Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія інструкцыі даў Аляксандар Лукашэнка дэпутатам?


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі падчас сустрэчы з чальцамі Савету Палаты прадстаўнікоў распавёў пра актуальныя праблемы дзяржаўнай палітыкі. Чаму беларусам ня варта разьлічваць на рост заробкаў? Чым небясьпечны для Беларусі падатковы манэўр у Расеі? Чаму Аляксандар Лукашэнка раптам выступіў у абарону беларускай мовы?

Удзельнікі: галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч і дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман.

Чаму беларусам ня варта разьлічваць на рост заробкаў?

Валер Карбалевіч: «Ня будзем чапляцца да таго, што сам факт, калі прэзыдэнт дае ўказаньні іншай галіне ўлады, дэпутатам парлямэнту, — гэта нонсэнс з гледзішча прававой дзяржавы. Вынесем гэта за дужкі і зьвернем увагу на зьмест ягоных выказваньняў.

Найперш, хацеў бы пачуць камэнтар пра сюжэт, дзе Лукашэнка заклікаў кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў эканоміць бюджэтныя грошы, не разьлічваць на значны рост заробкаў, і ўвогуле сьцьвердзіў, што беларусы павінны больш разьлічваць на сябе, а не на дзяржаву. Як гэта стыкуецца з мадэльлю патэрналісцкай дзяржавы, якая сфармаваная ў Беларусі?»

Аляксандар Старыкевіч
Аляксандар Старыкевіч

Аляксандр Старыкевіч: «Гэта ніяк не стыкуецца. Проста час падарункаў скончыўся, нягледзячы на беспрэцэдэнтна вялікія расейскія субсыдыі.

У зьнешнепалітычным кантэксьце для Лукашэнкі склалася вельмі выгодная сытуацыя. Бо зноў актуалізаваўся лёзунг „Абы не было вайны“ на тле ўкраінскага канфлікту. Адпаведна, зьнікае патрэба напампоўваць заробкі напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі. Вось Лукашэнка і рыхтуе грамадзтва да таго, што ня будзе вам абяцанай тысячы даляраў заробкаў. Маўляў, жывіце і радуйцеся таму, што ёсьць. А калі што ня так, то самі вінаватыя».

Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман: «Калі грошай няма, то нічога іншага і не застаецца. Адзін кірунак працы — пошук новых замежных крэдытаў. Другі кірунак — мінімізацыя выдаткаў. Варта заўважыць, што нашмат больш зэканоміць можна было б, калі б скарацілі розныя дзяржаўныя праграмы. Але ўлады баяцца, што ўзьнікнуць праблемы з працай прадпрыемстваў. Таму вырашылі эканоміць на заробках і сацыяльных ільготах. Калі ж насельніцтва будзе рэагаваць адмоўна, то Лукашэнка, як добры папуліст, будзе карэктаваць рашэньні па гэтым пытаньні».

Чым небясьпечны для Беларусі падатковы манэўр у Расеі?

Карбалевіч: «Усе зьвярнулі ўвагу на разважаньні Лукашэнкі пра падатковы манэўр у Расеі. Кіраўнік Беларусі лічыць, што гэты працэс становіць небясьпеку для эканомікі Беларусі. Лукашэнка кажа, што гэта парушае правілы функцыянаваньня Эўразійскага эканамічнага саюзу, увогуле ранейшыя дамоўленасьці з Расеяй. Ён нават заклікаў дэпутатаў абараняць інтарэсы Беларусі пры абмеркаваньні пытаньня пра гэты саюз у Палаце прадстаўнікоў. Як гэта можна пракамэнтаваць?»

Старыкевіч: «Падатковы манэўр зьмяншае маржу, якую Беларусь атрымлівае дзякуючы таму, што купляе нафту па ўнутрырасейскіх цэнах, а прадае за мяжу вырабленыя зь яе нафтапрадукты па ўсясьветных цэнах.

Думаю, падатковы манэўр наўрад ці супярэчыць дамоўленасьцям у рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу. Бо фармаваньне падатковай сыстэмы — унутраная справа чальцоў гэтага саюзу. Напрыклад, наступным годам Беларусь плянуе падвысіць падаходны падатак, таксама падатак на дададзеную вартасьць, але з саюзьнікамі па гэтым пытаньні наўрад ці кансультуецца.

Аднак беларускае кіраўніцтва спрабуе скарыстаць сытуацыю і „выкаціць“ Расеі рахунак за гэты падатковы манэўр. Разьлік на тое, што саюзьнікаў у Расеі цяпер няшмат, таму Масква мусіць імі даражыць. Рахунак, хутчэй за ўсё, будзе большы, чым рэальныя страты. Лукашэнка выкарыстоўвае добра засвоеную ім тактыку, як „даіць“ Крэмль. Яна дзейнічае ўжо больш за 20 гадоў».

Калі Лукашэнка кажа, што Расея парушае дамоўленасьці, то гаворка ідзе не пра дамоўленасьці, зафіксаваныя ў афіцыйных дакумэнтах, а пра дамоўленасьці ў кулюарах

Прэйгерман: «Адносіны Беларусі з Расеяй, ці, калі казаць шырэй, у межах постсавецкай альбо эўразійскай інтэграцыі, — гэта спэцыфічная мадэль адносін. Яна грунтуецца на абмене рэсурсамі. Адзіны інтэграцыйны рэсурс Расеі — грошы. Яны могуць быць і ў форме энэргарэсурсаў, і ў выглядзе крэдытаў. Рэсурс Беларусі — магчымасьць задаволіць геапалітычныя патрэбы Крамля, удзел у расейскіх інтэграцыйных праектах. Вось краіны і абменьваюцца гэтымі рэсурсамі. Думаю, Расея ня можа не задаволіць патрэбы беларускага боку. Таму будуць шукацца нейкія кампрамісныя варыянты.

І ня маюць значэньня юрыдычныя падставы для такіх патрабаваньняў з боку Менску. Лукашэнка дзейнічае на падставе тых традыцыяў і правіл, якія існуюць на постсавецкай прасторы. Калі Лукашэнка кажа, што Расея парушае дамоўленасьці, то гаворка ідзе не пра дамоўленасьці, зафіксаваныя ў афіцыйных дакумэнтах, а пра дамоўленасьці ў кулюарах».

Ці можа Палата прадстаўнікоў не ратыфікаваць пагадненьне аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу?

Карбалевіч: «Ці дойдзе справа да таго, што ў гэтым торгу Менск пойдзе на скандал і Палата прадстаўнікоў можа не ратыфікаваць пагадненьне аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу, якое Лукашэнка падпісаў на саміце ў Астане ў траўні гэтага году?»

Старыкевіч: «Думаю, што не. Хоць тэарэтычна нічога выключаць нельга. Зразумела, Палата прадстаўнікоў будзе рабіць усё, што загадае Лукашэнка. Але пры такім сцэнары для Лукашэнкі пагрозы значна большыя за прыбыткі. Бо калі Менск тарпэдуе ўлюбёны праект Пуціна, то Беларусь можа пазбавіцца ўсіх расейскіх субсыдыяў. Таму пагражаць гэтым сцэнарам Лукашэнка можа, але ён мне не падаецца рэальным».

Прэйгерман: «Як інструмэнт торгу можа быць выкарыстаны і гэты чыньнік. Іншая справа, што існуюць „чырвоныя лініі“, якія Лукашэнка добра адчувае і ня будзе перакрочваць. Таму да нератыфікацыі справа ня дойдзе.

Нагадаю, што напярэдадні падпісаньня дамовы аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу Лукашэнка таксама вельмі скептычна яго ацэньваў, казаў, што гэта не зусім тая дамова, якую мы хочам падпісваць. Але ж падпісаў. І цяпер бакі знойдуць кампраміс».

Чаму Аляксандар Лукашэнка раптам выступіў у абарону беларускай мовы?

Карбалевіч: «Лукашэнка, разважаючы пра недахопы ў адукацыі, зьвярнуў увагу, што мала гадзін у школе адводзіцца на беларускую мову. У 2014 г. гэта ўжо другое выказваньне Лукашэнкі ў падтрымку беларускай мовы. Што б гэта значыла?»

Старыкевіч: «Можна толькі вітаць зьмену настрояў Лукашэнка ў гэтым пытаньні. Ён такім чынам „падміргвае“ нацыянальна арыентаванай частцы грамадзтва.

Улада зрабіла шмат, каб беларуская мова апынулася ў надзвычай цяжкім стане

Але ня варта гэта і перабольшваць. Бо ўлада зрабіла шмат, каб беларуская мова апынулася ў надзвычай цяжкім стане. Таму я не вялікі аптыміст у гэтым пытаньні».

Прэйгерман: «Я разглядаю падобныя заявы Лукашэнкі ў пляне экзыстэнцыяльнай неабходнасьці выбудоўваньня незалежнай Беларусі. Папярэднія гады гэтае будаўніцтва вялося на іншых прынцыпах. Гэта была мадэль грамадзянскага нацыяналізму, які шмат у чым грунтаваўся на расейскіх традыцыях.

Але для Лукашэнкі незалежная Беларусь — гэта пытаньне яго палітычнага існаваньня. Таму ён і шукае чыньнікі, як гэтае існаваньне ўмацоўваць. І на тле ўкраінскіх падзеяў сёньня этнакультурны чыньнік становіцца крыху больш важным. Тым больш што Лукашэнка цяпер імкнецца заігрываць і з Захадам, і з нацыянальна арыентаванай часткай грамадзтва. Але не выпадае чакаць нейкай рэвалюцыі, якая будзе базавацца на этнічным нацыяналізьме».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG