Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі кампэнсуюць страты ад расейскага манэўру


Расея і Беларусь дамовіліся пра мэханізм кампэнсацыі страт Беларусі ад падатковага манэўру ў нафтавай галіне Расеі.

Пра гэта паведаміў журналістам віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч па выніках перамоваў прэм’ер-міністраў дзьвюх краін Дзьмітрыя Мядзьведзева і Міхаіла Мясьніковіча.

«Па выніках перамоваў у Сочы была дасягнутая дамоўленасьць аб парадку залічэньня мытных пошлін на нафтапрадукты, вырабленыя ў Рэспубліцы Беларусь у 2015 годзе, у рамках пагадненьняў аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу. Дамоўленасьці ўлічваюць як раней дасягнутыя пагадненьні пра аб’ёмы паставак нафты і нафтапрадуктаў, так і разьліковыя страты бюджэту Рэспублікі Беларусь ад „вялікага падатковага манэўру“», — цытуе «РИА Новости» Дварковіча.

Беларусь штогод пералічвае ў расейскі бюджэт каля 4 мільярдаў даляраў мыта ад экспарту нафтапрадуктаў, выпрацаваных зь бязмытнай расейскай нафты. Краіна дамаглася права ў 2015 годзе пакінуць у сваім бюджэце 1,5 мільярда даляраў вывазнога экспартнага мыта на нафтапрадукты з расейскай нафты. Гэтыя сродкі плянавалася накіраваць на пагашэньне зьнешняга дзярждоўгу.

Расейскі падатковы манэўр у нафтавай галіне прадугледжвае зьніжэньне экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты і адначасова з гэтым значнае павышэньне падатку на здабычу карысных выкапняў.

У выніку гэтага расейскага манэўру, паводле кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, страты краіны могуць перавысіць 1 мільярд даляраў. Прэм’ер Беларусі Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што партнэры ўчынілі свае «манэўры» ў закрытым рэжыме, паставіўшы беларускі бок перад фактам.

Для кампэнсацыі стратаў беларускі бок хоча цалкам пакідаць да канца 2017 году ў сваім бюджэце экспартнае мыта на нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай нафты.

29 верасьня намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў заявіў, што Беларусі дастаткова $ 1,5 млрд ад вывазнога мыта на нафтапрадукты, якія будуць заставацца ў бюджэце Беларусі з 2015 году, каб пакрыць страты бюджэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG