«Выглядае на тое, што фармуецца новы трэнд: першакурсьнікі паступаюць ня толькі зь вялікіх гарадоў і памежных рэгіёнаў Беларусі, але і зь меншых мястэчак у іншых абласьцях», — адзначае каардынатар аддзелу ЭГУ па наборы студэнтаў Максімас Мілта.
Больш за 95% новых студэнтаў паходзяць зь Беларусі, сярод астатніх — прадстаўнікі Расеі, Украіны, Літвы і Казахстану.
Афіцыйная цырымонія адкрыцьця новага навучальнага году адбудзецца 30 верасьня. Падчас імпрэзы рэктар-заснавальнік ЭГУ акадэмік Анатоль Міхайлаў прачытае адкрытую лекцыю.
ЭГУ — прыватны, некамэрцыйны ўнівэрсытэт, заснаваны ў Менску ў 1992 годзе. Пасьля закрыцьця беларускімі ўладамі ў 2004 годзе ЭГУ працягнуў сваю працу ў Вільні. Цяпер тут навучаецца каля 1500 студэнтаў.
Паводле вынікаў апытаньня выпускнікоў, праведзенага ў дзень уручэньня дыплёмаў 11 ліпеня 2014 году, 61% рэспандэнтаў сказалі, што вернуцца ў Беларусь адразу, як скончаць навучаньне. 18% выпускнікоў плянавалі працаваць у іншай краіне, 14% — вучыцца ў іншай краіне, і 7% — шукаць працы ў іншай краіне. У апытаньні ўзялі ўдзел 67% ад агульнай колькасьці выпускнікоў.