Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея баіцца прадуктовай кантрабанды праз Беларусь


«Рассельгаснагляд» бярэ пад асаблівы кантроль беларускія прадпрыемствы, якія рэзка павялічылі пастаўкі харчоў у Расею за апошнія месяцы ці пачалі пастаўкі прадукцыі, якую ніколі не выраблялі раней.

Пра гэта піша маскоўская газэта «Известия» са спасылкай на памочніка кіраўніка «Рассельгаснагляду» Аляксея Аляксеенку.

Паводле яго слоў, павышаную ўвагу санітарная служба надасьць пастаўкам з малых прадпрыемстваў, якія распачалі працаваць у Беларусі нядаўна — пасьля ўвядзеньня Расеяй прадуктовых антысанкцый у пачатку жніўня.

«Мы праводзім актыўны маніторынг рыбнай прадукцыі і надаем асаблівую ўвагу дробным прадпрыемствам, якія рыбу раней не пастаўлялі ў Расею. Таму што наш досьвед ужо паказаў, што такія прадпрыемствы часьцей дапускаюць парушэньні. І, вядома ж, у першую чаргу, будуць закрывацца пастаўкі з такіх прадпрыемстваў», — адзначыў Аляксеенка. Ён запэўніў, што асаблівы кантроль «Рассельгаснагляду» закране ўсе віды жывёльнай і расьліннай прадукцыі — малако, сыры, гародніну і садавіну.

На жнівеньскай сустрэчы кіраўнікоў краін Мытнага саюза прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін зьвярнуў увагу на тое, што з Беларусі на тэрыторыю РФ ідзе рээкспарт забароненай прадукцыі з ЭЗ, што эўрапейская прадукцыя ўвозіцца пад выглядам беларускай.

Цяпер паводле рэестру «Рассельгаснагляду», пастаўкі рыбнай прадукцыі ў Расею ажыцьцяўляюць больш за 30 кампаній зь Беларусі, яек і мяса птушкі — больш за 20, малака і малочнай прадукцыі — 71 прадпрыемства, мяса і мясной прадукцыі — больш за 40 прадпрыемстваў.

У прэсавай службе Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь заявілі, што «Рассельгаснагляд» можа цалкам давяраць беларускім вытворцам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG