17 кастрычніка падчас прэсавай канфэрэнцыі з расейскімі журналістамі Аляксандар Лукашэнка, разважаючы пра тэрытарыяльную цэласнасьць дзяржаў, нагадаў пра тое, што «частка смаленскіх, пскоўскіх і бранскіх земляў некалі належалі Беларусі». Хто-ніхто зразумеў гэтыя словы як магчымую пэрспэктыву далучэньня часткі Расейскай Фэдэрацыі да беларускай тэрыторыі. Што пра яе думаюць жыхары памежжа — Руднянскага раёну Смаленскай вобласьці, што на мяжы зь Віцебшчынай?
Вёска Круглаўка — першая за расейскай мяжой у Руднянскім раёне. З аднаго боку шашы, што вядзе ў Смаленск, стаяць паўразбураныя будынкі нейкай фэрмы, з другога — хаты і пункт прыёму мэталічнага лому.
Спадар Мікалай цягне праз дарогу нейкую жалезіну. Яму гадоў пад 60, і калісьці рабіў у калгасе імя Кірава, якога даўно ўжо няма:
«Во тут быў цялятнік, тут яшчэ цялятнік, а во тут кароўнік быў. Карацей кажучы, калгас выкупіў нейкі масквіч. А потым зноў перапрадаў. Цяпер тут ня сеюць і не аруць, а так... Раней наш Руднянскі раён быў у Беларусі, тады яшчэ ня вобласьці і не раёны былі, а воласьці ды паветы. Вядома, у Беларусі цяпер парадку болей, там трохі пабойваюцца „бацькі“, а ў нас ужо ніхто нікога не баіцца!»
У Круглаўцы сёньня крыху больш як сотня жыхароў. Вёска ўжо гады 2 як газыфікаваная, працягвае спадар Мікалай. Дарэчы, ён лічыць сябе «напалову беларусам», бо нарадзіўся на Браншчыне, таксама на самай мяжы зь Беларусьсю. Даведаўшыся, што насельнікі ягонай малой радзімы ня супраць, каб далучыцца да беларускай дзяржавы, гэтага меркаваньня не падтрымлівае. І нават пабойваецца, каб Смаленшчыну не далучылі гвалтам:
«Ды ня можа такога быць! Ніколі ня будзе! Вы што, хочаце, каб было як з Крымам? Хрушчоў падарыў Украіне, цяпер Расея назад забрала... Ніколі нас не далучаць, гэта проста балбатня! Так, раней езьдзілі туды па прадукты, а цяпер у Беларусі кошты вырасьлі і параўналіся з нашымі — і на прадукты, і на ўсё астатняе».
Іншыя жыхары Круглаўкі таксама дэманструюць патрыятызм: на паддашку даўно не фарбаванай хаты лунае навюткі трыкалёр. Гаспадар жытла, спадар неакрэсьленага ўзросту, хваліцца, што набыў сьцяг у Рудні тыдні два таму. У райцэнтры рабіў, як кажа, «пакуль ня выгналі за п’янку». Апавядае, што некалі спрабаваў уладкавацца на працу і ў Беларусі, але там дужа мала плацяць:
«Вядома, Лука ім усё дае, дае працу, ня тое што ў нас тут. Там і прыбрана ўсё, і на палях... Я там працаваў, але іхныя заробкі дужа малыя. Іхныя „тугрыкі“ — гэта зусім ні пра што. Калі заходжу ў краму са сваімі расейскімі ста рублямі, дык выходжу — як герой Расеі!»
Каб далучыць Смаленшчыну да Беларусі, спадар катэгарычна супраць. Яго падтрымлівае і сябар, які таксама выходзіць з хаты пад расейскім сьцягам. Сябар сумняецца, ці і беларусы захочуць прыняць да сябе вобласьць з запушчанай сельскай гаспадаркай:
«Каб урабіць гэтыя палі, гэта ж колькі часу спатрэбіцца! А колькі грошай! У нас на палях ужо лес павырастаў. І працы ніякай няма. Езьдзім працаваць у горад — у Рудню. Вось і ўся праца!»
Па дарозе на Рудню — яшчэ адна вёска, Красны Двор. На выгляд нічым ня розьніцца ад Круглаўкі: шмат кінутых хатаў і паўразбураных адміністрацыйных будынкаў. Тыя ж зарослыя палі і кароўнікі бяз вокнаў.
Райцэнтар затое пакідае іншае ўражаньне: шмат новых будынкаў, кідаецца ў вочы мноства дробных крамак. У цэнтры — нядаўна адрамантаваны будынак адміністрацыі, побач — помнік Леніну.
На вуліцах шматлюдна: гэтай парой людзі йдуць з працы, заходзяць у крамы. Самая танная ў горадзе — «Пяцёрачка», і кошты там такія, што ў Беларусь ехаць па нейкія харчы проста няма сэнсу, кажа спадарыня Ганна:
«Бывае, езьдзім. Курыцу, можа, якую купляем. Але шмат адтуль не вязем — у Беларусі ўсё даражэйшае. У „Пяцёрачцы“ можна знайсьці фарш па 100 рублёў за паўкілё, шакалядкі па 25 рублёў, зьніжкі на каву, гарбату, цукеркі...»
Калі параўнаць кошты — прыкладам, той самы фарш па 52 тысячы за кіляграм на беларускія грошы, — то робіцца зразумелым, чаму жыхары Рудні не хацелі б далучыцца да Беларусі з беларускімі цэнамі. Тым больш — маючы расейскія заробкі, кажа настаўніца Вольга Мікалаеўна:
«Ды ну! І не зьбіраемся нікуды! У вас заробкі маленькія, пэнсіі невялікія. Наадварот, вашы беларусы сюды едуць, каб хоць неяк выжыць! Ну, хтосьці хваліць Лукашэнку. Я яго ня ведаю, які ён прэзыдэнт. А мне дык мой Пуцін падабаецца! Я памятаю, як мы жылі да яго ў 1995 годзе. Пэнсіі не плацілі, заробкі затрымлівалі. Цяпер такога няма. Заробкі ў нас вырасьлі амаль у два разы, настаўнікі па 18–20 тысяч атрымліваюць. Мне дык і ў Расеі някепска. Не хачу нікуды!»
Бліжэйшыя суседзі найлепей ведаюць сытуацыю ў Беларусі і, падобна, прывабнай для сябе яе ня лічаць.