Сёньня прайшлі дзявятыя Гарадзенскія навуковыя чытаньні, іх прымеркавалі да 90-годзьдзя Васіля Быкава. Менавіта ў Горадні, дзе жыў доўгія гады, Быкаў стаў буйным празаікам. Чытаньні падрыхтаваў аддзел краязнаўства абласной навуковай бібліятэкі імя акадэміка Яўхіма Карскага.
Сярод удзельнікаў быкаўскіх чытаньняў — выкладчыкі, краязнаўцы, пісьменьнікі, усе, каму было што сказаць пра творчасьць Быкава альбо хто быў зь ім асабіста знаёмы. Зь Беластоку прыехалі пісьменьніца Міра Лукша і адзін з найстарэйшых беларускіх літаратараў Віктар Швед, які быў знаёмы з Васілём Быкавым.
Як адзначалі ўдзельнікі чытаньняў, пасьля сьмерці пісьменьніка ў Горадні не зьявілася ні мэмарыяльнай шыльды, ні вуліцы, ні помніка. Толькі паўстаў грамадзкі музэй Быкава. Але ён месьціцца ў маленькім пакойчыку вэтэранскай арганізацыі, і ў ягоным статусе нічога не зьмяняецца. Два гады запар прафэсар Сьвятлана Куль-Сяльверстава разам са сваімі студэнтамі займаецца матэрыяламі, сабранымі ў грамадзкім музэі Быкава.
Куль-Сяльверстава: «Вырашылі зрабіць працу па ўпарадкаваньні ці апісаньні архіва Быкава, дакумэнтаў, якія ёсьць пры музэі. Таму што сёньня невядома, які будзе лёс музэю. Я вельмі спадзяюся і сэрцам гэтага хачу, каб ён перарос у сапраўдны вялікі музэй Быкава, той, што трэба мець у Горадні. А як складзецца яго лёс — невядома. А я па сваім досьведзе ведаю, як лёгка нішчацца, гінуць дакумэнты. Дастаткова выпадку: трубу прарвала ці пажар здарыўся».
Сьвятлана Куль-Сяльверстава кажа, што ў музэі ёсьць дакумэнты, якія ўразілі нават яе асабіста:
«Вузкі пэнальчык: паўтара мэтры на чатыры-пяць. Там працаваць унутры немагчыма, мы выносілі на вуліцу дакумэнты. Студэнты самі былі захопленыя. Гэта была моцная выхаваўчая акцыя, калі яны самі сталі працаваць з чарнавікамі.
У музэі захоўваецца замежны пашпарт Васіля Быкава. Вось ён, мы яго сфатаграфавалі. У чым тут інтрыга? Цікава, што тут усе візы і выезды за мяжу. Той, хто будзе пісаць біяграфію пісьменьніка, ён можа прасачыць — дзе і калі ён быў. Калі будзе пытаньне, калі ён прыяжджаў у Прагу на сустрэчу з калегамі, на літаратурныя сустрэчы, — тут будуць усе дакладныя даты».
Дацэнт катэдры турызму і культурнай спадчыны Гарадзенскага ўнівэрсытэту Віталь Карнялюк мяркуе, што жыцьцё і творчасьць Васіля Быкава могуць і павінны стаць адной з самых цікавых турыстычных старонак Горадні, куды пісьменьнік прыехаў пасьля вайны досыць выпадкова, але затрымаўся надоўга:
«І сам Быкаў піша: я прыехаў у горад, дзе ніхто мяне ня ведаў. Быкаў тут стаіць у адным шэрагу зь Дзюма і Шэксьпірам. Людзі проста павінны ў пэўны час прыехаць у Горадню, таму што тут было створана чатырнаццаць твораў ня толькі беларускай, але і сусьветнай літаратуры. Гэты год дзевяностых угодкаў для турызму нашага прайшоў міма, калі казаць пра постаць Быкава. Гэтая дата была не заўважаная».
«Таму, калі казаць пра магчымасьці турыстычныя, то толькі праз прызму Васіля Быкава Горадня мае велізарны патэнцыял, роўны з нашымі замкамі, які можа прывабліваць турыстаў».
Удзельнікі чытаньняў гаварылі пра тое, што ўлады павінны падтрымаць грамадзкі музэй Васіля Быкава, падняць яго статус, дапамагчы яму рэальна, не на словах, каб музэй жыў і мог прымаць турыстаў.