Нягледзячы на запэўніваньні Крамля, што заходнія санкцыі аніяк не зачэпяць дабрабыту расейцаў, эканамічныя рэаліі сьведчаць пра іншае.
Мала таго, што прынятае ў адказ харчовае эмбарга істотна скараціла асартымэнт на паліцах крамаў, дык апошнія два месяцы імкліва таньнее расейскі рубель: адносна даляра расейская валюта абвалілася амаль на 30%, адносна эўра — больш як на 20%. Ці адбіліся расейскія праблемы на беларусах?
Найбольш фінансавы крызіс у Расеі закрануў тых беларускіх грамадзянаў, якія выяжджаюць туды на заробкі. Ад лета рубель абясцэніўся амаль на траціну, як вынік — істотна падвысіліся іншыя выдаткі, перадусім на харчаваньне. Менскі будаўнік Рыгор Сямашка кажа, што калі ў жніўні атрымаў разьлік, роўны ў эквіваленце 1800 даляраў, то ў кастрычніку сума зьменшылася адразу на 200 даляраў, а ў гэтым месяцы лічба можа скласьці 1300–1400. Пры тым, што кошты на харчы падскочылі ў сярэднім на 50%. Спадар Рыгор кажа, што ягоная брыгада спрабавала дамовіцца з працадаўцам наконт індэксацыі заробкаў, але бясплённа — маўляў, пачакайце, хутка ўсё вернецца назад:
«Досыць звыклая сытуацыя, калі нізы спрабуюць узьняць бунт, а вярхі хочуць застацца пры сваім. Яны разумеюць, што нікуды мы ня дзенемся, намагаюцца накруціць сытуацыю, запалохаць. Зразумела, людзі напужаныя, што пазбавяцца працы ўвогуле, некаторыя былі ў паніцы, што фірма лопне. То бок гатовыя былі і супраціўляцца, і капітуляваць, хто як. Але працадаўцы таксама дзейнічаюць, ціснучы на псыхалягічны фактар — спачатку прыстрашылі, а потым кажуць: мы, вядома, можам пайсьці на пэўныя саступкі, але таксама і нас зразумейце — давядзецца падвышаць падатковую нагрузку. У выніку кола замкнулася, чакаем, колькі намалююць за кастрычнік».
Сярэднемесячная налічаная зарплата ў верасьні, паводле ацэнак расейскага ведамства «Росстат», крыху перавысіла 31 тысячу расейскіх рублёў. Пры тагачасным курсе 35 рублёў за даляр сума набліжалася ў эквіваленце да 900 даляраў. За кастрычнік статыстыка ў рублях зьмянілася неістотна, але з улікам дэвальвацыі цяпер гэта не нашмат больш за 600 даляраў. Пры такіх тэмпах абясцэньваньня недалёкі час, калі ўжо расейцы пагоняцца за «цьвёрдым» беларускім рублём.
На побытавым узроўні ваганьні расейскага рубля можна адсачыць па цэньніках любой аўтазалівачнай станцыі. На беларускіх АЗС паліва рэалізуецца за беларускія і расейскія рублі, за даляры і эўра. Нягледзячы на тое, што пералічваць кошты ў канцэрне «Белнафтахім» вырашана паквартальна, для расейскіх тарыфаў зроблена выключэньне — лічбы мяняюцца ў залежнасьці ад біржавых таргоў у Маскве. Дарэчы, сёньня запраўляцца за валюту суседзяў нават выгадней, чым за мясцовую — 44 расейскія рублі за літар 92-га, то бок меней за 1 даляр.
Тым часам ад сёньняшняга дня расейскі Цэнтрабанк канчаткова адпусьціў рубель у вольнае плаваньне, скасаваўшы мэханізм курсавой палітыкі. Як вынікае з адмысловай заявы, інтэрвал дапушчальных значэньняў кошту бівалютнага кошыка адмяняецца, ня будзе больш і рэгулярных інтэрвэнцыяў у межах гэтага так званага «апэрацыйнага інтэрвалу». Фармаваньне рублёвага курсу будзе адбывацца пад уплывам рынкавых фактараў. Праўда, удакладняецца, што валютныя інтэрвэнцыі магчымыя ў выпадку ўзьнікненьня «пагрозы для фінансавай стабільнасьці», каб зьбіць ажыятажны і спэкулятыўны попыт. Захады дзеля ўтаймаваньня рубля пракамэнтаваў на саміце АТЭС у Пэкіне прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін:
«Маючы на ўвазе тыя захады, якія робіць Цэнтральны банк у адказ на дзеяньні спэкулянтаў, думаю, скачкі курсу самым бліжэйшым часам спыняцца. Я перакананы, што ўсе гэтыя падзеі, якія мы цяпер бачым на валютным рынку ў Расеі, абсалютна не зьвязаныя з фундамэнтальнымі эканамічнымі прычынамі і фактарамі. Усё гэта прыйдзе ў адпаведную раўнавагу, бо носіць каньюнктурны, хвілінны характар».
На тле заяваў Пуціна расейскі рубель сапраўды крыху ўмацаваўся: калі пры канцы мінулага тыдня на тле ажыятажу некаторыя банкі прадавалі даляр па 50 рублёў, то па выніках сёньняшніх таргоў гэты паказьнік апусьціўся ніжэй за 46 рублёў. Праўда, ці надоўга — не бяруцца прагназаваць нават актыўныя гульцы фінансавага рынку.
З падачы ўладаў Беларусь прывязаная да Расеі шмат па якіх пазыцыях, аднак на пэрсанальным узроўні залежнасьць не такая значная. Намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Сяргей Дубкоў паведаміў Свабодзе, што на банкаўскіх дэпазытах доля ўкладаў у расейскіх рублях нязначная і складае менш за 5% ад усёй колькасьці зьберажэньняў: «Расейскі рубель ніколі ня быў прыярытэтам для беларускіх укладчыкаў», — канстатаваў банкір:
Мы не павінны перакладаць адказнасьць у нашай эканоміцы на расейскую валюту
«Зразумела, што са зьмяненьнем курсу расейскага рубля пэўныя зьмены адбываюцца і ў нас, але яны нязначныя. Увогуле мы не павінны перакладаць адказнасьць за сытуацыю ў нашых фінансах, у нашай эканоміцы на расейскую валюту. Мы мусім самі лепш працаваць, трэба самім рабіць так, каб ніякія курсавыя зьмены істотна не адбіваліся на беларускіх фінансах».
Як сьведчыць статыстыка, асноўныя трымальнікі расейскіх рублёў у Беларусі — гэта індывідуальныя прадпрымальнікі, якія затаварваюцца на маскоўскіх рэчавых рынках, гастарбайтэры, якія працуюць у сфэры абслугоўваньня і на будоўлях у вялікіх гарадах, а таксама вайсковыя пэнсіянэры. Ва ўсіх выпадках лічбы нязначныя, бо мала хто гатовы лішні раз засьвечвацца перад падатковымі органамі. У банках пацьвярджаюць выпадкі, калі кліенты пераканвэртоўваюць зьберажэньні ў даляры ці нават беларускія рублі. Але, удакладняюць у адной зь фінансавых установаў, падкантрольнай банкаўскай сыстэме Расеі, панічных настрояў няма:
«Пакуль катастрафічнай сытуацыі няма, рубель у Расеі, як бачым, пакрысе адыгрывае свае пазыцыі. Мы тлумачым нашым укладчыкам, што пры жаданьні яны могуць перавесьці грошы ў іншую валюту, але пакуль людзі паводзяць сябе досыць спакойна, здымаюць грошы з дэпазытаў літаральна адзінкі. Дый расейскія ўлады запэўніваюць, што валютныя спэкуляцыі на рынку неўзабаве спыняцца».
Тым часам у Расеі настроі не такія паблажлівыя. Не за гарамі навагоднія вакацыі, да якіх там рыхтуюцца ня меней сур’ёзна, чым да летніх. Усе апошнія гады назіралася ўстойлівая тэндэнцыя, калі ад канца сьнежня да сярэдзіны студзеня мільёны расейцаў акупавалі далёкія і блізкія тэрыторыі, не зважаючы на цэньнікі. Але выглядае, што сёлета апэтыты давядзецца суцішыць. Паводле турапэратараў, утрая вырасьлі запатрабаваньні на адпачынак унутры Расеі і ці не ўпершыню фіксуюцца выпадкі адмовы ад падарожжаў у экзатычныя куткі сьвету. Нават ажыятажны попыт на Беларусь істотна зьнізіўся — за апошнія месяцы расейскі рубель аслабеў у параўнаньні зь беларускім больш як на 20%.