Лінкі ўнівэрсальнага доступу

90-годзьдзе  Васіля Быкава ў Бычках


21 чэрвеня на Віцебшчыне, у вёсцы Бычкі Вушацкага раёну – на малой радзіме Васіля Быкава – адбылося сьвяткаваньне з нагоды 90-гадовага юбілею пісьменьніка.

Імпрэза ў Бычках на Вушаччыне, прысьвечаная пісьменьніку –земляку, стала ўжо традыцыйнай. Як і штогод, сюды зьехаліся прыхільнікі таленту Васіля Быкава. Сярод больш як дзьвюх соцень гасьцей былі і вельмі вядомыя ў Беларусі асобы – Мечыслаў Грыб, Уладзімер Някляеў, Аляксандар Мілінкевіч, Рыгор Кастусёў ды іншыя, палітыкі і літаратары, сябры Таварыства Беларускай Мовы. Рада Віцебскай абласной філіі гэтай арганізацыі стала зьяўляецца арганізатарам “быкаўскіх” імпрэзаў у Бычках.

Старшыня абласной філіі ТБМ Іосіф Навумчык першае слова для прамовы аддаў сястры Васіля Быкава, спадарыні Валянціне. Потым выступіла Валянціна Барадуліна, удава бліжэйшага сябра Васіля Быкава, а за ёй – прадстаўніца Вушацкага райвыканкаму. Да слова, раённыя ўлады ўпершыню вырашылі выступіць на “быкаўскім” сьвяткаваньні, арганізаваным дэмакратычнымі актывістамі.

Паэт Уладзімер Някляеў, лідэр кампаніі “Гавары праўду”, павіншаваў прысутных зь яшчэ адной выбітной сёньняшняй падзеяй – вызваленьнем праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Гэтае паведамленьне прысутныя прывіталі воклічам “Жыве Беларусь!”

Госьці быкаўскай сядзібы згадалі хвілінай маўчаньня адышоўшых селета ў вечнасьць сяброў Быкава – Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна. Віцебскі паэт Уладзімер Папковіч выканаў апошнюю волю Генадзя Бураўкіна – прачытаў ягоны верш, прысьвечаны Васілю Быкаву.

Падчас імпрэзы Аляксандар Мілінкевіч павіншаваў новага ляўрэата прэміі “За свабоду думкі”. Ягонае імя агучыў адзін зь мінулых ляўрэатаў, мастак Алесь Пушкін. Сёлетнім ляўрэатам, паводле меркаваньня журы з дзевяці асобаў, ужо ўганараваных гэтай праміяй, стаў бард Віктар Шалкевіч.

Прэміяй "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава ўзнагароджваюць тых, хто, па рашэньні адмысловага журы, найбольш яскрава праявіў сябе ў грамадзкай, прафэсійнай альбо творчай дзейнасьці на карысьць Беларусі і свабоды. Кожны ляўрэат атрымлівае памятны дыплём і традыцыйную ўзнагароду -— скульптуру аўтарства Віктара Копача. Сёньня гэтыя ўзнагароды і былі ўручаныя Віктару Шалкевічу.


Завяршылася імпрэза сяброўскай вячэрай, на якую запрасілі ўсіх гасьцей. Тут былі вяскоўцы з Бычкоў, землякі Васіля Быкава, і прыехаўшыя з розных куткоў Беларусі актывісты і аматары роднай літаратуры, а таксама беларускія мастакі. 15 мастакоў на працягу мінулага тыдня былі на пленэры ў Бычках, прысьвечаным 90-годзьдзю пісьменьніка. І адмыслова да гэтай імпрэзы яны зладзілі ў Бычках першую экспазыцыю сваіх самых новых твораў.

Выступае Валянціна Быкава, побач – старшыня Віцебскай абласной філіі ТБМ Іосіф Навумчык

Уладзімер Някляеў чытае верш

Віктар Шалкевіч і Аляксандар Мілінкевіч

Да Быкава – пад родным сьцягам

Валянціна Барадуліна і Валянціна Быкава


Алесь Пушкін з партрэтам Яўгена Жыхара
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG