Аляксандар Лукашэнка працягвае наводзіць парадак у краіне. Ужо 20 гадоў. А парадку ўсё няма. Гэтым разам аб’ектам ягонага дзяржаўнага клопату стала сфэра адукацыі. На сэмінары з студэнтамі, выкладчыкамі і выпускнікамі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка ён абазначыў праблемы ў адукацыйнай сыстэме і анансаваў зьмены.
Неабходнасьць пераменаў кіраўнік дзяржавы патлумачыў так:
«Я ўжо заракаўся, што мы ні ў якім выпадку больш ня будзем рэфармаваць адукацыю. Таму што дарэфармаваліся ў свой час да таго, што давялося ўсё ламаць, пераварочваць і вяртаць усё лепшае, прыстасоўваючыся да добрага сучаснага. Думаў, усё, адукацыю больш чапаць ня будзем. Але нічога не атрымалася, таму што жыцьцё нас прымушала ісьці наперад, пачынаючы ад цэнтралізаванага тэставаньня і заканчваючы іншымі працэсамі. І я ўбачыў, што мы проста адстаём у сучасных умовах ад патрабаваньняў жыцьця».
Нагадаю, пра што тут гаворыць Лукашэнка. У 1998 годзе была прынятая праграма пераходу школы на 12-гадовы тэрмін навучаньня. А ў 2008 г., калі рэалізацыя праграмы набліжалася да фінішу, пастанавілі ўсё перайграць і вярнуцца да 11-годкі. Гэта настолькі пярэчыла ўсясьветнай тэндэнцыі (12-годка існуе ў большасьці дзяржаў), што нават тагачасны міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў быў супраць. Але Лукашэнка прыслухаўся да думкі акадэміка Анатоля Рубінава, які аргумэнтаваў вяртаньне назад спасылкай на досьвед той савецкай школы 1950-х гадоў, калі ён сам вучыўся.
Вынікі «контрарэформы» выявіліся катастрафічнымі. Сыстэма адукацыі развальваецца проста на вачах. Вынікі цэнтралізаванага тэставаньня паказваюць, што сярэдні бал па фізыцы і матэматыцы фактычна не падымаецца вышэй за 20 паводле 100-бальнай шкалы. Гэта двойка нават па пяцібальнай сыстэме. А па прынятай цяпер у адукацыі дзесяцібальнай сыстэме — гэта «адзінка». Знаёмыя выкладчыкі ўнівэрсытэтаў расказваюць жахі пра ўзровень ведаў выпускнікоў школ. І гэта ва ўмовах, калі ўлады абвясьцілі курс на пабудову інавацыйнай эканомікі.
І вось Лукашэнка нарэшце прыйшоў да высновы, што ў гэтай сфэры трэба нешта мяняць. Па бюракратычнай завядзёнцы была створана камісія. Але, паводле словаў кіраўніка дзяржавы, яна падрыхтавала даклад, у якім прадставіла сытуацыю ў адукацыі ў найлепшым выглядзе. (Мусіць, камісію склалі з чыноўнікаў сыстэмы адукацыі, а хто ж будзе ганіць сябе?) Лукашэнка адзначыў, што яго гэта насьцярожыла, а таму была створана другая група, каб яшчэ раз вярнуцца да вывучэньня праблемаў у школе і ў ВНУ.
На мой погляд, наўрад ці гэтая бюракратычная мітусьня прывядзе да значнага прагрэсу ў сфэры адукацыі. Бо на гэтым шляху існуюць прынамсі чатыры перашкоды, якія ў межах цяперашняй сыстэмы пераадолець немагчыма.
Галоўная функцыя сыстэмы адукацыі ў Беларусі — ня ўзровень ведаў, ня якасьць падрыхтаваных спэцыялістаў, а забесьпячэньне палітычнай ляяльнасьці моладзі дзейнаму рэжыму
Па-першае, галоўная функцыя сыстэмы адукацыі ў Беларусі — ня ўзровень ведаў, ня якасьць падрыхтаваных спэцыялістаў, а забесьпячэньне палітычнай ляяльнасьці моладзі дзейнаму рэжыму. Таму звальняюцца найбольш таленавітыя настаўнікі школ і выкладчыкі ўнівэрсытэтаў, выключаюцца студэнты, калі яны аказваюцца недастаткова адданымі рэжыму. А якасьць адукацыі застаецца на другім месцы. Кіраўніка навучальнай установы могуць звольніць не за дрэннае навучаньне, а за тое, што ягоныя школьнікі ці студэнты ўдзельнічалі ў апазыцыйным мітынгу. Галоўная хіба міністра адукацыі, на думку Лукашэнкі, палягае ў тым, што ягоныя дзеці жывуць у ЗША.
Па-другое, у Беларусі не існуе рынкавага асяродзьдзя. Таму няма мэханізму выяўленьня лепшых ВНУ і адмыслоўцаў, якіх яны выпускаюць, ды адбракоўкі горшых. Дыплём выпускніка БДУ і Палескага ўнівэрсытэту (дый яшчэ завочніка) на рынку працы каціруецца абсалютна аднолькава. То навошта старацца, імкнуцца падвышаць якасьць адукацыі?
Па-трэцяе, у межах жорсткай адміністрацыйнай сыстэмы кіраваньня, бюракратычнай цэнтралізацыі прастора для творчасьці навучальных установаў вельмі вузкая. А яна немагчымая бязь іхняй самастойнасьці. Сам Лукашэнка прызнаў, што сыстэма адукацыі моцна забюракратызаваная, з настаўнікаў патрабуюць справаздач, усякай пісаніны, акрамя плянаў уроку, у тры разы больш, чым асноўная нагрузка. Пра гэтую праблему гавораць ужо шмат гадоў, а воз і цяпер там. Бо ў межах цяперашняй сыстэмы па-іншаму быць ня можа. Вось чаму, напрыклад, у эканоміцы, нягледзячы на ўсю крытыку, асноўным у ацэнцы працы прадпрыемстваў застаюцца валавыя паказчыкі? Бо гэта самы просты спосаб кантролю зьверху за працай дырэктарату. Так і ў адукацыі. Паводле якіх крытэрыяў вялізны бюракратычны апарат можа кантраляваць працу навучальных устаноў? Зразумела, па справаздачах. Хто лепш умее іх рабіць, той і лепшы выкладчык.
Па-чацьвёртае, Лукашэнка закрануў тэму прэстыжу настаўніка. Сёньня гэты прэстыж — ніжэй за плінтус. Бо, найперш, нізкія заробкі. Але гэтая праблема ня мае рашэньня, бо ў паліцэйскай дзяржаве прафэсар ня можа зарабляць больш, чым сяржант АМАПу.