Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карціны пра «хакеіста» і пра расейска-ўкраінскую вайну зьнялі з мастацкай выставы

абноўлена

Belarus - Alexei Marochkin. Congestion (fragment). 23oct2014
Belarus - Alexei Marochkin. Congestion (fragment). 23oct2014

Мастацкая выстава сэкцыі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў «АРТ-ВОРША-РУБОН!», прысвечаная 500-годзьдзю бітвы пад Воршай, адкрылася сёньня ў менскім Палацы мастацтваў. У апошні момант з экспазыцыі зьнялі дзьве карціны мастака Аляксея Марачкіна.

Мастацкая выстава сэкцыі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў «АРТ-ВОРША-РУБОН!», прысьвечаная 500-годзьдзю бітвы пад Воршай, адкрылася сёньня ў менскім Палацы мастацтваў. У апошні момант з экспазыцыі зьнялі дзьве карціны мастака Аляксея Марачкіна.

«Я проста ўзрушаны ад нечаканасьці», — заявіў Марачкін Радыё Свабода.

Паводле ягоных слоў, на адной з карцін можна было пабачыць канькабежца ў масцы хакеіста на фоне атамнай электрастанцыі. Другая карціна была прысьвечаная канфлікту Расеі і Ўкраіны.

«На пярэднім пляне засмучоны Хрыстос, і наверсе яго сьвятыя выказваньні: „Новую запаведзь вам даю — любіце адзін аднаго, як я вас люблю“. І вось гэтая арда ўсходняя, агрэсіўная, натоўпам ідзе наперад, крышыць і ламае ўсё. І вось гэта ім (чыноўнікам. — РС) не спадабалася. Аказваецца, яны на баку гэтых агрэсараў. Мы як творцы хочам выразіць свае адносіны да падзеяў ва Ўкраіне, мы выражаем гэта праз творы мастацтва. Вось я стварыў жывапіснае палатно. Але аказваецца, што яно нявыгаднае гэтым нашым зялёным чалавечкам, якія расьселіся ўсюды», — кажа Марачкін.

Мастак адзначае, што твор зроблены ў «рэчышчы выказваньняў» Аляксандра Лукашэнкі, які не падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і не прызнаў сэпаратысцкія рэспублікі. Але, як кажа Марачкін, «нашы чыноўнікі не дарасьлі нават да выказваньняў Лукашэнкі».

Хто канкрэтна даў загад забараніць карціны Марачкіна — невядома. Ніякіх тлумачэньняў наконт гэтай сытуацыі мастак пакуль не атрымаў.

Нягледзячы на гэта, урачыстае адкрыцьцё выставы «АРТ-ВОРША-РУБОН!» усё ж такі адбылося.

«Мы ведаем, што праз нашу зямлю праходзілі шматлікія навалы, але ў нашых ваяроў заўсёды ставала моцы бараніць сябе і сваю бацькаўшчыну. Сёньня ёсьць у сьвеце Беларусь, ёсьць у сьвеце беларусы і ёсьць беларуская незалежнасьць. І ў нас заўсёды будзе моцы гэтую незалежнасьць адстаяць», — адзначыў старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца падчас імпрэзы.

Мастацкая выстава, прысьвечаная Аршанскай бітве, будзе дзейнічаць да 9 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG