Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забароняць беларускае? І што тады есьці будуць?


Фэдэральная служба вэтэрынарнага й фітасанітарнага кантролю Расеі зьбіраецца забараніць увоз беларускай сьвініны й прадукцыі зь яе. Гэта зьвязана, паводле заявы кіраўніка службы Сяргея Данквэрта, з выяўленьнем сьлядоў вірусу афрыканскай чумы сьвіней у прадукцыі чатырох беларускіх мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў, у тым ліку ў каўбасе Бабруйскага мясакамбінату. Рассельгаснагляд зафіксаваў гэта 27 кастрычніка.

Тым часам усходнія суседзі, у прыватнасьці, жыхары Бранскай вобласьці, прызвычаіліся купляць харчы, вырабленыя ў Беларусі.

Жыхары памежнай Браншчыны, з кім давялося гутарыць, ужо не ўяўляюць свайго стала безь беларускай прадукцыі — і малочнай, і мясной. Калі ня маюць магчымасьці купіць беларускія харчы ў сябе дома, едуць на закупы ў Гомель ці іншыя памежныя гарады.

Аляксандар з расейскага Навазыбкава: «Гэта я прыехаў са сваякамі прадуктаў купіць — каўбаскі ў вас добрыя, мы заўсёды іх бяром. І малако, і сыру крыху — і сяго, і таго».

Спадарожніца расейца дадае: «У вас усё добрае, усе ГОСТаўскае. Якасьць падабаецца».

Гамяльчук Міхаіл, які жыве каля эўраоптаўскай крамы, даўно заўважыў цікавасьць расейцаў да беларускіх харчоў:

Прыяжджаюць машынамі, загружаюцца — і паехалі. Што зробіш, калі ў людзей няма там чаго есьці!

«Мясныя, малочныя прадукты, напіткі ўсякія — усё бяруць, нічым ня грэбуюць. Прыяжджаюць машынамі, загружаюцца — і паехалі. Што зробіш, калі ў людзей няма там чаго есьці! Дзяліцца ж трэба, мы ж нібыта браты — што тут зробіш? Прадукты ж у іх якія? У іх усё хімія, а ў нас больш-менш натуральныя. Калі б не былі добрыя прадукты, то яны б сюды ня ехалі й ня грэблі б. Здавалася б, такая краіна Расея — і да нас едуць, як яны кажуць, да жабракоў... Але няхай бяруць на здароўе. Гэта ж нашай эканоміцы, нам пад’ём. Няхай вязуць сюды свае грошы. У нас пакуль, дзякуй Богу, з прадуктамі ўсё нармальна».

Рады расейцы беларускім харчам, калі ёсьць магчымасьць купіць іх непасрэдна на тэрыторыі Расеі. У невялікім гарадку Почапе, што непадалёк ад Бранску, тамтэйшыя жыхары з павагай ставяцца да мясной і малочнай прадукцыі, вырабленай беларускімі прадпрыемствамі. І нават думкі не дапускаюць, што ў ёй можа знайсьціся нейкая непрыдатная для чалавека непатрэбшчына.

Крама ў Почапе
Крама ў Почапе

Гаворыць жыхарка Почапа Алена:

«Вашы прывозяць прадукты нам на рынак — каўбасу, мяса, малочныя вырабы. У крамах прадаецца. Харошая прадукцыя беларуская. Мясная асабліва. У нас тут і крама ёсьць у цэнтры. Каўбасу мы бяром, хваляць яе — менскую. І па коштах таньнейшая, чым наша, і якасьць лепшая».

Гараджанка Валянціна таксама нахвальвае беларускія харчы:

«Мы толькі беларускія стараемся браць прадукты. Усё: і малочныя, і каўбасы. Яно ўсё якаснае. Як было раней якаснае, так і цяпер засталося».

Тым часам Расея, калі трэба націснуць на Беларусь, пэрыядычна абвяшчае вайну беларускім прадуктам — то малочным, то мясным, ведаючы пра важкую іх долю ў нацыянальным экспарце.

Што да знойдзеных нібыта сьлядоў вірусу афрыканскай чумы сьвіней, то інтэрнэтная супольнасьць на заявы Рассельгаснагляду адрэагавала досыць рэзка: калі й ёсьць нейкі геном АЧС, то прыйшоў ён менавіта з памежнай Расеі, дзе афіцыйна рэгіструюцца выпадкі гэтай сьмяротна небясьпечнай хваробы для жывёлы.

Некаторыя іншыя назіральнікі наагул схільныя лічыць, што заявы службы вэтэрынарнага й фітасанітарнага кантролю Расеі — гэта рэакцыя на выказваньні Лукашэнкі на прэсавай канфэрэнцыі для прадстаўнікоў расейскіх СМІ наконт таго, што беларусы не дадаюць у сваю каўбасу крухмал і туалетную паперу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG