Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цягне пахмяліцца? Хадзем у аптэку»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 10 верасьня 2014 году

Вы на хвалях Радыё Свабода. З вамі далей Валянцін Жданко. У праграме «Паштовая скрынка 111» — агляд лістоў нашых слухачоў.

Украінская тэма застаецца галоўнай у рэдакцыйнай пошце апошніх тыдняў. Назіраючы за тым, зь якімі вялікімі праблемамі сутыкнулася Украіна, спрабуючы адстаяць сваю незалежнасьць, многія аўтары лістоў на Свабоду па-новаму асэнсоўваюць цану незалежнасьці ўласнай дзяржавы.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу. Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў, разважаючы пра ўплыў украінскіх падзеяў на беларускую палітычную сцэну, піша:

«Калі беларусы не абурыліся войнамі і захопамі Расеі ва Ўкраіне, то наўрад ці варта чакаць ад іх усплёску антыімпэрскіх настрояў ды сымпатыяў да ідэалёгіі нацыянальнага адраджэньня. Сама ж пуцінская Расея ўсёй сваёй інэртнай махінай проста ня дасьць ані найменшых шанцаў на тое, каб у Беларусі ўтварылася нейкая адметная мадэль нярускай славянскай краіны Ўсходняй Эўропы кшталту той жа Баўгарыі.

І пра каго ў такім разе спрабуе клапаціцца беларуская апазыцыя? На жаль, ні народа, ні электарату, ні пасіянарна-папуляцыйнага поля ў нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі сёньня няма. І да восені 2015 году яна проста ніяк ня здолее разгарнуць свой улюбёны праект „а-ля краіны Балтыі ўзору 1992 году“.

Рэальна ж наперадзе ў нас — стварэньне з 1 студзеня 2015 году Эўразійскага саюзу. І яно надыдзе — як бы ні апасаліся Лукашэнка і Назарбаеў ашалелага ад імпэрства Пуціна.

Увогуле, гэтая суворая рэальнасьць патрабуе іншай дэмакратычнай апазыцыі, не такой, як цяперашняя — „паходаэўразьвязаўская“ і „моўнасьвядомая“.

Дапускаю, што заходнія эканамічныя санкцыі могуць пахіснуць уладу Пуціна, а агульны крызіс у Расеі — выклікаць такі ж крызіс у Беларусі і дэвальваваць усю прарасейскую палітыку Лукашэнкі. Аднак вынік можа быць і іншы. Так званы „Рускі сьвет“ ад Берасьця да Ўладзівастоку і ад Мурманску да Стаўрапаля можа гістэрычна згуртавацца вакол Крамля, супраць Захаду. І Лукашэнка ў такім выпадку проста пабяжыць за агульным патокам падзеяў».

Ці варта, спадар Алесь, разьлічваць на тое, што ў палітычна інэртным і нацыянальна абыякавым грамадзтве апазыцыя раптам зьявіцца магутная, масавая, пасьпяховая, якая будзе апярэджваць падзеі і ўгадваць тэндэнцыі, а ня плесьціся ў хвасьце за імі? Якое грамадзтва — такая і апазыцыя: па-іншаму рэдка бывае.

Безумоўна, вы маеце рацыю: драматычныя падзеі ва Ўкраіне прымусілі па-новаму зірнуць на многія палітычныя рэаліі на постсавецкай прасторы. У прыватнасьці, многім стала зразумела, наколькі прывідная цяперашняя незалежнасьць тых краін былога СССР, якія не далучыліся да Эўразьвязу і НАТО.

Ліст ад Аляксандра Гагіна са Смаргоні. Слухач зьвяртае ўвагу на тое, што сёлета ўпершыню за многія дзесяцігодзьдзі ўлады вырашылі адзначыць гадавіну пачатку Першай сусьветнай вайны. У Смаргоні, дзе падчас той вайны вяліся кровапралітныя баі, нават зьявіўся помнік — ці ня першы на тэрыторыі Беларусі. Слухач з гэтай нагоды піша:

«Хачу закрануць тэму будаўніцтва ў Смаргоні мэмарыялу ў гонар воінаў Першай сусьветнай вайны. Часам даводзіцца чуць, што дарэмна ўклалі ў гэта грошы, ня трэба было прыцягваць увагу да гэтай тэмы, наладжваць адзначэньне 100-й гадавіны той даўняй вайны. Катэгарычна з гэтым не пагаджаюся. Прыедзьце і паслухайце, што кажуць на гэты конт жыхары навакольных дамоў. Яны ў асноўным задаволены. Бо тая мясьціна — так званы „Зялёны луг“ — раней была прытулкам розняых алкашоў, бамжоў ды іншых асацыяльных тыпаў. А цяпер гэта — дагледжанае прыгожае месца, куды прыстойныя людзі могуць прыйсьці разам зь дзецьмі, атрымаць урок нашай далёкай гісторыі».

Паводле сваіх драматычных наступстваў для беларускага народа Першая сусьветная вайна была амаль такой жа трагедыяй, як і Другая сусьветная. Але заўважце, якая гістарычная несправядлівасьць: помнікі ахвярам і героям апошняй вайны — ледзь ня ў кожнай вялікай вёсцы і пасёлку, ня кажучы ўжо пра гарады. А героі і ахвяры вайны 1914–1918 гадоў — амаль у поўным забыцьці. Чаму? Бо гэтага дамагаліся камуністы. Тая вайна, паводле іхнай ідэалёгіі, — імпэрыялістычная, захопніцкая, несправядлівая. Бальшавікі жадалі не перамогі, а паразы ў ёй для сваёй краіны — а таму, маўляў, і памяць пра яе ўшаноўваць было ня варта.

Новую замалёўку пра жыцьцё-быцьцё звычайнага беларускага райцэнтру даслаў наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў. Гэтым разам у поле зроку дапытлівага слухача трапілі моцна пітушчыя суграмадзяне. Цытую ліст:

«Некалькі дзён таму, акурат пасьля пэнсіі, давялося мне завітаць у аптэку. Было гэта каля восьмай раніцы, але ў аптэцы, насуперак майму чаканьню, было, па-першае, людна і шумна, а па-другое, у чарзе тоўпіліся амаль адны мужчыны. Тавар яны патрабавалі зусім нечаканы для аптэкі.

— Мне, калі ласка, тры бутэлечкі ліманаду, — шаптаў, азіраючыся, адзін.

— Мне, калі ласка, дзьве ўпакоўкі ламінату, — таксама нягучна прасіў другі.

Але тавар яны атрымлівалі аднолькавы — пакуначкі прыемнага на выгляд зеленаватага колеру. Гандаль ішоў бойка.

— Божухна, што гэта яшчэ мужыкі пачалі піць? — адрасавала ў ахалоджанае кандыцыянэрам паветра рытарычнае пытаньне адзіная ў чарзе жанчына. — Раней усё баярышнік жлукталі, а цяпер нешта новенькае пачалі.

— Чаму гэта — «жлукталі»? — адазваўся мужчына, які стаяў у чарзе за мной. — Во такая вешч! Благародны напітак! — выставіў ён уверх вялікі палец. — Баярышнік — ён усяго семдзесят градусаў, а ламінат — дзевяноста! І бутэлечка — акурат каб пахмяліцца: сто грамаў! Выходзіць па градусах, як шклянка гарэлкі. Пахмелісься, але не нап’есься!

— А ад чаго яно? — запытаў я.

— А халера яго ведае! Вітаміны нейкія, ці што. Лепшае за гарэлку, а дзешавей атрымліваецца. Малайчына Брынцалаў! — падагульніў мужчына.

Падышла мая чарга, і размова перапынілася. У галаве круцілася знаёмае, але паўзабытае прозьвішча: «Брынцалаў, Брынцалаў... нейкі расейскі фармацэўтычны кароль, ці што? Вось гэта бізнэс! Як сказаў бы Астап Бэндэр, „конгеніяльна“! Ніякіх табе акцызаў, ды яшчэ, пэўна, ільготнае падаткаабкладаньне — лекі ж, вітаміны! Вітаміны можна і ў капсулы запакаваць, і ў таблеткі — транспартабэльна, зручна. Але навошта, калі тут сапраўдны Кландайк! Эльдарада! І спажывец задаволены, нават шчасьлівы — гэта ж у пераводзе на гарэлку ўсяго недзе каля трыццаці тысяч бутэлька атрымліваецца!»

Я выйшаў з аптэкі, разважаючы пра цэны на моцныя напоі і пра статыстыку іх спажываньня на адну грэшную беларускую душу — з гэтым «ламінатам» ці «ліманадам» мы можам упэўнена пераскочыць зь першага месца ў сьвеце на апошняе! Стоп, я ж забыўся спытаць, якая сапраўдная назва гэтага гаючага і ў той жа час шляхетнага напою! Без акуляраў на ўпакоўцы разгледзеў толькі першыя літары, і то недакладна — ці то «ліма...», ці то «ламі...». Ладна, наступным разам спытаю. Можа, і мне купіць бутэлечку? Так, ня дзеля п’янства — мне ўсё роўна нельга, а каб паспытаць хоць на язык, хоць лыжачку, што гэта такое.

(А па сакрэту, паміж намі: шляхетны напой той завецца «Ламівіт»)«.

Дзеля цікавасьці зазірнуў я на некалькі мэдычных сайтаў. Сапраўды, прэпарат як быццам бяскрыўдны: агульнатанізуючы сродак, падвышае ўстойлівасьць арганізму супраць розных неспрыяльных фактараў. Праўда, гэта пры ўмове, што яго будуць прымаць па чайнай лыжцы ў суткі, ды яшчэ разьведзены вадой....

Што цікава, схільныя да п’янства грамадзяне заўсёды знаходзілі ў аптэках такога кшталту сьпіртовыя настойкі. Звычайна яны таньнейшыя за гарэлку, бо не абкладаюцца акцызамі. Ці выкарыстоўваюць гэтую акалічнасьць фармацэўтычныя бароны — цяжка сказаць. Хоць, зразумела ж, яны ня могуць не заўважаць, што попыт на такога кшталту прэпараты раптам шматкроць, у геамэтрычнай прагрэсіі ўзрастае...

І на заканчэньне — кароткі ліст ад Аляксея Літвінчыка зь вёскі Дзешкавічы Зэльвенскага раёну. Спадар Літвінчык даволі часта дасылае нам свае вершаваныя творы, але яны рэдка гучаць у эфіры, бо, як правіла, адзначаюцца выключна нецэнзурнай лексыкай і адкрыта-цынічным непрыстойным зьместам. Гэтым разам слухач піша:

«Чытаў свае так званыя „вершы“ сяму-таму. Можаце мне ня верыць, але прапанавалі правесьці творчы вечар у Зэльвенскім раённым Доме культуры. Я адмовіўся. Для вечара напісана малавата, дзесьці толькі 80 прыпевак. Амаль усе — непрыстойныя. Іншая справа — салдаты-кантрактнікі. Ім я ўжо чытаў. І ня толькі салдатам, але і афіцэрам. Іржалі як жарабцы. Хоць бы вось з гэтага:

Ваяваў маскаль з хахлом — Разбамбілі кошчын дом. Дзе цяпер, ядрона маць, Будзе Мурка зімаваць?

Ну, і іншае падобнага зьместу....

Буду вельмі ўдзячны, калі вышлеце „Лісты на Свабоду“. Дзякуючы вашаму радыё я адкрыў здольнасьць пісаць хоць і невялікія, але сьмешныя, жорсткія, калючыя, сатырычныя рэчы.

Бывайце здаровы.

Аляксей Літвінчык (народны паэт).

Вёска Дзешкавічы, Зэльвенскі раён».

Заўважу, што нават тыя чатыры працытаваныя радкі мне давялося крыху падрэдагаваць, каб прыпеўка не гучала надта пахабна....

Вядома, вельмі прыемна, спадар Аляксей, што Радыё Свабода абуджае паэтычнае натхненьне, але чаму гэтая муза вядзе вас выключна дарогай нецэнзуршчыны? Магчыма, у раённым доме культуры і наладзілі б ваш творчы вечар, але калі б са сцэны прагучалі тыя творы, якія вы нам дасылаеце, то, мяркую, у дырэктара РДК пасьля гэтага былі б вялікія непрыемнасьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG