Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт у ЭГУ: Правост абвінавачвае незадаволеных выкладчыкаў у падрыве фінансавага стану ўнівэрсытэту


Дэйвід Полік
Дэйвід Полік

Дэвід Полік, правост ЭГУ, заяўляе, што пытаньні падчас разгляду асобных кандыдатураў на пасады супрацоўнікаў унівэрсытэту ўзьніклі таму, што яны заклікаюць донараў не даваць унівэрсытэту фінансавай падтрымкі. Адзін з выкладчыкаў Максім Жбанкоў заявіў, што гэта няпраўда.

Выкладчыкі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсітэту Максім Жбанкоў, Аляксей Крывалап і Вольга Шпарага атрымалі ліст ад камісіі па найме прафэсарска-выкладчыцкага складу. Іх просяць патлумачыць, якім чынам яны бачаць супрацу з унівэрсытэтам у сьвятле свайго крытычнага стаўленьня да рашэньняў унівэрсітэту і яго кірунку разьвяцьця.

«Вы неаднаразова дэманстравалі прынцыповую нязгоду з існым курсам і рашэньнямі ўнівэрсытэту. Гэта рабілася як у пісьмовай форме, так і ў публічных заявах, для зацікаўленых асобаў ва ўнівэрсітэце і за ягонымі межамі. З улікам гэтых заяў, натуральна, узьнікае пытаньне: чаму вы жадаеце працаваць ва ўстанове, зь якой у вас істотныя рознагалосьсі і чый курс вы не падтрымліваеце? Калі ласка, апішыце больш дакладна для камісіі па найме вашае бачаньне таго, як вы можаце і жадаеце працаваць на карысьць і садзейнічаць рэалізацыі місіі й курсу ўнівэрсытэту як цэласнай арганізацыі пад кіраўніцтвам органаў кіраваньня ўнівэрсітэтам», — гаворыцца ў лісьце, які атрымалі выкладчкі ад каміі па найме.

Выкладчыкі выступілі з публічнай заявай, у якой выказалі абурэньне з нагоды такой просьбы. Яны лічаць, што «ў сваім лісьце адміністрацыя ЭГУ фактычна прызнаецца ў палітычнай матывацыі ўласных кадравых рашэньняў».

Гэтыя дзеяньні Максім Жбанкоў, Аляксей Крывалап і Вольга Шпарага расцэньваюць як адкрыты ціск на нязгодных з курсам кіраўніцтва:

«З унівэрсытэту пасьлядоўна выціскаюцца дэмакратычныя актывісты. Ужо на стадыі папярэдняга разьмеркаваньня нагрузкі на наступны навучальны год застаюцца бяз працы сэнатары ад дэмакратычнай плятформы і чальцы Рады прафсаюзу выкладчыкаў і супрацоўнікаў EHUnion Андрэй Лаўрухін і Андрэй Ралёнак, намесьнік старшыні прафсаюзу Канстанцін Ткачоў. Раней быў датэрмінова звольнены старшыня Сэнату прафэсар Павал Церашковіч. На нашу думку, зачыстка ад іншадумцаў у імя кіруемай зьверху стабільнасці зводзіць на нуль разрэклямаваную місію ЭГУ як „выспы свабоды“ і ставіць пад пытаньне ягоную эфэктыўнасць як адукацыйнага праекту».

Радыё Свабода зьвярнулася па камэнтар да першага правоста ЭГУ, Дэвіда Поліка, які ўзначаліў камісію па найме прафэсарска-выкладчыцкага складу.

— Спадар Дэвід, у чым цяпер палягае праца камісіі, якую вы ўзначальваеце?

— Цяпер мы знаходзімся ў працэсе найму кадраў, які быў арганізаваны Кіроўнай радай ЭГУ. У камісію уваходзяць чатыры кіраўнікі акадэмічных дэпартамэнтаў унівэрсытэту і прарэктар па акадэмічнай працы. Наш клопат палягае ў тым, каб атрымаць ад кіраўнікоў акадэмічных дэпартамэнтаў іх рэкамэндацыі кожнай з асобаў, якая прэтэндуе на адна- ці двухгадовы працоўны кантракт з ЭГУ, у адпаведнасьці зь літоўскім заканадаўствам. Такім чынам, кіраўнікі дэпартамэнтаў робяць рэкамэндацыі, а камісія іх разглядае з пункту гледжаньня адпаведнасьці кандыдатаў, а таксама з пункту гледжаньня колькасьці студэнтаў, бо мы павінны яе ўлічваць, каб ацаніць тое, колькі выкладчыкаў нам патрабуецца.

— Чаму ў камісіі паўсталі дадатковыя пытаньні да Максіма Жбанкова, які працуе ва ўнівэрсытэце 8 гадоў, і Аляксея Крывалапа з Вольгай Шпарагай, якія працуюць ў ЭГУ па 13 гадоў?

— У выпадку з трыма выкладчыкамі, якіх вы ўзгадваеце, пытаньне паўстае ня ў сувязі з тым, ці яны рэкамэндаваныя, ці не рэкамэндаваныя, абмеркаваныя ці не абмеркаваныя ў рамках камісіі, а ў сувязі зь іх падтрымкай і стаўленьнем да ўсяго ўнівэрсытэту ў цэлым. Прычына, паводле якой такое пытаньне паўстала ў шэрагах чальцоў камісіі, у тым, што гэтыя асобы публічна ў межах унівэрсытэту і па-за яго межамі прасілі галоўных спонсараў ЭГУ не даваць установе грошы на яго існаваньне. Таму ў камісіі паўстала пытаньне: ці яны рэальна хочуць працаваць ва ўнівэрсытэце, зь якім яны так фундамэнтальна нязгодныя?

Мы заблытаныя і хочам, каб гэтыя асобы падалі тлумачэньні таго, як яны могуць падтрымліваць унівэрсытэт у цэлым, калі маюць такую супрацьлеглую пазыцыю з адміністрацыяй.Гэта не пытаньне ляяльнасці да адміністрацыі або Кіроўнай Рады, і гэта не зьяўляецца тэмай акадэмічнай свабоды. Такія пытаньні не падымаюцца камісіяй па найме. Гэта строга пытаньне ляяльнасці да агульнай місіі і будучай падтрымкі супольнасці ЭГУ. Таму мы і просім іх патлумачыць, як яны будуць здольныя падтрымліваць унівэрсытэт, калі яны кажуць людзям не даваць унівэрсытэту грошы, што ў сваю чаргу закранае іх калег, якія могуць страціць працу. Любая арганізацыя, акадэмічная ці неакадэмічная, хоча быць упэўненай, што людзі, якія там працуюць, будуць падтрымліваць генэральную місію і лінію.

— А якім чынам будзе прынятае канчатковае рашэньне пра гэтых выкладчыкаў?

— Мы зрабілі такі запыт да іх: калі ласка, патлумачце вашую пазыцыю, каб камісія падчас разгляду вашых асобаў магла ўлічыць вашае бачаньне. Калі мы атрымаем такія тлумачэньні, то падрыхтуем рэкамэндацыі да рэктарата, які прымае канчатковае рашэньне пра найм.

— У звароце Жбанкова, Крывалапа і Шпарагі фігуруюць такія выразы, як акадэмічныя свабоды, палітычна матываваныя рашэньні, выспа свабоды. Ці лічыце вы, што канфлікт паміж гэтымі выкладчыкамі і адміністрацыяй ЭГУ палягае ў такіх паняццях, якія вызначаюць гэтыя словы?

— Я ня ведаю ніводнай кампаніі ці інстытуцыі, якая б не занепакоілася, калі б яе супрацоўнікі заклікалі не набываць тавар, які гэтая кампанія вырабляе, ці казалі б абітурыентам не паступаць туды вучыцца, ці не даваць грошы гэтай кампаніі. Няма такіх арганізацый, якія б падтрымлівалі такія рэчы. І я думаю, што гэтыя выкладчыкі разумеюць, што палітычна матываваныя рашэньні й акадэмічныя свабоды ня маюць дачыненьня да гэтага звароту. Калі паглядзець, што ад іх запатрабавала камісія па найме, то гэта не пацьвердажаньне ляяльнасьці, а тлумачэньне, якім чынам яны могуць падтрымліваць місію ўнівэрсытэту. І гэта не пытаньне звальненьня, а наадварот пытаньне найму на працу.

Адзін са згаданых правостам ЭГУ выкладчыкаў Максім Жбанкоў заявіў Свабодзе, што выказваньне спадара Поліка аб падрыве імі фінансавага стану ўнівэрсытэту зьяўляецца непраўдзівым:

«Абвінавачваньні спадара Дэвіда Поліка на адрас аўтараў зваротаў абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасьці. Хацелася б даведацца: дзе і калі канкрэтна мы публічна заклікалі не даваць грошай унівэрсытэту і не паступаць туды вучыцца. Наш недавер да наяўнай адміністрацыі ня ёсьць працай супраць ЭГУ. Наадварот: на наш погляд, менавіта крытыка кіраўніцтва ёсьць, магчыма, адзіным сродкам выратаваць праект».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG