Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замоўнікам карціны «Бітва пад Воршай» мог быць сам Канстанцін Астроскі


Мікола Купава
Мікола Купава

Адным з рэдкіх дакумэнтальных сьведчаньняў перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага над маскавітамі дагэтуль застаецца жывапіснае палотнішча XVI стагодзьдзя «Бітва пад Воршай» (іншы варыянт — «Аршанская бітва»).

І хоць аўтар эпахальнага твору дагэтуль невядомы, у адмыслоўцаў ёсьць свае бачаньне ня толькі таго, хто мог напісаць батальны твор, але і хто канкрэтна замовіў карціну. З адным з кіраўнікоў аргкамітэту сьвяткаваньня 500-х угодкаў бітвы ля ракі Крапіўны, нараджэнцам Воршы мастаком Міколам Купавам пагутарыў Ігар Карней.

— Спадар Мікола, на падставе карціны «Бітва пад Воршай» не адно пакаленьне дасьледчыкаў спрабуе аднавіць падзеі вырашальнай літоўска-маскоўскай бітвы 8 верасьня 1514 году. Усё ж ці ёсьць нейкія намёкі адносна таго, хто мог быць аўтарам таленавітага твору?

— Карціна, як лічыцца, напісана невядомым мастаком. Гэта сапраўды так, але карані гэтай творчасьці і пэндзаль майстра, як многія лічаць (і да таго вельмі падобна), прывязаныя да настаўніка, якім для нашага мастака, мабыць, быў Лукас Кранах. На наш погляд, гэта ўсё ж вучань зь Вялікага Княства Літоўскага. Хутчэй за ўсё, ён у Кранаха вучыўся і ў выніку змог атрымаць такую грунтоўную падрыхтоўку. Увогуле тут вельмі шмат ёсьць пытаньняў наконт прачытаньня гэтай выдатнай карціны. Але адразу адзначу, што гэта адна зь першых, а хутчэй за ўсё, першая батальная карціна, якая адлюстроўвае такую маштабную дзею, такую маштабную баталію. Дык вось такая праца, на думку многіх маіх калегаў, ва Ўсходняй Эўропе была створаная ўпершыню.

Карціна «Бітва пад Воршай»
Карціна «Бітва пад Воршай»

— З ідэнтыфікацыяй аўтара, выглядае, белыя плямы яшчэ застаюцца. А ці ёсьць нейкія вэрсіі, хто мог замовіць такі маштабны твор? Зразумела, што аднаго жаданьня мастака было б недастаткова...

— Вядома, за ўсё трэба было плаціць, прычым вельмі сур’ёзныя грошы. І, як мне падаецца, у Вялікім Княстве Літоўскім маглі плаціць дзьве асобы, самыя багатыя і самыя зацікаўленыя ў стварэньні такога твору. Гэта, бясспрэчна, Жыгімонт — кароль і вялікі князь, які ў першую чаргу вельмі прыхільна ставіўся ня толькі да Вялікага Княства як да дзяржавы, але і да нашых герояў. Праўда, гэта толькі мая гіпотэза, і я ня думаю, што такое рашэньне магло сасьпець у нетрах каралеўскай улады. А вось другім і абсалютна рэальным заказчыкам, натуральна, мог быць вялікі гетман, князь Канстанцін Астроскі. Бо каму гэта найбольш за ўсё было патрэбна — увекавечыць свой подзьвіг — апрача самога Астроскага?

— Галоўны герой карціны, як вы ўжо казалі, — найвышэйшы гетман ВКЛ Канстанцін Астрожскі. Магнат, кіраўнік літоўскага войска ў вайне з Масковіяй паказаны «ў разьвіцьці», некалькі разоў паўстаючы на розных этапах бітвы. Але за пяць стагодзьдзяў твор сам перажыў шмат трагічных момантаў...

— Ва ўсёй гэтай гісторыі ёсьць некалькі прыкрых рэчаў. Дзе карціна захоўвалася першыя часы свайго існаваньня — XVI, XVIІ, нават XVIІІ стагодзьдзе, — загадка. Магчыма, яна была напісаная ці для Турава, дзе разьмяшчалася рэзыдэнцыя Астроскага, ці для Вільні, дзе была сталіца ВКЛ і дзе Астроскі як чалавек ваенны бываў хоць і рэдка, але свае «апартамэнты» меў. Ці, ня выключана, для Астрогу на Валыні, дзе стаяў ягоны замак і было выстаўлена на агляд палотнішча. Што вядома дакладна: у ХІХ стагодзьдзі карціна трапіла ў Варшаву, а пасьля была перавезена ў францішканскі кляштар у Кракаве. Уладарам, манахам кляштару, захацелася карціну паставіць у нейкую нішу. Яна не зьмяшчалася. Тады зьверху і зьлева адрэзалі! І вось гэты зрэз праходзіць проста па версе галавы Астроскага. Ну як можна было такое злачынства дапусьціць? Такім чынам, з-за гэтых двух абрэзаў бясцэнная карціна страціла прыблізна 1/5 жывапіснага поля. І цяпер ужо наўрад ці калі мы даведаемся, што там было выяўлена.

