Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што выбары ў суседніх краінах вельмі моцна адрозьніваюцца:
«Самае істотнае адрозьненьне палягае ў тым, што ва Ўкраіне гэта сапраўды выбары. Там людзі сапраўды галасуюць, сапраўды выяўляюць свае сымпатыі і прыярытэты. Пазьней бюлетэні сапраўды падлічваюцца і ідуць у падтрымку тых ці іншых кандыдатаў і партыяў. У Беларусі такі мэханізм не працуе абсалютна. І таму тое, што адбываецца ў нашай краіне, выбарамі наагул назваць нельга.
Апроч гэтай прычыны, якая, зрэшты, вартая ўсіх іншых, ёсьць яшчэ некалькі вельмі істотных адрозьненьняў. Ва Ўкраіне прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты маюць магчымасьць вольна праводзіць агітацыю. Яны маюць магчымасьць вольна прыцягваць сродкі бізнэсу, і там бізнэс актыўна падтрымлівае кандыдатаў.
Яшчэ адно адрозьненьне — свабода мэдыяў у нашых суседзяў. Дзякуючы СМІ выбарцы маюць ясную карціну, хто з прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла за што выступае. І таму яны сьвядома кагосьці падтрымліваюць, а кагосьці — не».
Сакратар Цэнтравыбаркаму Беларусі Мікалай Лазавік лічыць, што найперш трэба гаварыць пра ўмовы выбараў:
«Галоўнае прынцыповае адрозьненьне выбараў у дзьвюх суседніх краінах — гэта тое, што ў Беларусі выбары праходзілі ў мірнай, спакойнай абстаноўцы. У нас людзі не хваляваліся, як яны будуць жыць заўтра, ці будзе ў іх кватэрах цяпло і сьвятло, ці будзе ў іх кавалак хлеба? А ва Ўкраіне, па сутнасьці, стаялі менавіта гэтыя пытаньні. Там людзі думалі ня толькі пра тое, каго абраць у парлямэнт, а думалі найперш — як жа мы будзем далей жыць?
Па сутнасьці, у такіх умовах, калі вядуцца баявыя дзеяньні, выбары звычайна зусім не праводзяцца. Так прапісана ў законах многіх краін, магчыма, нават і ва ўкраінскім. Тым ня менш яны праводзіліся ў нэрвовай, вельмі напружанай абстаноўцы. І тут чалавек, які наконт выбараў мала што ведае, можа адразу параўнаць абставіны, пры якіх праводзяцца выбары ў Беларусі і ва Ўкраіне».
«Прынцыповая розьніца ў тым, што ва Ўкраіне адбываюцца выбары. А ў Беларусі іх ужо даволі даўно няма», — адзначае сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец:
«І ў гэтым самая галоўная розьніца. Насамрэч, я думаю, некалькі месяцаў сумленнай і адкрытай выбарчай кампаніі — і ў Беларусі палітычны расклад быў бы ня горшы, чым ва Ўкраіне.
Беларусы — людзі не дурныя. Калі б яны чулі праўду, калі б зь іх вачэй зьнялі ідэалягічныя шоры, то вынікі б маглі быць ня горшыя. Але для гэтага патрэбная свабода СМІ, роўнасьць, прадстаўнікі ўсіх кандыдатаў у выбарчых камісіях і г.д. На жаль, нічога з гэтага пакуль няма ў Беларусі».