Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На МТЗ чатыры дні працуюць, тры — адпачываюць


Каля прахадной Менскага трактарнага заводу зацішша: пляцоўка для паркоўкі аўтамабіляў амаль пустая. Зь дзьвярэй зрэдку выходзяць адзін-два чалавекі. Размаўляю зь людзьмі:

Карэспандэнтка: «Бачу, што зараз амаль пустая прахадная — сёньня выходны?»

Працоўны: «Прастой, прастой. Гэта не выходны».

Іншы працоўны: «Трактарысты сёньня не працуюць».

Працоўны: «Дзьве траціны тарыфу аплачваюцца, і ўсё».

Карэспандэнтка: «Чым тлумачыць адміністрацыя?»

Працоўны: «А мы падрадчыкі. Падрадчыкі працуюць, рамонтныя брыгады — і ўсё».

Каб высьветліць прычыну прастою, зьвяртаюся ў адміністрацыю — кіроўны склад прадпрыемства, у адрозьненьне ад працаўнікоў цэхаў, на месцах. Аднак нешта камэнтаваць там адмаўляюцца, накіроўваючы з пытаньнямі да намесьніка дырэктара па ідэалёгіі Васіля Тымановіча, які гэтак патлумачыў прычыну прастою:

Тымановіч: «З мэтай эканоміі рэсурсаў, матэрыяльных і ўсіх іншых, абвешчана чатырохдзёнка».

Карэспандэнтка: «На які тэрмін?»

Тымановіч: «Толькі на кастрычнік. А далей паводле абставінаў будуць прымацца наступныя рашэньні».

Карэспандэнтка: «Як гэта паўплывае на заробкі інжынэраў, працоўных?»

Тымановіч: «Як папрацавалі, так і атрымаюць — дзьве траціны паводле заканадаўства, тут мы нічога ня будзем парушаць. Ну, і некаторыя падтрымкі будуць, каб людзі ня страцілі».

Тым часам працаўнікі МТЗ мала давяраюць чыноўнікам з адміністрацыі прадпрыемства і ня бачаць для трактарнага заводу далейшай пэрспэктывы. Размаўляю з майстрам вытворчага цэху, які выйшаў з прахадной заводу — ён належыць да маладзейшага пакаленьня:

Карэспандэнтка: «Ці вы самі працуеце на заводзе? Што сёньня тут адбываецца?»

Майстар: «Так, я майстар вытворчасьці. Паводле распараджэньня дырэктара сёньня афіцыйны прастой на прадпрыемстве. Зборачныя цэхі не працуюць цалкам, працуюць толькі рамонтныя службы. Але іх каля 10% ад колькасьці людзей, якія працуюць у цэху. Бачыце — пустэча, машын і людзей няма».

Карэспандэнтка: «Ці адміністрацыя гэта неяк патлумачыла?»

Майстар: «Не, але, я думаю, з-за таго, што няма збыту трактароў і заводу лягчэй і выгадней заплаціць людзям дзьве траціны, чым вырабляць прадукцыю на склад».

Карэспандэнтка: «А склады сапраўды поўныя?»

Майстар: «Так, на тэрыторыі стаяць неаплочаныя трактары. Таксама кажуць, што на іншых пляцоўках шмат тэхнікі. Людзям жа заплацяць дзьве траціны, альбо прыкладна шэсьцьдзесят адсоткаў ад таго, што зарабляюць».

Карэспандэнтка: «Гэта колькі?»

Ідзе сур’ёзны адток кадраў. Набіраюць толькі студэнтаў, а якія студэнты работнікі — вядома

Майстар: «Дырэктар кажа, што сярэдні заробак на прадпрыемстве —

сем мільёнаў рублёў».

Карэспандэнтка: «А вы зарабляеце больш ці менш за гэтыя грошы?»

Майстар: «Менш, канечне».

Карэспандэнтка: «Ці радуюцца людзі дадатковаму выходнаму?»

Майстар: «Пра што вы кажаце! Калі ў чалавека заробак ня сем мільёнаў, як кажа дырэктар, а пяць, то зараз будзе чатыры. Пры гэтым усё прывязана да курсу даляра, усё даражэе, а заробак не падвышаўся ўжо года паўтара, пэўна».

Карэспандэнтка: «Пра якія пэрспэктывы кажа адміністрацыя прадпрыемства і што вы думаеце пра гэтую сытуацыю?»

Майстар: «Адміністрацыя не паведамляе пра пляны, а толькі загады і распараджэньні выдае. Што плянуюць рабіць — пакрыта змрокам. У мінулым месяцы быў падпісаны загад, што прастояў будзе тры, зараз ужо пяць. Што будзе на наступным тыдні, а тым больш у наступным месяцы і зімой, калі збыту трактароў няма — ніхто ня ведае. Таму ня дзіва, што ідзе сур’ёзны адток кадраў. Набіраюць толькі студэнтаў, а якія студэнты работнікі — вядома. Ад аднаго дырэктара да іншага — нічога не мяняецца і ўсё ідзе толькі ўніз. З улікам таго, што года паўтара трактары стаяць на тэрыторыі прадпрыемства і не прадаюцца, то будзе толькі горш, і ніякіх пэрспэктываў да лепшага тут няма».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у студзені-жніўні 2014 году ў Беларусі было выраблена 37,6 тысячы трактароў для сельскай і лясной гаспадаркі. Гэта на 14,6% менш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG