Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у 2015 годзе можа страціць на нафце 350 мільёнаў даляраў


Расейскі ўрад унёс у Дзярждуму законапраект аб правядзеньні падатковага манэўру ў нафтавай галіне, перадае РИА «Новости».

Дакумэнт прадугледжвае паэтапнае скарачэньне цягам трох гадоў, пачынаючы з 2015-га, вывазнога мыта на нафту ў 1,7 раза, а на нафтапрадукты ў 1,7–5 разоў. Адначасова істотна падвышаецца падатак на здабычу карысных выкапняў. Экспэрты падлічылі, што экспартнае мыта зь цяперашніх 385 даляраў за адну тону сырой нафты скароціцца да 80 даляраў.

Як гэтыя дзеяньні расейскіх уладаў адаб’юцца на Беларусі, якая апошнім часам атрымлівае з Расеі па 20 мільёнаў тон сырой нафты штогод, прычым частка расейскага экспартнага мыта ідзе ў беларускі бюджэт? На гэтае пытаньне Свабоды адказвае экспэрт Лібэральнага клюбу Антон Болтачка:

«Спэцыялісты зь беларускага ўраду ведалі, што такі законапраект рыхтуецца. І яны зрабілі адпаведныя разьлікі. Паводле гэтага аналізу, у 2015 годзе Беларусь можа страціць 250 мільёнаў даляраў, у 2016-м — 300, а ў 2017-м — да 370 мільёнаў даляраў. Ёсьць і іншыя падлікі. Згодна зь імі, страты будуць большымі — ад 350 мільёнаў у 2015 годзе да паловы мільярда ў 2017-м.

На першы погляд, у маштабе краіны гэта ня вельмі вялікія сумы. Але яны сур’ёзна паўплываюць на пляны ўлады наконт вяртаньня запазычанасьці па зьнешніх пазыках. Таму што 1,5 мільярда даляраў, якія Беларусь у наступным годзе ня будзе вяртаць Расеі ў форме мыта, ужо закладаюцца ў беларускі бюджэт на 2015 год як падмурак фінансавай стабільнасьці пры выплаце амаль чатырох мільярдаў даляраў з улікам працэнтаў зьнешніх пазыкаў.

І ў гэтай сувязі зьвярну ўвагу на такую рэч. У мінулую пятніцу зьявілася паведамленьне пра тое, што ў суботу стане вядома рашэньне беларускага ўраду, ці будуць на наступны год падвышаныя падаткі на дабаўленую вартасьць і падаходны. Сёньня ўжо серада, а рашэньня пакуль няма.

Гэтыя падвышэньні носяць сур’ёзны сацыяльны характар. І калі яны ня будуць уведзеныя, то ўдвая цяжэй будзе шукаць кампэнсацыю за страты ад расейскага манэўру. І ня дзіва, што беларускае кіраўніцтва шукае магчымасьці знайсьці кампэнсацыю за расейскія страты ў самой жа Расеі».

Такая магчымасьць разглядалася ў верасьні на сустрэчы віцэ-прэм’ераў: расейскага — Аркадзя Дварковіча і беларускага — Уладзімера Сямашкі. Аднак да канкрэтнага рашэньня яны не прыйшлі. А ў жніўні старшыня Саўміну Міхаіл Мясьніковіч занепакоена адзначаў: падатковы манэўр можа нэгатыўна адбіцца на рэнтабэльнасьці беларускай нафтаперапрацоўкі.

Ці магчыма, што расейскія ўлады пойдуць на саступкі Менску? Меркаваньне Антона Болтачкі:

«Думаю, што многае будзе залежаць ад таго, што прапануе афіцыйны Менск узамен Крамлю. Пакуль карты на руках у беларускага кіраўніцтва. І яны зьвязаныя з Эўразійскім эканамічным саюзам і пазыцыяй па Ўкраіне. Але ў Расеі цяпер надзвычай вялікая напружанасьць, там свае складанасьці з адтокам капіталу і скарачэньнем валютных запасаў. І яе кіраўніцтва можа адмовіць Менску. І тады Беларусь трапіць у складанае фінансавае становішча».

Аляксандар Лукашэнка раней настойваў, каб пасьля пачатку функцыянаваньня Эўразійскага эканамічнага саюзу (як плянуецца, з 1 студзеня 2015 году) усе абмежаваньні і кампэнсацыі на нафту былі адмененыя. Аднак Расея на гэта не пагадзілася. У якасьці кампрамісу яна дала згоду толькі на паэтапнае зьніжэньне нафтавых пераводаў у расейскі бюджэт зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG