Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ратаваць мяса-малочны экспарт кінулі Сідорскага і Сямашку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ад сёньня Рассельгаснагляд уводзіць забарону на продаж у Расеі мяса васьмі беларускіх прадпрыемстваў. Афіцыйна крок тлумачацца выяўленьнем у прадукцыі мікраарганізмаў, небясьпечных для здароўя. Такім чынам, агульная колькасьць непажаданых вытворцаў дасягнула амаль двух дзясяткаў — іншым доступ на расейскі рынак закрыты ад пачатку тыдня. Тым часам у Маскву выправіліся ўрадавыя перамоўнікі, якія намагаюцца аспрэчыць іншую рэпрэсіўную меру Рассельгаснагляду — спыненьне ад 30 лістапада транзыту сельскагаспадарчых тавараў праз тэрыторыю Беларусі ў Расею і далей у трэція краіны.

Чарговы прадуктовы ўдар Расея нанесла ў самым адчувальным кірунку: на долю забракаваных мясных ды бройлерных фабрык, сярод якіх віцебскія мясакамбінат і бройлерная птушкафабрыка, агракамбінат «Скідзельскі», прадпрыемства «Сервалюкс Агра», мясакамбінаты ў Жлобіне, Калінкавічах, Слуцку, птушкафабрыка «Рассвет», прыпадае абсалютная бальшыня мяснога экспарту ў Расею — блізу паўмільёна тон на суму звыш 300 мільёнаў даляраў. У апошнія гады прадуктовы экспарт у сярэднім складаў 5 мільярдаў даляраў, сёлета з-за праблемаў саюзьніка Беларусь разьлічвала істотна палепшыць гэты паказьнік.

Абмежаваньні на продаж прадукцыі з краіны-суседкі нагляднае ведамства тлумачыць недапушчальным утрыманьнем антыбіётыкаў і мікраарганізмаў. Пры гэтым беларускія лябараторыі заяўляюць, што не знайшлі ніякіх парушэньняў у прадукцыі, узоры якой узятыя на дадатковае дасьледаваньне. Упраўленьне зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня нават прыстрашыла партнэраў: маўляў, калі Расея адмовіцца ад імпарту мяса, знойдуцца іншыя рынкі, бо беларуская прысутнасьць адзначаная ў паўсотні краінаў сьвету.

Тым часам менавіта эўрапейскую шматвэктарнасьць Беларусі ў Маскве лічаць адной з прычын злоўжываньняў. Пасьля ўвядзеньня прадуктовага эмбарга заходнія вытворцы рознымі спосабамі намагаюцца вярнуцца на рынак Расеі, у тым ліку празь беларускія перапрацоўчыя заводы. Прыкладам, цяпер у масавым парадку ў Беларусь завозіцца таннае польскае мяса, «біяграфію» якога прасачыць досыць складана. Гэта пацьвярджае і адзін з былых адказных супрацоўнікаў мясакамбінату на Берасьцейшчыне:

«Трэба аддаць належнае: у Беларусі тэхналёгія вытворчасьці зацьверджаная і яе стараюцца максымальна прытрымлівацца. Але што тычыцца імпарту, то паступае туша, якая потым разьбіраецца і перапрацоўваецца. Якое мяса па тэхналёгіі — невядома, мы ж ня можам узяць аналізы перад канвэерам, ня бачым, што ў ім утрымліваецца. Так, вэткантроль на заводзе бярэ пробы, але нават паводле нашых стандартаў гэта мяса як мяса. А вось колькі яно вырошчвалася, за які тэрмін тую сьвіньню выгадавалі — пытаньне іншае. Ці за чатыры месяцы рознымі антыбіётыкамі і дабаўкамі да патрэбнай вагі давялі, ці ўсё ж, можа, яны год яе расьцілі — ніхто ж праўды таксама ня скажа».

Разруліць сытуацыю з блякадай беларускіх тавараў спрабуе сябра калегіі па прамысловасьці і аграпрамысловым комплексе Эўрапейскай эканамічнай камісіі, экс-кіраўнік ураду Беларусі Сяргей Сідорскі. Напярэдадні ён сустрэўся з кіраўніком Рассельгаснагляду Сяргеем Данквертам, які ня раз выказваў прэтэнзіі на адрас беларускіх партнэраў. У прыватнасьці, была ўзьнятая тэма забароны на транзыт прадукцыі праз тэрыторыі Беларусі і Расеі ў Казахстан. У Маскве лічаць, што Менск хітруе: не давозіць тавар да адрасата, пазначанага ў суправаджальных дакумэнтах, а разгружае фуры на расейскай тэрыторыі. Пра гэта кажуць і ў пункце кантролю «Красная горка» на смаленскім участку беларуска-расейскай мяжы:

«Апошнім часам у прадукцыі, якая паступае з Рэспублікі Беларусь, сталі выяўляцца перавышэньні па астаткавым утрыманьні пэстыцыдаў, што да ўвядзеньня санкцыяў у дадзенай прадукцыі не выяўлялася. Гэта таксама можа служыць ускосным пацьверджаньнем таго, што пад выглядам беларускай да нас паступае прадукцыя з краінаў Эўразьвязу. Ад сярэдзіны жніўня праз „Красную горку“ прайшло больш за 4 тысячы партыяў падкарантынных тавараў, і 80% кіроўцаў прад’яўляюць сэртыфікаты, выдадзеныя ў Беларусі. Што ўжо насьцярожвае».

У сваю чаргу, Сяргей Сідорскі заўважыў, што аднабаковыя абмежаваньні не адпавядаюць заяўленым мэтам Мытнага саюзу — свабоднаму перасоўваньню тавараў і паслугаў у ягоных межах. Паводле беларускага чыноўніка, такія захады могуць мець непажаданыя наступствы для эканомік дзяржаваў-сябраў Эўрапейскай эканамічнай прасторы. Экс-прэм’ер папрасіў не прымаць пасьпешлівых рашэньняў, а наладзіць сумесны кантроль на зьнешніх межах Мытнага саюзу. Таксама Сідорскі рэкамэндаваў устрымацца ад рэпрэсіўных захадаў адносна беларускіх прадпрыемстваў — прынамсі да таго часу, пакуль падазрэньняў не пацьвердзяць беларускія лябараторыі.

Пра гэта ж ідзе размова на сустрэчы ў Маскве віцэ-прэм’ера расейскага ўраду Аркадзя Дварковіча і першага віцэ-прэм’ера Беларусі Ўладзімера Сямашкі. У беларускім Мінсельгасхарчы пацьвердзілі, што ў цэнтры ўвагі бакоў — праблемы з пастаўкамі харчаваньня ў Расею. Плянуецца калі ня вырашыць, то, прынамсі, абмеркаваць пытаньні забароны доступу на расейскі рынак прадукцыі амаль двух дзясяткаў мясных і малочных камбінатаў, а таксама транзыт празь Беларусь у Казахстан тавараў з Эўразьвязу, якія падпадаюць пад гандлёвае эмбарга Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG