Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паветра — з пылам цэмэнту, а вясковыя калодзежы — без вады


Коміны старога Крычаўскага цэмэнтнага заводу
Коміны старога Крычаўскага цэмэнтнага заводу

У Крычаўскім раёне два цэмэнтныя заводы. Дзеля патрэбаў іх вытворчасьці распрацаваныя некалькі кар’ераў. Як ужываюцца жыхары навакольных вёсак з інфраструктураю гэтай вытворчасьці? Ці задаволеныя такім жыцьцём?

Cёньня Крычаўскі раён наведала вялікая група сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў. Крычаўскі прэс-тур журналісты прысьвяцілі знаёмству зь мясцовымі цэмэнтнымі заводамі і навакольным асяродзьдзем. У Крычаўскім раёне два цэмэнтныя заводы. Дзеля патрэбаў іх вытворчасьці распрацаваныя некалькі кар’ераў. Як ужываюцца жыхары навакольных вёсак з інфраструктураю гэтай вытворчасьці? Ці задаволеныя такім жыцьцём?

З чыгуначнай станцыі Міхеевічы новы цэмэнтны завод выглядае эфэктна. Высокія вежы, пафарбаваныя ў сіні колер, і чысьціня навокал. Рэдкі пасажыр цягніка не зірне на жалезныя будыніны. Завод узводзілі за кітайскія грошы з выкарыстаньнем кітайскіх тэхналёгіяў ды пра ўдзеле кітайскіх спэцыялістаў. Будоўля то спынялася, то аднаўлялася. Абяцанага прыбытку ад заводу няма. Афіцыйныя крыніцы прызнаюць, што прадукцыю завод цалкам збыць ня можа. Вытворчасьць працуе са стратамі.

Церпяць ад працы заводу і жыхары навакольных вёсак.

Жыхары Міхеевічаў апавядаюць, што навокал багата сыравіны для цэмэнту. Для новага заводу распрацавалі новы кар’ер. Разам з рудой паволі зьнікае ў мясцовых калодзежах і вада.

Адміністрацыйны корпус новага крычаўскага заводу
Адміністрацыйны корпус новага крычаўскага заводу

«Што панізіўся ўзровень вады, то ёсьць такое», — прызнае жыхар Міхеевіч.

«Адзін кар’ер выкапалі, цяпер другі кар’ер, — кажа вясковец. — Калі пачнуць паглыбляцца, то яшчэ панізіцца, а то і зусім зьнікне вада з нашых калодзежаў».

Міхеевічы — вёска вялікая: дзьвесьце жыхароў. Водаправоду няма. «Але абяцалі неўзабаве правесьці», — хітравата ўсьміхаючыся, кажуць вяскоўцы. Новы завод не прынёс добрых пераменаў у іхнае жыцьцё. Пра яго апавядаюць панура ды прыгнечана:

«Мы ўжо век свой дажываем. Улада наша на нас слаба ўвагі зьвяртае. Як кажуць, мы ўжо і звыкліся. Каму цяпер скардзіцца? Зямлю нашу калгасную забралі. Ніхто на ёй нічога ня сее. Пустуе. Ад дарогі мэтраў дзьвесьце пасеюць для паказухі. А далей — перакаці-поле. Наш прэзыдэнт тады, калі быў на заводзе, дык абяцаў заняцца ўсходам, але нешта ён не займаецца ім. Маўчыць», — наракае на жыцьцё вясковец сталага веку.

Бажаўцы выпытваюць у вяскоўца «таямніцы» жыцьця каля цэмзаводаў
Бажаўцы выпытваюць у вяскоўца «таямніцы» жыцьця каля цэмзаводаў

Паводле жыхара Міхеевічаў, цэмэнтны завод зьбіраліся ўзьвесьці ў навакольлі яшчэ за савецкім часам, але тады мясцовая ўлада і людзі ўзьняліся супраць такіх намераў. Новая вытворчасьць, кажа суразмоўца, магла давесьці багаты тутэйшы саўгас да банкруцтва, бо шмат людзей паўцякала б працаваць на завод:

Цяпер нічога няма, нават жывёлы няма. І мы тут жывём нікому не патрэбныя

«Саўгас быў багаты. Даваў 700–800 тон мяса ў год. Малака шмат даваў. У нас быў сьпіртзавод, вінцэх. Цяпер нічога няма, нават жывёлы няма. І мы тут жывём нікому не патрэбныя».

У суседняй вёсцы, якая завецца Каменкай, сытуацыя яшчэ горшая. Вады тут у калодзежах зусім няма.

«Цяпер паглыбілі кар’еры, яна і сыходзіць. Ваду нам цяпер возяць у піўной бочцы два разы на тыдзень, — кажа жыхар Каменкі. — Бяруць яе з цэмзаводу ў Крычаве. Але ж калі была свая вада, то было лепей. Калодзеж жа ёсьць калодзеж. Ня трэба чакаць. Пайшоў ды набраў».

Да пылу з старога цэмэнтна-шыфэрнага заводу, а цяпер і новага, тутэйшае насельніцтва прызвычаілася. За шкоду яго нялічыць. Пры гэтым людзі адзначаюць, што мусяць доўга адмываць рэчы, пакінутыя надоўга ў двары.

Запрошаны на прэс-тур экспэрт найперш зьвяртае ўвагу на шкодныя выкіды цэмэнтнай вытворчасьці. Спасылаецца на вынікі афіцыйных досьледаў, якія ня выявілі, як ён кажа, істотнага росту хваробаў у жыхароў Крычаўскага раёну ад пылу. Тым ня менш адзначае, што праблема існуе:

«Пыл жа ўдыхаецца ў арганізм, і, зразумела, гэты фактар аказвае ўплыў на здароўе. Акрамя таго, людзі знаходзяцца ў пыле пастаянна. Адзежу пастаянна трэба мыць, а сушыць як яе ў пыле? Таму і на бытавыя ўмовы таксама пыл узьдзейнічае, як і на здароўе».

Прызнаў экспэрт і праблемы з забесьпячэньнем вадой у вёсках, што паблізу ад цэмзаводаў. У некаторых, паводле яго, водаправод быў, але за доўгія гады няўвагі заняпаў.

Журналісцкі дэсант каля адміністрацыйнага будынку старога крычаўскага цэмэнтна-шыфэрнага заводу
Журналісцкі дэсант каля адміністрацыйнага будынку старога крычаўскага цэмэнтна-шыфэрнага заводу

Журналісты зь іншых беларускіх мясьцін уражаныя ўбачаным у Крычаве. Найбольш іх зьдзівіў стары цэмэнтны завод. Паводле журналістаў, гаварыць пра экалягічную бясьпеку на ім не выпадае. Зьміцер Лупач з Глыбокага адзначае, што ў іх на Віцебшчыне няма цэмзаводаў, і дыхаць у Крычаве яму цяжка:

«Як дыхаецца, то адразу адчуваецца пыл. З заводу пастаянна ідзе выкід пары і разам зь ёю — шкодных выкідаў. І відаць, што гэта дужа шкодна для навакольнага асяродзьдзя і людзей, якія блізка пражываюць».

Журналістаў зьдзівіў і незвычайны налёт на дахах прыватных дамоў ля заводу. За шмат гадоў на дахах утварыўся немалы закалянелы пласт выкідаў. Мясцовыя жыхары на гэта ўжо не зьвяртаюць асаблівай увагі, як і на паветра з пылам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG