Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэргасан: сапраўдная прычына выбуху


У Фэргасане не спыняюцца хваляваньні, што пачаліся пасьля рашэньня прысяжных па справе паліцэйскага, які застрэліў падлетка.

Хваляваньні ды пагромы ў Фэргасане, якія працягваліся ў аўторак другую ноч запар, нягледзячы на заклікі прэзыдэнта Абамы да пратэстоўцаў праяўляць сваё абурэньне ў «канструктыўнай» форме, выклікалі хвалю камэнтароў у прэсе пра тое, што стаіць за пратэстамі, якія ператварылася ў гвалт.

Пагромы ў Фэргасане, да якіх, як мяркуюць назіральнікі, былі гатовыя ўлады Місуры за некалькі дзён да вынясеньня рашэньня вялікім журы, пачаліся ў панядзелак увечары адразу пасьля таго, як стала вядома, што няма падставаў прыцягваць да суду паліцэйскага Дэрыла Ўілсана, які застрэліў 18-гадовага Майкла Браўна. Што сабой уяўляе вялікае журы і якая яго роля ў амэрыканскай праваахоўнай сыстэме? Пытаньне да амэрыканскага правазнаўцы, супрацоўніцы Манхэтэнскага інстытуту Хэзэр Макдональд:

— Вялікае журы адыгрывае ролю варты на шляху да судовага працэсу. Яго мэта — абараніць правы абвінавачаных, вырашыўшы, ці ёсьць дастатковыя падставы для перадачы іх суду. Члены вялікага журы разглядаюць доказы, сабраныя сьледзтвам, апытваюць сьведак і выносяць на іх падставе сваё рашэньне. У дадзеным выпадку, яны вырашылі, што няма прыкметаў зьдзяйсьненьня паліцыянтам Уілсанам злачынства.

— Тым ня менш, адвакат сям’і загінулага заявіў, што вялікае журы было не аб’ектыўным, паколькі большасьць у ім складалі белыя амэрыканцы, у той час, як забіты — афраамэрыканец.

— Склад журы адлюстроўваў расавы склад акругі Сэнт-Луіс, дзе знаходзіцца Фэргасан. Трое з дванаццаці прысяжных былі афраамэрыканцы. На мой погляд, заявы пра тое, што ў сілу гэтага журы вынесла неаб’ектыўнае рашэньне, папросту недарэчныя. Паводле такой лёгікі, прыходзіш да высновы, што любы белы амэрыканец адчувае прадузятасьць у адносінах да чарнаскурым амэрыканцаў. Для такіх абвінавачваньняў не існуе ніякіх падстаў.

— Але гэтым рашэньнем патэнцыйныя праблемы паліцэйскага не закрываюцца, бо вядзецца фэдэральнае расьсьледаваньне гэтага інцыдэнту?

— Фэдэральны ўрад мае права перасьледу за парушэньне фэдэральных законаў, якія абараняюць правы чалавека. У гэтым выпадку паліцэйскаму, скажам, могуць прад’явіць абвінавачваньні ў парушэньні грамадзянскіх правоў Майкла Ўілсана, калі матывам забойства была расавая нянавісьць. І пакараньне ў выпадку прызнаньня вінаватым можа быць вельмі сур’ёзным.

Арч Падынгтан, віцэ-прэзыдэнт праваабарончай арганізацыі Freedom House, які браў удзел у сямідзесятых гадах мінулага стагодзьдзя ў руху за раўнапраўе ў ЗША лічыць, што тое, што адбываецца ў Фэргасане, неабходна разглядаць у шырокім гістарычным і сацыяльным кантэксьце:

— За плячыма чарнаскурых амэрыканцаў працяглая гісторыя: некалькі стагодзьдзяў рабства, затым яны былі аб’ектам дыскрымінацыі — фармальнай, з дапамогай ўзаконенай сэгрэгацыі і нефармальнай, у выніку расавых забабонаў — яшчэ каля стагодзьдзя. Гэтая гістарычная памяць — важная частка самаадчуваньня афраамэрыканцаў. Многія зь іх да гэтага часу лічаць, што яны застаюцца аб’ектам расавай дыскрымінацыі. Гэта першае. Другі важны аспэкт гэтай гісторыі — стаўленьне афраамэрыканцаў да паліцыі. Справа ў тым, што на чарнаскурых амэрыканцаў прыпадае надмерна вялікі працэнт цяжкіх злачынстваў — забойстваў, рабаваньняў. Яны складаюць прыкладна трынаццаць адсоткаў насельніцтва, але каля сарака адсоткаў зьняволеных. Гэта азначае, што яны значна часьцей, чым іншыя амэрыканцы сутыкаюцца з паліцыяй, з другога боку, паліцыя непазьбежна з большай падазронасьцю ставіцца да чарнаскурых, асабліва маладых мужчын. На жаль, нярэдка гэтая падазронасьць апраўданая. І гэта само па сабе, так бы мовіць, таксычныя адносіны.

Трэба сказаць, што за апошнія дзесяцігодзьдзі сытуацыя прыкметна зьмянілася да лепшага. Перш адкрытая дыскрымінацыя была нормай у многіх гарадах, дзе белыя складалі большасьць у паліцэйскіх участках і праяўлялі адпаведнае стаўленьне да чарнаскурых грамадзянаў. Цяпер этнічны склад паліцыі больш адпавядае этнічнаму складу насельніцтва, афраамэрыканцы складаюць значна большы працэнт асабістага складу паліцыі ў вялікіх гарадах, паліцыянты абавязкова праходзяць падрыхтоўку ў галіне расавых адносін.

— Але ў Фэргасане пераважная большасьць паліцэйскіх белыя, гэта зьяўляецца адной з падстаў для распальваньня запалу?

— Фэргасан — гэта своеасаблівае месца. Некалі гэта быў амаль пагалоўна белы прыгарад Сэнт-Луіса, затым расавы яго склад рэзка зьмяніўся, але там да гэтага часу белыя амэрыканцы дамінуюць у палітычным кіраўніцтве. Белыя складаюць і большасьць у паліцыі, хоць цяпер афраамэрыканцаў — каля васьмідзесяці адсоткаў насельніцтва. Гэта дзіўны і рэдкі выпадак для сёньняшняй Амэрыкі.

— Што вы адчуваеце, назіраючы за тым, што адбываецца ў Фэргасане?

— Я не магу сказаць, што асабліва сымпатызую пратэстоўцам, якія выказваюць свае пачуцьці такім чынам. Я падазраю, што значную ролю ў гэтых выступах адыгрываюць мясцовыя падбухторшчыкі і іх аднадумцы, якія прыбылі ў Фэргасан выключна з мэтай распальваньня жарсьцяў. Забойства падлетка паліцэйскімі — гэта трагічны, але вельмі рэдкі выпадак. Разам з тым, пратэсты, на мой погляд, паказваюць на існуючую сур’ёзную праблему эканамічнай няроўнасьці. Чаму афраамэрыканцы прыкметна адстаюць ад астатніх этнічных груп у даходах, ва ўзроўні занятасьці, як і па многіх іншых сацыяльных і эканамічных паказчыках? На мой погляд, менавіта гэты фэномэн зьяўляецца галоўным раздражняльнікам для афраамэрыканцаў. Аднак пакуль незразумела, як вырашыць гэтую праблему. Шматлікія прэфэрэнцыі для расавых меншасьцяў у эканамічнай і сацыяльнай галінах, уведзеныя ў апошнія пяцьдзесят гадоў, па вялікім рахунку не працуюць. Пратэстоўцы ў Фэргасане вінавацяць у сваіх праблемах расавыя забабоны, але гэта значна больш складанае пытаньне, — кажа Арч Падынгтан, віцэ-прэзыдэнт праваабарончай арганізацыі Freedom House.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG