1 кастрычніка ў Магілёўскай ратушы абвясьцілі імя гарніста, які, паводле задумы, «будзе абуджаць» магілёўцаў.
Мэханічнага трубача назвалі Магіславам. Тры разы на дзень пад гукі фанфары ён мае «выходзіць» з будынка ратушы.
Кіраўнік музэю гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў заявіў Свабодзе, што ў мэханічнага трубача — пасада ганаровага фанфарыста:
«Гэта сымбалічны ганаровы вобраз, які фанфарай абуджае горад — дае сыгнал на пачатку пэўнай гадзіны, альбо падзеі. Гэта такая распаўсюджаная ў сярэднявеччы традыцыя. Абуджаць ён будзе гараджан першы раз апоўдні, другі раз а восьмай вечара, бо васьмёрка — гэта сымбаль вечнасьці. У трэці раз ён будзе „выходзіць з ратушы“ у момант заходу сонца».
Вырабілі ганаровага магілёўскага фанфарыста скульптар Андрэй Вераб’ёў і гадзіньнікавы майстар Генадзь Галоўчык.
Андрэй Вераб’ёў зазначае, што мэханічны гарніст — гэта яшчэ адзін магілёўскі сымбаль, які, на ягоную думку, будзе рабіць горад візуальна пазнавальным і адметным.
«У Магілёва, — кажа скульптар, — зьявілася яшчэ адна цікавостка, якую можна паказваць гасьцям гораду. Трубача ўсталявалі на знакавым для гораду будынку — ратушы. І ён цяпер частка яе. У кожнага эўрапейскага гораду ёсьць свая адметнасьць — у Магілёва свая».
На імпрэзу, прымеркаваную да «імянінаў» трубача прыйшло нямала гасьцей. Магіслава ўсталявалі на бальконе ратушы 28 чэрвеня. Тады ж яго паказалі магілёўцаў. Сёньня ён паказаўся другі раз.