Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы пазбаўляюцца ад расейскіх рублёў


Імклівая дэвальвацыя расейскага рубля змушае беларусаў пазбаўляцца ад гэтай валюты. Тыя, хто езьдзіць у Расею на заробкі і вязе назад у Беларусь расейскія рублі, імкнуцца цяпер мяняць іх на больш цьвёрдую валюту. Дый самі расейцы адчулі пагрозу свайму бюджэту — у выглядзе росту цэнаў на паліва, харчовыя й прамысловыя тавары.

52-гадовы гамяльчук Рыгор кажа, што навучыўся зарабляць грошы і ў Беларусі, і ў Расеі. У суседняй дзяржаве нават больш, бо ёсьць багата шанцаў атрымаць прыстойны заробак і на будоўлі, і ў прадпрымальніцкай сфэры. Але захоўваць нейкія ашчаджэньні ў расейскіх рублях Рыгор і ня думае. Таму й прыйшоў на Прывакзальную плошчу да валютнага абменьніка:

«Я таксама толькі што памяняў — толькі што памяняў на даляры. Лепш у далярах, хоць і кажуць, што і даляр падае. Але Амэрыка была, ёсьць і будзе — колькі б мне ні трындзелі на гэты конт. Мне так падаецца. Эўра — гэта такая несур’ёзная валюта, па вялікім рахунку».

Суразмоўца ня надта хоча зьберагаць ашчаджэньні і ў беларускай нацыянальнай валюце, па ўкладах якой банкі абяцаюць вялікія працэнты:

«На беларускія — не. Гэта пухір. Сорак адсоткаў гадавых — гэты пухір лопне рана ці позна».

Сорак адсоткаў гадавых — гэты пухір лопне рана ці позна

Іншыя гамельчукі, наадварот, імкнуцца абмяняць расейскія рублі менавіта на беларускія. Прынамсі, так паступіў малады гараджанін, якія збываў у абменьніку расейскія грошы.

Пазбываюцца расейскай валюты і прадпрымальнікі, нягледзячы на тое, што ім даводзіцца часам езьдзіць на закупы ў суседнюю Расею. Пра гэта кажа індывідуальная прадпрымальніца Аксана:

«Пазбаўляюцца, мяняюць на даляры — і ўсё. Сказаць, каб хтосьці хваляваўся наконт закупаў і што інфляцыя ў Расеі адаб’ецца на закупах, — гэтага няма, паверце мне. Над намі, як дамоклаў меч, вісіць 20 адсоткаў падатку на дададзеную вартасьць на новы тавар. І ў зьвязку з тым, што мала людзей купляюць тавар у нас як у індывідуальных прадпрымальнікаў, мы імкнёмся не рабіць новых закупаў».

У банках новую сытуацыю з валютай суседняй дзяржавы стараюцца не камэнтаваць. Супрацоўнік «Белінвэстбанку», у прыватнасьці, заявіў толькі, што расейскія рублі ў Гомелі здаюць заўсёды, і тым больш цяпер, калі расейскі рубель моцна патаньнеў:

«Што я вам магу сказаць — расейскі рубель заўсёды здаюць. Пастойце й паглядзіце, колькі людзей здаюць».

Мы ў Расеі любім беларускія прадукты — і малочныя, і каўбасныя вырабы, таму й прыяжджаем. Ці выгадна? Не, ужо ніякай выгады ня маем

Самі расейцы, якія прыяжджаюць у Гомель купляць беларускія харчы ды некаторыя прамысловыя тавары, апавядаюць, што адчулі на сабе й сваіх грашах уведзеныя супраць Расеі санкцыі ў зьвязку з анэксіяй Крыму і падтрымкай сэпаратыстаў на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Пра гэта, у прыватнасьці, кажа Тацяна з расейскага Навазыбкава, якая прыехала на закупы ў гомельскі «Эўраопт» з мужам і дачкою:

«У нас кошты ў сувязі з увядзеньнем эмбарга зрабіліся вышэйшыя — прыраўняліся да вашых у сярэднім. Курс абменны таксама ўпаў, ніжэйшы стаў і менш выгадны. Усё даражэе, канечне. Прыйдзецца эканоміць, ня так траціць, як мы раней трацілі больш свабодна. Але мы любім беларускія прадукты — і малочныя, і каўбасныя вырабы, таму й прыяжджаем. Ці выгадна? Не, ужо ніякай выгады ня маем».

Расіянка лічыць: найлепшы спосаб засьцерагчыся ад інфляцыі ў краіне, калі ёсьць сродкі, — гэта прыдбаць нерухомасьць:

«Вядома, калі ў каго ёсьць ашчаджэньні, то найлепш укладаць іх у нерухомасьць, каб інфляцыя ня зьела іх. А ў каго няма, то што тут ужо зробіш? Даражэйшае выходзіць жыцьцё. Але мы лічым, што галоўнае — мір. Будзе мір, будуць прадукты, праца. І ўжо будзем неяк у адпаведнасьці з сытуацыяй выкручвацца. Галоўнае, каб быў мір — гэта галоўнае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG