізацыі грамадзтва, пабудова эканомікі і забесьпячэньне сваёй бясьпекі... Гэта ў поўнай меры датычыцца і Ўкраіны, братняга ўкраінскага народу».

Назіральнікі з Расейскай службы нашага радыё зьвяртаюць увагу на рэзкі тон першай часткі Пуцінскай прамовы.

«Калі б усяго гэтага не было (канфлікту на Украіне — РС), прыдумалі б што-небудзь яшчэ, каб стрымаць растучыя магчымасьці Расеі... Чым больш мы апраўдваемся, тым больш бессаромна і агрэсіўна паводзяць сябе нашы апанэнты... Нас з задавальненьнем пусьцілі б па югаслаўскім сцэнары распаду. Ня выйшла. Мы не дазволілі. Гэтак жа, як ня выйшла і ў Гітлера».

Наконт Крыму Пуцін заявіў, што з Крыму і Херсанэсу пачалася адзіная расейская нацыя.

Палітоляг: Пазыцыя Пуціна па Ўкраіне абсалютна не зьмянілася

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў называе галоўным з той часткі пасланьня Ўладзімера Пуціна, якое тычыцца сытуацыі вакол Украіны, нязьменнасьць пазыцыі расейскага кіраўніка:

«Я быў упэўнены, што так і будзе. Ніякіх падставаў для зьмяненьня пазыцыі Пуціна пакуль няма. Бо тыя праблемы, якія апошнім часам узьніклі ў Расеі, яшчэ не настолькі моцна закранулі яе насельніцтва. Рэйтынг таго ж Пуціна пакуль застаецца ў памерах 80%. І таму ніякіх падставаў чакаць, што кіраўніцтва Расеі памяняе свае падыходы, не выпадала. Я думаю, што такое становішча будзе захоўвацца яшчэ даволі доўга. Калі ж насамрэч адбудзецца нейкая значная зьмена, то Пуцін у такім выпадку можа згубіць даволі шмат у вачах расейскага насельніцтва. Таму да зьменаў можа прывесьці толькі вельмі моцны прымус».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG