Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курсы «Моваведа» ўсё ж распачынаюць працу ў Горадні


Тацяна Сушко
Тацяна Сушко

Памяшканьне для заняткаў бясплатных курсаў беларускай мовы «Моваведа» дапамаглі знайсьці арганізатары падобных курсаў «Мова нанова». Яшчэ ўчора арганізатарка «Моваведа» ў Горадні Тацяна Сушко, атрымаўшы адмову ў правядзеньні заняткаў у касьцёле, не была ўпэўненая, што першыя заняткі адбудуцца.

Тацяна Сушко апавяла Свабодзе, што ў інтэрнэце на яе праблему адгукнуліся арганізатары гарадзенскіх курсаў беларускай мовы «Мова нанова» і дапамаглі з памяшканьнем. Тацяна кажа, што ўчорашнія хваляваньні ўжо мінуліся, і цяпер распавядае, што будзе прапанавана слухачам на першых занятках:

«Тэма сёньняшніх заняткаў: словы прывітаньня, разьвітаньня, падзякі, просьбы, прабачэньня. Гэта будзе ў першай палове, у другой палове заняткаў адбудуцца оксфардзкія дэбаты. Удзельнікі падзеляцца на каманды, будуць судзьдзі. Спадзяюся, што ўсім спадабаецца».

Сёньня ж удзел у першых занятках у Горадні возьме арганізатар курсаў «Моваведа» ў Менску Аляксей Шэін. У яго я пацікавіўся: што ён думае наконт таго, што ў касьцёле забаранілі праводзіць іхнія курсы? Шэін перакананы, што перастрахаваліся мясцовыя чыноўнікі.

Ён нагадаў, як нядаўна ў Горадні сарвалі прэзэнтацыю кнігі Віктара Марціновіча «Мова», хоць у іншых гарадах Беларусі такія прэзэнтацыі адбываліся безь перашкодаў з боку ўладаў.

Хутчэй за ўсё, гэта ініцыятыва мясцовых чыноўнікаў, якія вырашылі перастрахавацца

Шэін: «Відавочна, што ня сам пробашч касьцёла вырашыў адмяніць, бо калі ініцыятарка зь ім дамаўлялася аб правядзеньні курсаў, усё было нармальна, ён даў дазвол. А потым ён патэлефанаваў і адмовіў, пры гэтым ня мог патлумачыць, зь якой прычыны. Хутчэй за ўсё, гэта ініцыятыва мясцовых чыноўнікаў, якія вырашылі перастрахавацца. Да іх яшчэ не дайшлі гэтыя новыя павевы зь Менску, і яны на ўсякі выпадак робяць так, абы чаго ня сталася».

Арганізатар гарадзенскіх бясплатных курсаў «Мова нанова» Ігар Кузьмініч заўважыў Свабодзе, што ў такой сытуацыі, у якой апынуліся ягоныя калегі з «Моваведы», на дапамогу павінен прыйсьці кожны, хто гэта мог бы зрабіць. Таму ён нават і не задумваўся, калі пабачыў абвестку ў інтэрнэце, што ягоныя калегі шукаюць памяшканьне для правядзеньня курсаў беларускай мовы.

Кузьмініч таксама выказаўся наконт камэнтароў, якія зьявіліся на адным з гарадзенскіх блогаў пад інфармацыяй аб правядзеньні курсаў беларускай мовы — кшталту таго, «навошта, маўляў, нам беларуская мова і за якія грошы яе нам навязваюць». Ён зьвярнуў увагу на тое, што ўсе нэгатыўныя камэнтары адносна беларускай мовы былі ў мінусах, а ўсе пазытыўныя — у плюсах. Так, маўляў, рэагуюць чытачы.

Кузьмініч: «Мне шкада людзей, якія вераць у тое, што ўсё робіцца за грошы. Сытуацыя насамрэч такая, што мы вымушаныя знаходзіць памяшканьне для курсаў толькі там, дзе яго могуць даць бясплатна. І гэта зрабіць нялёгка. Ну, а гэтыя камэнтары і людзі, якія хаваюцца пад гэтымі нікамі, нават не ўяўляюць сабе, што нешта можна зрабіць вось так — ад душы, ад сэрца, а не за грошы».

Першыя заняткі курсаў «Моваведа» — сёньня а 19-й гадзіне на вуліцы Будзённага, 48а, каб. 65.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG