Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У жніўні прымаў Лукашэнку, у верасьні — арыштавалі


Крычаўскі цэмэнтны завод, архіўнае фота
Крычаўскі цэмэнтны завод, архіўнае фота

На Магілёўшчыне арыштавалі генэральнага дырэктара акцыянэрнага таварыства «Крычаўцэмэнташыфэр» Леаніда Скоцкага.

Супраць яго распачата крымінальная справа за крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры. Паведамляецца, што кіраўнік аднаго з найбольшых у Беларусі прадпрыемстваў па вырабе цэмэнту зьбіраўся прысабечыць 40 мільёнаў рублёў, выдзеленых на выплату прэміі працаўнікам. Сьледчы камітэт шукае іншыя факты незаконнай дзейнасьці Леаніда Скоцкага.

Леанід Скоцкі ў статусе падазраванага цяпер утрымліваецца ў сьледчым ізалятары Магілёўскай папраўчай установы «Турма № 4». Яго затрымлівалі супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў.

Сайт міністэрства паведамляе, што Скоцкі (ягонае імя не называецца) падпісаў загад аб прэміяваньні працаўнікоў за эканомію паліўна-энэргетычных рэсурсаў і даручыў аднаму з падначаленых сабраць з прэміяваных пэўную суму грошай. Калі яму перадавалі сабраныя 40 мільёнаў рублёў, яго й затрымалі.

Супрацоўнікі адміністрацыі прадпрыемства адмаўляюцца камэнтаваць зьняволеньне Леаніда Скоцкага. На пытаньні, зьвязаныя зь яго затрыманьнем і дзейнасьцю як кіраўніка, адказваюць каротка:

«Без камэнтароў. Сьледзтва пакажа. Я не хачу на гэтую тэму з вамі размаўляць».

Працаўнікі прадпрыемства таксама неахвотна гавораць на гэтую тэму. Што да жыхароў райцэнтру, то некаторыя толькі ад журналіста даведаліся пра затрыманьне Леаніда Скоцкага.

«Ён жа тут нядаўна працуе нібыта. Нібыта ў іх і заробкі немалыя. А можа, гэта ўсё няпраўда. І што, па тэлевізіі паказалі ўжо? Хацелася б, каб усё было па-чэснаму. Усё ж у іх заробкі большыя, чым у працаўнікоў. Можа, такім чынам іх да парадку завуць. Калі ўжо такога рангу кіраўніка прыкмецілі, то, можа, і перамены да лепшага будуць».

Яшчэ жыхар Крычава лічыць, што затрымалі Скоцкага справядліва:
Мо й сачылі за ім, бо тут хадзілі чуткі, што ён хапуга

«Дужа ён любіў грошы. Усё ў яго пераводзілася ў грошы. Атрымаў па заслугах. Мо й сачылі за ім, бо тут хадзілі чуткі, што ён хапуга. „Цэмэнташыфэр“ — галоўнае прадпрыемства ў Крычаве. Больш тут працы практычна няма. На ім можна зарабіць. Больш людзям няма куды падзецца».

16 жніўня ў Крычаве з удзелам Аляксандра Лукашэнкі быў сымбалічна запушчаны новы цэмэнтны завод. Будавалі яго на кітайскія інвэстыцыі. Менавіта ў Крычаве кіраўнік дзяржавы пагрозьліва выказаўся пра пасярэдніцтва.

«Кіраўнік — у турму. Фірма ліквідуецца. І больш ён прадпрымальніцтвам займацца ня будзе. Я папярэджваю апошні раз пра гэта публічна, трэці раз. Гэта ж складнік сабекошту. І час ужо гэтае пасярэдніцтва прыкрыць. Мне проста выяўленьня факту і доказу ня трэба. Мне трэба кампэнсацыя шкоды прадпрыемству. Дараваньня за гэта ня будзе, які б вы статус ні займалі».

Крычаўскі журналіст, былы супрацоўнік райвыканкаму Мікалай Гердзій лічыць, што хоць выказваньне Аляксандра Лукашэнкі не ўвязанае з тым, што інкрымінуецца Леаніду Скоцкаму, яно прагучала нездарма.

Мікалай Гердзій
Мікалай Гердзій
«Незадавальненьне на заводзе дзеяньнямі Скоцкага як кіраўніка расло. Яго ж рабілі чалавекам году, чальцом выканкаму. Ён зямлі пад сабой не адчуваў. Прыезд Лукашэнкі чакаўся тут як магчымасьць навесьці хоць нейкі парадак. Зразумела, што зьвесткі ў яго былі ад спэцслужбаў, якія існуюць тут меркаваньні. Арышт — такі палітычны ход для ўмацаваньня іміджу Лукашэнкі. Вось прыехаў барын, усіх рассудзіў і пакараў».

Паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Крычаў на адкрыцьцё новага цэмэнтнага заводу скончылася на пазытыўнай ноце. Кіраўнік дзяржавы нібыта застаўся задаволены:

«Гэта прыгажосьць. Сапраўды, задавальненьне можна атрымаць, прыехаўшы на гэтае прадпрыемства, бо настрой для кіраўніка таксама шмат чаго значыць. Іншым разам ідзеш на працу і думаеш — лепей бы не хадзіў».

На заўвагу кіраўніка дзяржавы Леанід Скоцкі адказаў, што цалкам зь ім згодны.

Кіраўніком акцыянэрнага таварыства «Крычаўцэмэнташыфэр» Леаніда Скоцкага прызначылі 30 сьнежня 2011 году. Да гэтага ён працаваў намесьнікам генэральнага дырэктара прадпрыемства. Кіраваў рэалізацыяй беларуска-кітайскага інвэстыцыйнага праекту — будаваў новую лінію па выпуску цэмэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG