Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў зьбіраецца «паднапружыць» Маскву


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Пры фармаваньні прававой базы Эўразійскага эканамічнага саюзу беларускія дэпутаты павінны найперш зыходзіць з інтарэсаў сваёй краіны.

Пра гэта заявіў 29 верасьня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь сябрамі рады Палаты прадстаўнікоў, куды ўваходзяць кіраўнік ПП, ягоны намесьнік і старшыні камісіяў:

«Калі вы будзеце бачыць, што дзесьці зроблена памылка пры падрыхтоўцы гэтага дакумэнту, а ён вельмі важны, вы, калі ласка, інфармуйце і мяне ў тым ліку і не спыняйцеся ні перад чым, абараняючы інтарэсы беларускага народу».

Лукашэнка зьвярнуў увагу на тое, што «нам з вамі, можа, нават бліжэйшым часам, гэтымі днямі, давядзецца працаваць над ратыфікацыяй адпаведных міжнародных пагадненьняў. І ваша задача — праз усе парлямэнцкія інструмэнты садзейнічаць фармаваньню дагаворна-прававой базы Саюзу, пры гэтым трэба стаяць на варце нашых інтарэсаў».

Палата прадстаўнікоў, восеньская сэсія якой традыцыйна пачынаецца 2 кастрычніка, ратыфікуе пагадненьне, кажа Свабодзе палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

«Машына эўразійскай інтэграцыі запушчаная. І станавіцца на яе шляху Лукашэнка не рызыкне. Але разам з тым пасьля Крыму і ён, і Назарбаеў чухаюць патыліцу. Яны і раней ведалі, што Расея — імпэрыя. І ад яе чакаць можна чаго заўгодна. І гісторыя з Крымам у гэтым іх зноў пераканала.

А па-другое, Лукашэнка падпісаў дакумэнты аб Эўразійскай эканамічнай супольнасьці ў траўні ў немалой ступені таму, што Расея паабяцала навар ад нафтавага мыта. А цяпер расейцы пачалі рабіць падатковы манэўр. І ў выніку гэтыя выгады сплываюць з-пад носу.

Гэтыя два моманты і прымушаюць беларускае кіраўніцтва калі не тарпэдаваць гэтыя дамоўленасьці, што вельмі рызыкоўна, то, ва ўсялякім разе, пачаць яшчэ адзін раўнд торгу вакол іх. І таму словы Лукашэнкі да дэпутатаў паказваюць, што ў Менску могуць пацягнуць рызіну і паспрабаваць выцягнуць яшчэ нешта з Масквы, бо Расея хоча, каб гэты саюз запрацаваў у вызначаны час. А трошкі зноў паднапружыць Маскву беларускі кіраўнік не адмовіцца».

Эўразійскі эканамічны саюз пачне дзейнічаць ад 1 студзеня 2015 году. Гэтая дата вызначаная ў пагадненьні аб ягоным стварэньні. Адпаведны дакумэнт падпісалі 29 траўня ў Астане прэзыдэнты трох краін — Беларусі, Казахстану і Расеі. Аднак згодна з заканадаўствам пагадненьне павінны ратыфікаваць і нацыянальныя парлямэнты. На мінулым тыдні дакумэнт ратыфікавалі ў Дзярждуме, на чарзе — падобныя працэдуры ў Беларусі і Казахстане.

Аляксандар Класкоўскі зьвяртае ўвагу і на тое, што ў новую супольнасьць хуткімі тэмпамі цягнуць яшчэ дзьве краіны — Армэнію і Кіргізстан:

«Гэта бедныя краіны. І, з пункту гледжаньня беларускага кіраўніцтва, гэтым толькі павялічваецца чарга „просьбітаў“, тых, хто будзе стаяць з працягнутай рукой у чарзе па датацыі з Масквы. Гэта ж нашы канкурэнты.

А разам з Армэніяй у гэты саюз уцягнуць і праблему Нагорнага Карабаху. Гэта таксама такія моманты, якія ўголас, можа, і не прагаворваюцца, хоць Лукашэнка і згадваў Карабах некалькі месяцаў таму. Але для Лукашэнкі гэта толькі новая падстава, каб выставіць Маскве пэўны рахунак. Калі мы ўступаем у ваш праект з гэткай колькасьцю падводных камянёў, дык давайце нам хаця б добра праплаціце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG