Віктар Дзясяцік нарадзіўся 7 траўня 1959 году. Ягоны сябра і паплечнік Юры Глебік узгадвае пра яго як пра шчырага чалавека, апантанага беларушчынай, эмацыйнага, якога заўсёды хвалявала тое, што адбываецца ў Беларусі.
Глебік распавядае, што Віктар жыў звычайным жыцьцём — скончыў школу, працаваў трактарыстам, быў у Вугоршчыне на заробках, у перабудову стаў займацца прадпрымальніцтвам у роднай Сьвіслачы — і ў той самы час заўсёды змагаўся за праўду. Змагаўся часам вельмі эмацыйна, не дасягаючы вынікаў, але ніколі не спыняўся.
Глебік кажа, што Віктар Дзясяцік балятаваўся ў абласны Савет толькі дзеля таго, каб дамагчыся зьменаў дзеля сваёй Сьвіслачы.
Глебік: «Найперш ён хацеў дамагчыся, каб у Сьвіслацкім раёне дзейнічаў памежны пераход з Польшчай, каб людзі маглі аднавіць стасункі паміж сабой. Многія сем’і ў гэтым памежным рэгіёне маюць радню за некалькі кілямэтраў ад мяжы, а бачыцца так і ня могуць. Ён за гэта ўвесь час хваляваўся. І вельмі яму яшчэ хацелася ў сваёй Сьвіслачы дамагчыся адкрыцьця новых працоўных месцаў, бо многія тут ня маюць працы, вытворчасьці няма ніякай. А яму хацелася палегчыць жыцьцё мясцовых людзей. Але гэта ўсё засталося толькі ў плянах, хоць ён быў апантаны тым, каб нешта зрабіць для Сьвіслачы, каб палегчыць жыцьцё мясцовае...»
Уладзімер Хільмановіч, праваабаронца, які шчыльна кантактаваў зь Віктарам, мяркуе, што грамадзкі актыў Сьвіслачы зазнаў вялікую страту, бо Віктар Дзясяцік быў вельмі актыўным арганізатарам усіх грамадзкіх мерапрыемстваў, якія адбываліся ў раёне.
Хільмановіч: «Віктар Дзясяцік быў адным з ініцыятараў арганізацыі штогадовага фэсту памяці паўстанцаў 1863 году. Штогод разам зь Юрам Глебікам арганізоўваў талаку ў Якушоўцы, каб прыбраць тэрыторыю там. Наагул, быў чалавек шчыры, беларускі патрыёт. З аднаго боку, быў вельмі энэргічны, вельмі балюча перажываў усю тую несправядлівасьць, што творыцца навокал, а зь іншага боку, быў дастаткова непрыкметным, сьціплым чалавекам, а таму многія яго нават і ня ведалі. Ён звычайна заставаўся на другім пляне...»
Уладзімер Хільмановіч узгадвае, што менавіта з ініцыятывы Дзясяціка мясцовыя краязнаўцы падрыхтавалі даведнік знакамітых людзей, якія паходзяць са Сьвіслаччыны.
Хільмановіч: «Віктар ніколі не шкадаваў ні свайго часу, ні асабістых сродкаў, ні сілаў дзеля агульнае беларускае справы. Быў сябрам праваабарончага цэнтру „Вясна“, узначальваў мясцовую арганізацыю БСДГ, быў такі няўрымсьлівы і актыўны чалавек...»
Яшчэ ягоныя сябры кажуць, што Віктар быў вельмі добрым сем’янінам і гаспадарлівым чалавекам, сапраўдным беларусам. У Віктара Дзясяціка засталіся жонка і дарослая дачка.
Пахаваюць яго 26 кастрычніка, у дзень, калі ў Сьвіслачы традыцыйна будуць ушаноўваць памяць паўстанцаў 1863 году.