Ігар Крот сярод іншага адзначыўся тым, што ў 2011 годзе адхіліў скаргу палітвязьня Васіля Парфянкова на прысуд, паводле якога той быў прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году і асуджаны на 4 гады зьняволеньня. Меней як праз год Парфянкова вызвалілі з калёніі, але неўзабаве паставілі пад прэвэнтыўны нагляд, а потым зноў кінулі ў вязьніцу.
Актывістка Вольга Мікалайчык, якая апякуецца палітвязьнем Васілём Парфянковым, гэтак пракамэнтавала навіну пра тое, што былы судзьдзя стаў уязным ў Эўразьвяз:
«Чалавек з турмы не вылазіць, амаль год сядзіць у адзіночцы, а ён па эўропах будзе езьдзіць! Будзе траціць свае заробкі, якія плацяць беларускія падаткаплатнікі, што ўтрымліваюць гэтыя структуры. Атрымліваецца, Эўропа дае сыгнал, што яны могуць рабіць тое самае з намі і далей, адпраўляючы ў турму».
Паводле падлікаў Вольгі Мікалайчык, Васілю Парфянкову засталося сядзець у горацкай калёніі 35 дзён. «Калі ня прыйдзе хутка адказ на мой апошні ліст, значыць, зноў яго кінулі ў карцэр, як было і раней», — лічыць актывістка.
У апошнім лісьце Васіль Парфянкоў паведаміў, што нядаўна выйшаў з карцэру, дзе адбыў чарговыя 10 дзён.
Палітвязень адбывае пакараньне ў Горках. Парфянкова асудзілі за парушэньне правілаў прэвэнтыўнага нагляду, які ўстанавілі за ім пасьля затрыманьняў на акцыях салідарнасьці.