Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра ЦВК Іпатаў не дамогся ўезду ў Эўразьвяз і павінен пакрыць судовыя выдаткі


Эўрапейскі суд адхіліў пазоў намесьніка старшыні Цэнтравыбаркаму Беларусі Вадзіма Іпатава аб выключэньні яго са сьпісу неяўязных.

Такое рашэньне прынятае 23 верасьня, паведамляецца на афіцыйным сайце суду ЭЗ.

Паводле матэрыялаў справы, Рада ЭЗ уключыла Іпатава ў санкцыйны сьпіс на падставе таго, што, будучы намесьнікам кіраўніка ЦВК, ён «нясе адказнасьць за парушэньні міжнародных выбарчых стандартаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году».

Паводле суду, пры ўключэньні Іпатава ў сьпіс неўязных яго правы на абарону парушаныя не былі, а Рада ЭЗ прывяла дастаткова доказаў абгрунтаванасьці ўключэньня Іпатава ў «чорны сьпіс».

У размове з карэспандэнтам Свабоды Іпатаў назваў рашэньне суду «палітычна ангажаваным». Ён лічыць, што ягоная справа «такая ж, як і ў журналіста Міхальчанкі», і мяркуе абскарджваць рашэньне Эўрасуду. Таксама Іпатаў паведаміў, што заплаціў свайму адвакату 6 тысяч эўра, выдзеленых эўрапейскім бокам на абарону ягоных правоў у судзе.

«Але там гаворыцца, што я павінен пакрыць судовыя выдаткі Эўразьвязу. Перакладаем і будзем думаць, як тут дзейнічаць», — сказаў Іпатаў.

Сёньня ж суд ЭЗ пастанавіў выключыць са сьпісу неўязных журналіста АНТ Аляксея Міхальчанку. Паводле суду, Эўрапейская Рада, забараніўшы Міхальчанку ўезд у краіны Эўразьвязу, парушыла яго правы і дапусьціла памылкі ў абгрунтаваньні прычынаў гэтага кроку.

Усяго ў «чорным сьпісе» Эўразьвязу — больш за 200 фізычных і больш за два дзясяткі юрыдычных асобаў, адказных за рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG