Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не даюць зарабіць на санкцыях


Пакупніца ў маскоўсім гіпэрмаркеце
Пакупніца ў маскоўсім гіпэрмаркеце

Расейскае ведамства кантролю за якасьцю прадукцыі — Рассельгаснагляд — працягвае бракаваць беларускіх вытворцаў. Да дзесяці прадпрыемстваў, якім з прычыны неадпаведнай якасьці прадукцыі доступ на расейскі рынак забаронены ад 24 лістапада, заўтра дададуцца яшчэ восем. Рэпрэсіўныя захады тлумачацца нібыта выяўленымі ў правераным асартымэнце антыбіётыкаў ды мікраарганізмаў, шкодных для здароўя. Апроч таго, расейскі бок патрабуе ад Менску спыніць транзыт празь Беларусь тавараў, маршрут сьледаваньня якіх праходзіць праз Расею — Рассельгаснагляд лічыць, што асноўная маса прадукцыі не даходзіць да заяўленага адрасата, а рэалізуецца на расейскай тэрыторыі.

У Дэпартамэнце вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі запэўнілі: па кожным з прадпрыемстваў, у прадукцыі якіх Рассельгаснагляд выявіў санітарныя парушэньні, створана камісія. Беларускія адмыслоўцы абяцаюць правесьці дэталёвае дадатковае дасьледаваньне ўзораў забракаванай прадукцыі ў сваіх лябараторыях, вынікі працы якіх прызнаюцца расейскім бокам. Там удакладнілі, што праца зойме больш за тыдзень і вынікі будуць агучаныя на пачатку сьнежня. Але, як кажа начальнік галоўнага ўпраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці міністэрства Аляксей Багданаў, папярэднія аналізы не пацьвярджаюць высноваў расейскіх калегаў:

«Гэтае пытаньне, вядома, нас хвалюе, бліжэйшым часам мы зь ім разьбяромся — прэтэнзіі расейскага боку прад’яўленыя лічаныя дні таму. Але пакуль што беларускія лябараторыі не выяўляюць таго, што знаходзяць расейскія. Пры гэтым адзначу, што мы ўвесь час працуем над дывэрсыфікацыяй экспарту, Беларусь экспартуе сваю прадукцыю ня толькі ў Расею. І калі Расея не захоча купляць нашу прадукцыю, мы знойдзем, куды яе прадаць».

Пры гэтым няма гарантыі, што пакуль экспэрты будуць пераправяраць дадзеныя, колькасьць забароненых прадпрыемстваў не пашырыцца нашмат больш за цяперашнія два дзясяткі — Рассельгаснагляд абяцае праманіторыць усіх беларускіх пастаўшчыкоў. Пасьля абвяшчэньня заходніх санкцыяў і ўвядзеньня расейскага прадуктовага эмбарга Беларусь пачала перапрацоўваць на сваіх заводах і замежную сыравіну, якая, на думку Масквы, мае досыць сумнеўную якасьць. Пры гэтым асноўная частка гатовай прадукцыі накіроўваецца якраз у Расею. Адметна, што ў офісах камбінатаў салідарна адмаўляюцца камэнтаваць апошнія абмежаваньні Рассельгаснагляду, хоць яшчэ нядаўна ахвотна гаварылі пра надуманасьць падобных прэтэнзіяў.

Апроч таго, расейскае ведамства папрасіла беларускіх калегаў спыніць ад 30 лістапада афармленьне таварных партыяў прадукцыі, якая накіроўваецца ў Казахстан і трэція краіны. Прычына — жаданьне ліквідаваць каналы паставак харчаваньня зь дзяржаваў, якія падпалі пад расейскае эмбарга. У Рассельгаснаглядзе заяўляюць, што апошнім часам такая прадукцыя ўсё часьцей увозіцца ў Расею зь Беларусі нібыта дзеля транзыту, а ў выніку рэалізуецца на расейскай тэрыторыі. Вось жа, ад 30 лістапада харчовы транзыт будзе дазволены толькі праз пункты пропуску на расейскім участку мяжы Мытнага саюзу. Такім чынам, заявілі ў ведамстве, спробы скіравацца ў Казахстан празь Беларусь будуць расцэньвацца як незаконныя.