Фрагмэнт карціны "Бітва пад Воршай"
Фрагмэнт карціны "Бітва пад Воршай"

— Вы як мастак ці «прымералі» на сабе пазыцыю Астроскага на Крапівенскім полі і на самой карціне?

— Паколькі вынікі той бітвы па сваёй сутнасьці сапраўды ўнікальныя ня толькі для нас, але і ва ўсясьветным маштабе, мы, вядома ж, выяжджалі непасрэдна на месца слаўных падзеяў — перад сьвятам трэба было адаптавацца да тамтэйшай тапанімікі, да Крапівенскага поля. Справа ў тым, што часта ў навуковых працах прыгадваюць нейкія вёскі, а гэтых вёсак на той час яшчэ не было. Таму важна было высьветліць, якія канкрэтна паселішчы ўжо існавалі і зь якімі фактычна межавала поле бітвы. Адпаведнае месца адведзена тапаграфіі — асабіста мне важна было паглядзець, дзе менавіта стаяў Канстанцін Астроскі на сваім белым кані. Перадусім у праекцыі таго, як ён выяўлены на знакамітай карціне «Бітва пад Воршай», а таксама ў іншых мастацкіх сюжэтах. Так што ў пэўным сэнсе такая «прымерка» сапраўды адбылася.

— Цяпер карціна «Бітва пад Воршай» захоўваецца ў Нацыянальным музэі ў Варшаве. А ці існуе тэарэтычная верагоднасьць, каб прывезьці палотнішча ў Беларусь? Магчыма, выстава адной карціны зрабіла б нашмат больш у адукацыйным пляне, чым спробы ўпарадкаваць гістарычныя розначытаньні...

— А я думаю, што калі б гэтым зацікавіўся дырэктар нашага Нацыянальнага мастацкага музэя, то ўсё было б цалкам рэальна. Вядома, не выключаю, што ўсё гэта праходзіла б зь вялікімі цяжкасьцямі, але тэарэтычна такое дапусьціць можна. Таму што прывозілі і Рушчыца ў Вільню, паказвалі там жа і Матэйку, і іншых. Але ж трэба, каб перадусім было жаданьне тутэйшых! На жаль, пакуль яго няма. Ну, а тое, што палякі цяпер карціну захоўваюць, дык дзякуй Богу. Пасьля манахаў, якія «парэзалі» Астроскага, карціна трапіла ў музэй сылескіх старажытнасьцяў, дзе пачынаецца нашмат больш адэкватная гісторыя гэтага абраза. Прынамсі, ён ужо захоўваўся згодна з музэйнымі канонамі і не рызыкаваў быць пашкоджаным яшчэ больш, бо знаходзіўся ў музэі... Увогуле «Вялікая перамога», як пра яе пішуць нават не цяперашнія, а тагачасныя гісторыкі, павінна памяняць і сьвядомасьць, і ўсьведамленьне, і ўвогуле скіраваць працу мазгоў у правільным кірунку. Пара ўжо па-іншаму ўсё ўспрымаць, мы, хачу нагадаць, жывём у ХХІ стагодзьдзі. Але што робіць у гэтым кірунку дзяржава — вы ўсе бачыце...

— Ці сучасныя мастакі зьвяртаюцца да тэмы слаўнай перамогі? Не кажу пра вас, бо ведаю, што ў вашай калекцыі ёсьць і сам Астроскі, і іншыя героі той бітвы.

— Вядома, інакш і быць ня можа. На канец кастрычніка ў Менску заплянаваная мастацкая выстава, прысьвечаная 500-годзьдзю вялікай перамогі пад Воршай. І вось там будзе выстаўлена нямала працаў, зробленых акурат да гэтай падзеі. Цяпер мы, сябры аргкамітэту, актыўна займаемся яе падрыхтоўкай. Увогуле хачу адзначыць: паколькі 2014 год намі абвешчаны Годам Аршанскай бітвы, разнастайныя сьвяткаваньні будуць працягвацца ажно да Новага году. Спадзяёмся, што такая знакавая падзея выкліча адпаведны інтарэс з боку тых, каму неабыякавыя слаўныя старонкі гісторыі нашай дзяржавы.

Бітва пад Воршай — найважнейшы эпізод вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім на рацэ Крапіўне паблізу Воршы. Лічыцца і адной з найбольш грандыёзных баталіяў на тэрыторыі Эўропы пачатку XVI стагодзьдзя. 30-тысячнае войска ВКЛ пасьпяхова супрацьстаяла ўтрая большаму па колькасьці маскоўскаму праціўніку, што дало магчымасьць ня толькі вярнуць страчаныя дагэтуль землі, але і на шэраг гадоў забясьпечыць перадышку ад разбуральных набегаў з Усходу. Перамогу пад Воршай дасьледчыкі ставяць у адзін шэраг з такімі трыюмфамі беларускай зброі, як Грунвальд, Кірхгольм ды іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG