Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея дасьць Беларусі 10 мільярдаў крэдыту на будоўлю АЭС


Урад Расеі даручыў Мінфіну падпісаць пратакол аб выдзяленьні Беларусі дзяржаўнага экспартнага крэдыту ў памеры да 10 мільярдаў даляраў на будоўлю АЭС.

Пра гэта гаворыцца ў распараджэньні ўраду Расеі, апублікаваным на расейскім партале прававой інфармацыі.

Мінфін і МЗС Расеі павінны правесьці перамовы зь беларускім бокам і падпісаць пратакол ад імя ўраду.

Сродкі пойдуць на фінансаваньне 90% кошту кантракту на будоўлю двух энэргаблёкаў АЭС.

Беларуская АЭС, якая будуецца побач з пасёлкам Астравец у Гарадзенскай вобласьці, будзе складацца з двух энэргаблёкаў сумарнай электрычнай магутнасьцю да 2400 мэгават.

Для яе абраны праект «АЭС-2006» — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня «3+» з палепшанымі тэхніка-эканамічнымі паказчыкамі.

«Ад месца, дзе будуюць АЭС, толькі 40 кілямэтраў да Вільні. Гэта адно са спрэчных пытаньняў, бо Беларусь падпісала канвэнцыю Эспо, але яна не выконвае правілы гэтай канвэнцыі. Астравецкая АЭС патэнцыйна небясьпечная ня толькі для Вільні, але і для Менску», — заявіў раней Свабодзе літоўскі міністар замежных спраў Лінас Лінкявічус.

Увод у эксплюатацыю першага энергаблёку беларускай АЭС заплянаваны на 2017–2018 гады, другога — на 2020 год.

Генэральны праектант і генпадрадчык — аб’яднаная расейская кампанія «НИАЭП» — «АСЭ».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG