На адкрыцьцё, каб першымі пабачыць «Дзівосны сьвет» маляваных дываноў прыйшлі мастакі, журналісты, неабыякавыя да беларускага мастацтва людзі.
«Раней мне не даводзілася бачыць такіх карцін. На натуральнай ільняной тканіне намаляваныя нескладаныя сюжэты. Самі сюжэты, як падаецца, прымітыўныя, але прыцягальныя сваёй самабытнасьцю. Я ня ведала раней творчасьці Алены Кіш, але ўражаная ёй на гэтай выставе. Сапраўды, папросту намаляваны беларускі рай»,— адзначыла адна з наведніц выставы.
Як зазначаюць знаўцы мастацтва, арыгінальныя паводле сюжэтаў, не маючыя аналёгіяў у народным беларускім мастацтве, работы Алены Кіш спалучаюць дэкаратыўна-арнамэнтальны і сюжэтны жывапіс.
Яе мастацкая спадчына належыць да лепшых узораў творчага самавыяўленьня беларускага народа.
Імя Алены Кіш унесена ва «Ўсясьветную энцыкляпэдыю наіўнага мастацтва». Яна прысьвечаная 100-гадоваму юбілею творчай дзейнасьці францускага мастака-прымітывіста Анры Расо. У энцыкляпэдыі сабрана 800 мастакоў з 50 краінаў. У экспазыцыю з назвай «Дзівосны сьвет Алены Кіш» увайшлі творы з калекцыі гісторыка-культурнага музэя-запаведніка «Заслаўе» і прыватных збораў.