Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатыва праграме Каліноўскага: Нямецкія і польскія студэнты арганізавалі ўласную стыпэндыю для беларусаў


У інтэрнэце шырока рэклямуецца новая польска-нямецка-чэская стыпэндыя для беларусаў, якая прапануе сэмэстар навучаньня ў Польшчы. Дэдлайн падачы заяўкі — 30 кастрычніка

Асаблівасцю GFPS зьяўляецца тое, што яе арганізавалі самі студэнты, каб дапамагчы аднагодкам зь іншых краінаў.

GFPS — гэта аб’яднаньне студэнцкіх асацыяцыяў, некамэрцыйных арганізацыяў, якое дзейнічае з 1984 года ў Германіі (GFPS e. V.), з 1994 года — у Польшчы (GFPS-Polska) і з 1999 — у Чэхіі (GFPS-CZ).

За 30 гадоў больш за 1000 студэнтаў атрымалі стыпэндыю. У цяперашні час выпускнікі GFPS — гэта людзі, якія актыўна ўдзельнічаюць у культурным, эканамічным, палітычным і навуковым жыцьці Польшчы, Германіі, Чэхіі і Беларусі.

Мацей Кенсіцкі
Мацей Кенсіцкі

Былы старшыня GFPS, ініцыятар стыпэндыяльнай праграмы для беларусаў Мацей Кенсіцкі распавёў пра ідэю адкрыцьця стыпэндыі для маладых беларусаў:

— Ідэя стварэньня ў Польшчы стыпэндыяльнай праграмы для беларускіх студэнтаў нарадзілася падчас натхняльнага праекту, які адбываўся ў верасьні 2011 г. ў Крыме, і дазволіў маім сябрам і мне даведацца больш пра беларусаў. Менавіта тады мы вырашылі пашырыць дзейнасьць GFPS, і нарадзілася канцэпцыя арганізацыі летніх сэмінараў і стыпэндыяльнай праграмы для беларусаў у Польшчы.

— Ці цяжка было рэалізаваць гэтую ідэю?

— Працэс падрыхтоўкі заняў каля двух з паловай гадоў, на працягу якіх мы павінны былі атрымаць неабходны досьвед, культурную кампэтэнтнасьць і пераканаць пэўных людзей да фінансаваньня нашых ідэй. Першапачаткова нам былі вельмі цяжка, таму што ніхто з нас не размаўляў па-беларуску ці па-расейску, ніколі ня быў у Беларусі, і ўсе мы вельмі мала ведалі пра беларусаў. У той жа час мы былі поўныя энтузіязму і вельмі хацелі рэалізаваць нашы ідэі, якія прывялі нас да вывучэньня моваў, чытаньня краязнаўчай літаратуры і агульнага пазнаваньня беларускай культуры. Усё больш і больш людзей падтрымлівалі нашу дзейнасьць. Для таго, каб распачаць стыпэндыяльную праграму мы арганізавалі ў траўні 2013 г. акцыю 30×50, у выніку чаго 30 сяброў і прыхільнікаў GFPS штомесячна плацілі 50 злотых, каб фінансаваць першую ў гісторыі GFPS стыпэндыю для навучаньня беларусаў у Польшчы. У 2014 мы ўжо атрымалі пастаяннае фінансаваньне на студэнтаў зь Беларусі.

— Чым адрозьніваецца стыпэндыя GFPS ад іншых стыпэндыяў для беларусаў?

— Стыпэндыя GFPS дае магчымасьць паглыбіць інтэграцыю паміж польска-нямецка-чэска-беларускімі студэнцкімі коламі. Мы фінансуем удзел нашых стыпэндыстаў у міжнародных сэмінарах, якія адбываюцца ў Польшчы, Германіі і Чэхіі, а таксама гарантуем шматбаковую дапамогу на месцы вучобы. Лякальная група GFPS дае стыпэндыстам апеку, спрабуе дапамагчы ў пошуках кватэры альбо інтэрнату, вырашае фармальнасьці ва ўнівэрсытэтах, а таксама стварае сяброўскую атмасфэру. Акрамя гэтага, група GFPS «Навука» можа дапамагчы з напісаньнем выніковай працы.

— Што параіць тым, хто сумняецца, ці варта падаваць заяўку на стыпэндыю?

— Раю выкарыстаць шанец, у рамках якога зможаце ня толькі разьвіць свае навуковыя зацікаўленьні, а таксама даведацца больш пра культуру Польшчы, Германіі і Чэхіі. Мы таксама вельмі спадзяемся на дапамогу беларусаў ва ўдасканаленьні нашых праектаў, а таксама ў распаўсюдзе інфармацыі пра стыпэндыю, каб беларуская прыгода GFPS, якая пачалася тры гады таму, і далей разьвівалася.

Яўгенія Сыраватка
Яўгенія Сыраватка

Яўгенія Сыраватка (удзельніца стыпэндыяльнай праграмы)

— Як ты даведалася пра стыпэндыю GFPS?

— Я даведалася пра стыпэндыю ад сваёй знаёмай, якая мне і параіла паспрабаваць. Мне спадабалася тое, што я магла рэалізаваць свой уласны праект, магла сама выбраць сабе горад і ўнівэрсытэт навучаньня, і ўсе стыпэндысты не былі ізаляваныя адно ад аднаго — плянавалася некалькі супольных спатканьняў.

— Што дала табе гэтая стыпэндыя?

— Мае чаканьні сапраўды апраўдаліся. Магчыма, у першую чаргу, таму, што я ведала, навошта я еду ў Польшчу, што буду вывучаць, і магла сабе прыкладна ўявіць канчатковы вынік сваіх намаганьняў. Акрамя таго, мне ўдалося бліжэй пазнаёміцца з краінай, пабыць там не кароткі тэрмін, як турыст, але пажыць там і адчуць усе плюсы і мінусы жыцьця ў Польшчы. У дадатак за 5 месяцаў я знайшла сабе шмат знаёмых і сяброў, большасьць зь якіх, натуральна, тым ці іншым чынам зьвязаныя з GFPS.

— Дзе праходзіла твая стажыроўка, і што ты там вывучала?

— Мая стажыроўка праходзіла ў Варшаўскім унівэрсытэце на гістарычным факультэце. Займалася я там распрацоўкай навуковай тэмы, зьвязанай з маёй працай. Працую я ў музэі «Дома Ваньковічаў» у Менску, і мой навуковы праект прысьвечаны вывучэньню невядомых фактаў біяграфіі мастака-партрэтыста Валентыя Ваньковіча. Апроч наведваньня лекцый, зьвязаных з гісторыяй XIX стагодзьдзя, я таксама карысталася дапамогай спэцыялістаў зь Літаратурнага музэю імя Адама Міцкевіча, Нацыянальнага музэю ў Варшаве. Дзякуючы дапамозе і дабразычлівасьці майго навуковага кіраўніка ва ўнівэрсытэце, супрацоўнікаў музэяў, я змагла рэалізаваць свой праект.

— Як ты лічыш, ці варта ездзіць беларусам на вучобу за мяжу?

— Безумоўна, беларусам варта езьдзіць вучыцца за мяжу. Ва ўсім сьвеце гэта пашыраная практыка. Такія паездкі даюць унікальны досьвед жыцьця ў іншай краіне, ня проста кантактаваньня зь нечым новым, але пагружэньне ў гэтае новае. Гэта цудоўная магчымасць павучыцца ў іншай адукацыйнай сыстэме, на іншай мове, набыць новых сяброў. Вядома, што «ніхто не вяртаецца з падарожжаў такім, якім ён быў раней». А з адукацыйных праектаў і тым больш, бо, як мінімум, прывозіш з сабою новыя веды і жыцьцёвы досьвед.

Барташ Валенда
Барташ Валенда

Барташ Валенда, першы апякун беларускіх стыпэндыстаў у Польшчы, цяпер старшыня арганізацыі:

— Для мяне Беларусь заўсёды была цікавай краінай, блізкай, але троху таямнічай. Я ведаў, што існуе шмат сувязяў з Польшчай, але яны былі малазаўважныя. Акрамя гэтага, у Беларусі выезд у Эўразьвяз, а таксама розныя студэнцкія абмены ўскладняюцца візавым пытаньнем. Для мяне галоўнай матывацыяй у маёй дзейнасьці быў пераход гэтых палітычных межаў, кантакт з маладымі людзьмі, вывучэньне грамадзянскай супольнасьці.

— Што найбольш цікавае ў супрацы зь беларусамі?

— Самы цікавы момант — гэта пошук партнэраў у Беларусі, каб інфармаваць пра стыпэндыю больш эфэктыўна. Пакуль гэты працэс ідзе, на жаль, марудна. Другі элемэнт — гэта сумоўі з кандыдатамі, якія адбываюцца ў Менску, гэта заўсёды цікава.

— Як лічыш, што можа даць навуковая стажыроўка беларусам?

— Плюралізм у навуцы, новыя ідэі, натхненьне, доступ да новых ведаў, матывацыя да дзейнасьці — да ўдзелу ў працы самой арганізацыі.

— Значыць, беларусам можна сьмела падаваць заяўку?

— Але ўвага — GFPS дзейнічае як наркотык! А калі сур’ёзна, то вядома, варта! Далучайцеся да групы цікавых людзей, бо GFPS прапаноўвае шмат пэрспэктываў і гарантуе сяброўства на ўсё жыцьцё.

Падрыхтавала Анастасія Кажапенка

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG