Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці добра ведаюць беларусы польскую мову?


Амбасада Польшчы ў Менску запрашае ахвотных паўдзельнічаць у кантрольнай рабоце па польскай мове.

Яна адбудзецца 12 кастрычніка а 12-й гадзіне на вуліцы Захарава, 21 у Менску — у Дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце. Удзельнікі павінны будуць зарэгістравацца на інтэрнэт-старонцы амбасады РП і даслаць фармуляр на электронную пошту ambasada.minsk@msz.gov.pl , упісаўшы як тэму слова «SPRAWDZIAN».

Кантрольную дапаможа правесьці ўнівэрсытэт гораду Катавіцэ.

У Беларусі тым часам ужо існуе свая традыцыя спраўджваньня ведаў польскай мовы. Грамадзкае аб’яднаньне «Польска мацеж школьна», якое знаходзіцца ў Горадні, шэсьць год запар праводзіць дыктоўкі. Па словах кіраўніка арганізацыі Станіслава Сянкевіча, агулам у іх бяруць удзел некалькі соцень чалавек — у Горадні і ў некаторых іншых гарадах, апошнім разам у Магілёве. Званьне майстра польскай артаграфіі сёлета атрымала Іна Надзейка. Дапамагалі правесьці дыктоўку выкладчыкі Беластоцкага ўнівэрсытэту.

«Мацеж школьна» ў Гародні мае свой будынак на вуліцы Гараднічанскай. Удзельнікі дыктоўкі разьмяшчаюцца ў шасьці пакоях. Некалі дыктоўку ўдавалася праводзіць у школе з польскай мовай навучаньня і нават ва ўнівэрсытэце, сказаў Станіслаў Сянкевіч. Польская мова становіцца ўсё больш папулярнай: моладзь зьбіраецца вучыцца ў Польшчы, нехта мае намер знайсьці там працу, а іншыя проста хочуць лепей авалодаць моваю.

Шэсьць гадоў існуе ў Горадні і традыцыя грамадзкай беларускай дыктоўкі. Памяшканьне дазваляе сабраць сто пяцьдзясят, да двухсот чалавек, сказаў адзін з арганізатараў Павал Мажэйка. Раней зьвярталіся з просьбай, каб правесьці яе ў большай залі — ва ўнівэрсытэце, але дазволу не атрымалі. Дыктоўку звычайна прымяркоўваюць да 25 сакавіка, праводзяць яе супольна ТБШ, ТБМ ды іншыя арганізацыі. Удаецца яе правесьці і ў некаторых гарадах вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG