Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі — 18 мільёнаў невыязных. У іх няма альтэрнатывы, апроч Беларусі


Ці не рызыкуюць застацца без кліентаў беларускія цэнтры адпачынку, санаторыі, аграсядзібы? За паўтара месяца да навагодніх вакацыяў выстаўленыя цэньнікі на паслугі перавышаюць нават эўрапейскія, а чаканага нашэсьця расейцаў з-за фінансавага крызісу можа і ня здарыцца.

Беларусь абдзеленая гарамі, але гарналыжны турызм пастаўлены ў адзін шэраг зь іншымі відамі адпачынку. Курортамі-флягманамі лічацца рэспубліканскі цэнтар «Сілічы», прыватны спартова-аздараўленчы комплекс «Лагойск» і шматфункцыянальная база «Раўбічы». У офісах арганізацыяў кажуць, што яшчэ ёсьць «унікальная магчымасьць» заскочыць у апошнія вагоны навагодняга цягніка, і прапануюць «прыемныя кошты» на інтэрнэт-старонках.

Цікавяць перадусім сьвяточныя дні, на якія асабліва спадзяюцца гаспадары. У «Сілічах» менш як за 100 даляраў на суткі з чалавека нічога няма: двухмесцавы нумар — каля 120 даляраў, плюс 107 — за падсяленьне на дадатковае месца. Нумары люкс і катэджы, натуральна, даражэйшыя. Па 50 даляраў спаганяецца за дзяцей да 6 гадоў. Гэта, зрэшты, яшчэ ня так адчувальна ў параўнаньні з пакетнымі прапановамі на сам Новы год. Так, трохдзённы адпачынак з 31 сьнежня да 3 студзеня ў двухмесцавым люксе ацэнены ў 718 даляраў з кожнага пастаяльца (падсяленьне — 655, дзеці — 176). Шасьцідзённы заезд — блізу 1000 даляраў на чалавека, на 11 начэй — без малога 2000. Дзеці — 350 і 650 даляраў адпаведна.

Такім чынам, менш як тыднёвы заезд сям’і з трох чалавек абыдзецца наведнікам «Сілічаў» у 2000 даляраў з гакам у трохмесцавым нумары. Люксы і катэджы — адпаведна, нашмат больш. Але нават пры такіх цэнах, як кажуць у адміністрацыі, вакантных месцаў засталіся адзінкі:

«Ад 31 сьнежня да 3 студзеня ў нас усе месцы ўжо забраніраваныя — гэтаксама, зрэшты, як і ад 3-га да 8-га. Ёсьць яшчэ невялікі варыянт „уклініцца“, бо літаральна 2–3 нумары пакуль не праплочаныя, і ня выключана, што бронь яшчэ здымуць. Таму можна дасылаць заявачку ў рэзэрв — ці мала што? Можа, нават хто і заплаціў загадзя, а потым пляны зьменяцца. Усялякае здараецца».

Юры Чыж
Юры Чыж

У комплексе «Лагойск», які належыць праўладнаму бізнэсоўцу Юрыю Чыжу, цэньнік на навагоднія сьвяты больш прымальны. У прамежку з 30 сьнежня па 11 студзеня агулам двухмесцавы нумар каштуе ў эквіваленце 150 даляраў за суткі, трохмесцавы — 200 даляраў. Як звычайна, у 50 даляраў абыдзецца падсяленьне. Паўлюкс — 180 даляраў; за асобныя дамкі, залежна ад колькасьці пакояў, трэба выкласьці ад 250 да 700 даляраў штосуткі. У офісе паведамілі, што на гэты момант засталіся толькі па адным двухмесцавым і трохмесцавым нумары.

Адносна даступныя на гэтым тле тарыфы ў «Раўбічах». Зрэшты, і сэрвіс там адпаведны — два гатэлі 1970–80-х гадоў пабудовы. Але нават тут кошт адпачынку параўнальны з прыроднымі курортамі ў Польшчы ці Славаччыне: нумар на дваіх менш як на тыдзень — 460 даляраў.

Дзеля параўнаньня: як вынікае з прапановаў на сайтах турапэратараў, шасьцідзённыя вакацыі ў польскім Закапанэ ў двухмесцавым нумары каштуюць 550 даляраў, у славацкіх Татрах — 500 даляраў, а ва ўкраінскіх Карпатах — крыху больш за 400 даляраў. І гэта з улікам візавай падтрымкі, харчаваньня і выдаткаў на дарогу.

Адмыслоўцы канстатуюць, што на час сьвятаў санаторыі, аграсядзібы, гарналыжныя курорты выстаўляюць неадэкватныя кошты ў разьліку перадусім на расейскую публіку, якая не таргуецца і гатовая на любыя ўмовы. Гэтым разам, удакладняе старшыня праўленьня аб’яднаньня «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова, змагаюцца за кошты нават яны. Між тым, на яе думку, шмат у якіх расейцаў проста няма альтэрнатывы — вонкавыя санкцыі і ўнутраныя абмежаваньні робяць мільёны грамадзянаў краіны невыязнымі:

Валерыя Кліцунова
Валерыя Кліцунова

«Я толькі што вярнулася з Масквы, і ў сваім выступе прэсавы сакратар расейскага Саюзу турапэратараў Ірына Цюрына агучыла для мяне фантастычную лічбу. Як думаеце, колькі расейцаў ня маюць выезду ў Эўразьвяз, у ЗША? 18 мільёнаў! Пайшлі „высякаць“ цалкам па сфэрах дзейнасьці, па прадпрыемствах, перадусім вайсковай галіны. Лічы, што 10% насельніцтва, прычым досыць платаздольнага. Таму, у прынцыпе, Беларусь мае нядрэнныя шанцы зарабіць — расейцам няма куды надта падацца, толькі калі ехаць па сваёй Расеі. Зь іншага боку, Беларусь выставіла неадэкватныя кошты. Ня толькі гарналыжныя комплексы, але і санаторыі, і аграсядзібы. Таму спадзяюся, што ўсё рассудзіць рынак. Ад гаспадароў сядзібаў я ўжо чула, што расейцы пачалі таргавацца і зусім ня так лёгка рэагуюць на кошты, як раней. Яшчэ раз кажу: рынак, вядома, рассудзіць, бо фінансавае становішча расейцаў зьмяняецца, і зусім ня ў лепшы бок».

Ад гаспадароў сядзібаў я ўжо чула, што расейцы пачалі таргавацца і зусім ня так лёгка рэагуюць на кошты, як раней.

Ці можа здарыцца, што сёлета ля разьбітага карыта апынуцца ня столькі расейцы, колькі беларусы? Зусім не падобна да таго, што цэньнік на адпачынак будзе моцна зьніжацца, хоць да сьвятаў застаецца менш як паўтара месяца. Валерыя Кліцунова на гэты конт трымаецца такой думкі:

«Будуць сядзець без турыстаў — апусьцяць. Насамрэч у апошнюю хвіліну ніхто не прыедзе, бо ня толькі расейцы, а нават ужо і нашы думаюць наперад. Адзінае, што ў характарыстыцы рынку ёсьць такое паняцьце ў турызьме — „глыбіня продажаў“, то бок — за які час куплены тур. І калі раней расейцы за 3–5 месяцаў браніравалі, цяпер яны чакаюць апошняга моманту. Дапусьцім, калі турапэратар, — глядзяць, ці ён не збанкрутаваў, ці ня зьменіцца кошт з дэвальвацыяй. У такой сытуацыі ня выключана, што пачнуць актывізавацца нават у сьнежні. Пры гэтым нейкія эксклюзіўныя, добрыя сядзібы, якія маюць сталых кліентаў, прадаюцца за год наперад — кліенты выяжджаюць і адразу браніруюць на наступны раз. Мяркую, што кошты апускаць усё ж давядзецца — паглядзім, як рынак адрэагуе. Праблемы ў Расеі вялікія, што тут і казаць. А тое, што нашы на іх заўсёды былі настроеныя, дык гэта факт».

Летась, паводле ацэнкі амбасады Расеі ў Беларусі, падчас навагодніх вакацыяў на беларускай зямлі бавілі час блізу 1 мільёна расейцаў. Ці ўдасца дасягнуць зададзенай плянкі сёлета — стане зразумела неўзабаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG