Анатоль Лябедзька ня лічыць, што адносна Беларусі існуюць санкцыі ЭЗ. Паводле палітыка, гэта кропкавыя абмежаваньні для тых чыноўнікаў, якія парушаюць Канстытуцыю і міжнародныя абавязкі Беларусі.
«Гэта істотна, бо Беларусь і чыноўнік — гэта розныя рэчы. Санкцыі і кропкавыя абмежаваньні — гэта розныя рэчы.
Гэта быў і мой прагноз, што сьпіс застанецца. Хоць яшчэ тыдні два таму ў МЗС беларускія чыноўнікі і дыпляматы на ўзроўні гістэрыі даводзілі, ледзь не патрабавалі ад дыпляматаў іншых краін, каб гэты сьпіс скасавалі.
Тое, што сьпіс застанецца, гэта азначае адно: што праблемы ў стасунках з Брусэлем, з цывілізаванай міжнароднай супольнасьцю ў Беларусі застаюцца. Для таго каб ісьці наперад, недастаткова рыторыкі, недастаткова словаў, патрэбны рэальныя дзеяньні. Гэта азначае, што патрэбна вырашаць праблему палітвязьняў, трэба вырашаць пытаньне свабодных і сумленных выбараў, гэта новая якасьць сытуацыі. І тады сьпіс зьнікне сам па сабе без усялякай гістэрыкі, бяз просьбаў і патрабаваньняў беларускіх чыноўнікаў.
Магчыма, з гэтага сьпісу нехта і зьнікне, але сам сьпіс як доказ таго, што ў нас ёсьць праблемы і іх трэба вырашаць, застанецца.
Больш за тое, я прыхільнік ня толькі брусэльскага сьпісу. Я больш выступаю за тое, каб быў беларускі сьпіс. Каб праваабарончыя арганізацыі краіны такі сьпіс мелі па выніках кожнага году. Каб была такая дошка ганьбы для тых, хто проста злоўжывае паўнамоцтвамі і мажлівасьцямі, якія ў яго ёсьць, для таго каб прынізіць, зганьбіць, зьнішчыць людзей, якія ня самыя горшыя ў Беларусі».
Лябедзька не выключае, што з гэтага сьпісу можа зьнікнуць прозьвішча міністра замежных спраў Уладзімера Макея альбо некага яшчэ.
«Нейкая дэманстрацыя зрухаў павінна быць, што гэта жывы сьпіс, што ён можа мяняцца ў адзін бок ці ў другі. Я прагназую, што такі мяккі знак павінен быць пададзены Брусэлем Менску. Але гэта не азначае, што тое, што сёньня ёсьць, павінна задаволіць Брусэль ці міжнародную супольнасьць цалкам».