Ці абгрунтаваныя падазрэньні Масквы на адрас бліжэйшага саюзьніка, для якога падобныя захады абарочваюцца стратай стратэгічнага рынку? І ці не перайшоў рысу дазволенага Менск, злоўжываючы саюзнымі адносінамі? Вось што лічыць экспэрт у аграрнай галіне Анатоль Гуляеў:

Анатоль Гуляеў
Анатоль Гуляеў

«Тое, што беларусы маюць такое спадзяваньне, каб нешта зарабіць на транзыце празь Беларусь таго, што забаронена расейскім эмбарга, дык гэта відавочна. Хочуць, зразумела, скарыстацца момантам. А Расея, у сваю чаргу, заклапочаная тым, каб ня даць скарыстаць гэты канал паставак. І тут справа ня ў тым, саюзьнікі гэта ці не, — проста Масква як можа абараняе свае інтарэсы і не гатовая закрываць вочы на злоўжываньні. Тым ня меней я ня думаю, што ў нас ніхто не клапоціцца пра наступствы — ёсьць у адміністрацыі шмат разумных людзей, якія пра гэта думаюць. Іншая справа, што не заўсёды выходзіць так, як хочацца. Ёсьць розныя людзі, ёсьць прыватныя інтарэсы, ёсьць бізнэс, які лабіруе свае схемы. Але агулам меркаваць, што ніхто не пралічвае магчымых наступстваў, нельга».

Тым ня меней расейскі бок усё больш рашуча абвінавачвае Беларусь у падвойнай гульні. Паводле афіцыйнай статыстыкі, пасьля таго як сёлета ў жніўні Расея адказала харчовым эмбарга на санкцыі Захаду, пастаўкі беларускіх сыроў вырасьлі амаль на 50% у параўнаньні з папярэднім месяцам, сухіх малочных прадуктаў — на 27%, масла — на 30%. Далей дынаміка толькі нарастала, паралельна прадэманстраваўшы іншую тэндэнцыю — істотны рост імпарту ў Беларусь. Так, у верасьні малочных прадуктаў з краінаў Эўразьвязу пастаўлена ў 100 разоў больш, чым за такі ж пэрыяд летась, трафік садавіны, гародніны, рыбы таксама вырас у разы — адна толькі Нарвэгія павялічыла пастаўкі морапрадуктаў утрая. Ільвіная доля гэтай прадукцыі ў выніку трапляла ў Расею, у тым ліку пад прыкрыцьцём транзыту ў Казахстан.

Чыноўнікі увесь час паўтараюць, што надпіс «Зроблена ў Беларусі» — гэта брэнд, і адной гэтай згадкі хапае, каб падкрэсьліць заведамую якасьць прадукцыі. Але ці не рызыкуе брэнд дзякуючы апошнім скандалам займець зусім іншую рэпутацыю? Гаворыць былы намесьнік старшыні Менскага аблвыканкаму, адказны за аграрны сэктар — Аляксандар Ярашук:

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

«Хачу пацьвердзіць, што гэта ўжо насамрэч мае месца ў Расеі. Я ня так даўно быў у Санкт-Пецярбургу, у мяне там камунікацыі, якія носяць сталы характар, прычым як з прадстаўнікамі расейскіх элітаў, так і з шараговымі грамадзянамі. Дык вось у масе сваёй такое паняцьце беларускага брэнду пакуль ёсьць. І гэта добра. Нягледзячы на татальны падман, на тое, што падсоўваюць мяса, якое ўжо далёка не беларускае, і малочныя прадукты, якія таксама часьцяком ня толькі беларускія. Але ж гэта якраз найлепшы сродак і найкарацейшы шлях брэнд у канчатковым выніку дыскрэдытаваць, пусьціць зь ветрам усё тое, што апошнімі гадамі зроблена дзякуючы намаганьням працаўнікоў аграпрамысловага комплексу, якім, я гэта добра ведаю, уласьцівыя і пачуцьцё адказнасьці, і граматны падыход да таго, каб вырабляць якасную прадукцыю. Самае дрэннае, што насамрэч можа адбывацца, адбываецца і адбудзецца ў канчатковым выніку, — гэты брэнд можа быць проста пастаўлены пад вялікі сумнеў і ўрэшце страчаны».

Варта згадаць, што Аляксандар Лукашэнка неаднаразова называў прэтэнзіі з боку Расеі надуманымі, а тэму рээкспарту забароненых прадуктаў і нямэтавага транзыту — ня вартай і выедзенага яйка. Але выглядае, што для Расеі гэтая тэма набывае надзвычайную важнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG