25 верасьня ад выкіду гарачай пары на Наваполацкай ЦЭЦ загінулі два рамонтнікі трэсту «Белэнэргарэмналадка». Былы супрацоўнік ЦЭЦ паведаміў падрабязнасьці.
«Падчас рамонту кранам зачапілі шафу кіраваньня засаўкамі. І тут выявілася, што засаўка, якая павінна была быць адключаная, раптам запрацавала, яна адкрылася, і на людзей пайшла вада пад ціскам 200 атмасфэр і з тэмпэратурай 200 градусаў Цэльсія. Пры такіх характарыстыках можна рэзаць мэтал. Хто трапіў, адразу загінуў. Яшчэ пашанцавала будаўнікам, якія за 20 хвілін да таго ўсе пайшлі на сьняданак, інакш ахвяр было б на парадак больш».
Што можа быць прычынай здарэньня? Паводле суразмоўцы, гэта можа быць як памылка працаўнікоў, так і недагляд тых, хто адказны за спраўнасьць абсталяваньня. У Сьледчым камітэце завялі крымінальную справу, сьледчыя абяцаюць разабрацца. Працаўнікі ЦЭЦ мяркуюць, што кагосьці з начальнікаў панізяць на пасадзе, але ня больш за тое.
Паводле дэпартамэнту аховы працы Міністэрства працы, 194 беларусы загінулі на вытворчасьці ў 2013 годзе. У 2009 годзе загінулых было болей — 324 чалавекі, у 2003-м — 223. Афіцыйная статыстыка няшчасных выпадкаў вагаецца, але збольшага ідзе ўсё ж на паляпшэньне. Аднак юрыст Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Уладзімер Лазоўскі сумняваецца ў праўдзівасьці гэтых дадзеных.
«Статыстыка па няшчасных выпадках, якую нам паказваюць, — гэта недзе адсоткаў 70–60 ад рэальнасьці. Камусьці могуць даць грошы за тое, каб не падымаў шуму і пагадзіўся на бытавую траўму, ці прыроўніваюць да п’яніцы. Калі няшчасны выпадак здарыўся пры выконваньні працы не паводле загаду наймальніка, ці падчас зьдзяйсьненьня злачынства, ці пад алькагольным ці наркатычным ап’яненьнем, тады складаецца акт не паводле формы Н-1, як адносна няшчаснага выпадку на вытворчасьці, а як бытавая траўма. І такія траўмы ў афіцыйную статыстыку не трапляюць».
Сярод асноўных прычын няшчасных выпадкаў на вытворчасьці ў Беларусі лідзіруе дрэнная арганізацыя працы і ўтрыманьня працоўных месцаў. На другі радок адмыслоўцы ставяць старое і сапсаванае абсталяваньне. Потым ідуць недахоп працоўнай дысцыпліны і невыкананьне кіраўнікамі абавязкаў па ахове працы. Яшчэ ў 2004 годзе Аляксандар Лукашэнка выдаў Дырэктыву аб умацаваньні дысцыпліны і парадку, паводле якой на кіраўнікоў вытворчасьці была ўскладзеная пэрсанальная адказнасьць за стан працоўнай дысцыпліны і сытуацыю з аховай працы. У той час Уладзімер Лазоўскі працаваў старшынём прафкаму Менскага заводу шарыкападшыпнікаў. Як ён ацэньвае вынікі 10 гадоў, што прайшлі з прыняцьця дырэктывы Лукашэнкі?
Статыстыка па няшчасных выпадках, якую нам паказваюць, — гэта недзе адсоткаў 70–60 ад рэальнасьці
«Людзей, якія б праз гэтую дырэктыву панесьлі якія пакараньні, багата я ня бачыў. Могуць пасадзіць за што заўгодна, але каб звольнілі на патрабаваньні прафсаюзаў ці дзяржінспэкцыі — такога збольшага няма. Хоць сьмяротныя выпадкі якраз адбываюцца ў асноўным ці за кошт тэхнічнага стану, ці з-за арганізацыі працы. На паперы нібыта паляпшаюцца справы, але ў жыцьці — інакш».
Ва ўсім сьвеце пра бясьпеку на працы дбае найперш уласьнік прадпрыемства, які зацікаўлены, каб было менш стратаў на пакрыцьцё траўматызму. Другое «пільнае вока» — прафсаюзы, якія ў пэўных выпадках ідуць на жорсткі канфлікт з уласьнікам, каб забясьпечыць правы сваіх сяброў. «Бясьпека — першае пытаньне на перамовах, толькі другім ідзе заробак», — кажуць адмыслоўцы пра заходні досьвед у гэтай галіне. У Беларусі прафсаюзы пераважна засталіся прыдаткам дзяржаўных адміністрацыяў прадпрыемстваў. Ці выконваюць яны ролю абаронцаў правоў працоўных на бясьпечную працу? Уладзімер Лазоўскі кажа, што пэўную працу прафсаюзы робяць, але збольшага «толькі тое, што ім дазваляюць».
Лідэр Кангрэсу незалежных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук мяркуе, што прычыны вялікага траўматызму на заводах Беларусі маюць сыстэмны характар.
«Мы сябрам нашых незалежных прафсаюзных суполак заўсёды кажам: ніколі не ідзіце на нейкі кампраміс з начальствам, калі яны прапаноўваюць схаваць выпадак траўмаваньня. „Ты зламаў нагу ці руку, ці атруціўся шкоднымі рэчывамі, дык не кажы, што гэта на вытворчасьці, а скажы, што быў у хаце, зваліўся зь лесьвіцы. А мы табе ўсё аплацім, кампэнсуем“. Не. Шмат разоў бывала, што людзі пагаджаліся, а потым вельмі шкадавалі. Бо тое ж атручэньне ці пералом часта адгукаюцца пагаршэньнем здароўя на ўсё жыцьцё, але ўжо нічога ня зробіш, бо паводле дакумэнтаў выпадак аформлены як бытавы. Тут прычына менавіта ў камандна-адміністрацыйнай сыстэме кіраваньня, якая зацікаўленая ня ў тым, каб выкрываць факты парушэньняў правілаў бясьпекі працы, а каб іх хаваць».