Эўразьвяз аказаўся не гатовы да агрэсіўнай зьнешняй палітыкі Расеі ў рэгіёне,а цяпер не можа хутка выпрацаваць адказ на расейскі выклік.
Такую думку выказаў экспэрт брусэльскага Цэнтру дасьледаваньняў эўрапейскай палітыкі Грант Кастанян падчас публічнай дыскусіі ў рамках Эўрапейскага міжкультурнага фэстывалю ў Менску.
Палітоляг зазначыў, што ў Эўропе проста не разумелі, што разьвіцьцё інтэграцыі постсавецкіх краін з Эўразьвязам успрымаецца Расеяй як пагроза сваім інтарэсам. Але на практыцы атрымалася, што Пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам разглядаецца Крамлём ня проста як гандлёвая дамова, а як першы крок гэтых краін да ўваходжаньня ў НАТО.
«Для Расеі гэта тая чырвоная лінія, пераступаць якую суседнія краіны, паводле іх меркаваньня, не павінны. Менавіта таму сёньня РФ гатовая перайсьці да ўзброенага канфлікту. Эўразьвяз не чакаў такой рэакцыі Расеі», — канстатуе Кастанян.
Менавіта палітычны кантроль над украінскай дзяржавай зьяўляецца сёньня галоўнай мэтай Крамля ў канфлікце на Данбасе, мяркуе экспэрт.
«На мой погляд, у інтарэсах Расеі — стварыць замарожаны канфлікт і праз гэты канфлікт паўплываць на прыняцьце ўкраінскімі ўладамі рашэньняў. Для Расеі асноўная цікавасьць тут не анэксія новых тэрыторый, а хутчэй выкарыстаньне падкантрольных тэрыторый у якасьці голасу вета на ўсе палітычныя рашэньня, якія прымаюцца ў Кіеве», — падкрэсьлівае Кастанян.
На недаўлік Эўропай расейскага фактару ў сваёй усходняй палітыкі зьвяртае ўвагу і беларускі палітоляг Андрэй Ягораў:
«Эўразьвяз усе гэтыя гады ашукваўся наконт Расеі. Насамрэч Расея заўсёды ў гэтым рэгіёне вяла антыэўрапейскую палітыку. І Эўразьвязу трэба было вельмі пастарацца, каб не заўважаць гэтага ажно да агрэсіі Расеі ва Ўкраіне», — зазначыў экспэрт.
Палітолягі таксама адзначаюць, што эўрапейскія палітыкі ня толькі не улічвалі фактар Расеі, але і ня ўлічвалі і спэцыфіку кожнай з краін рэгіёну. Паводле Кастаняна, ЭЗ сёньня павінен больш уважліва падыходзіць да ўнутранай сытуацыі дзяржаў-удзельніц «Ўсходняга партнэрства» і ў будучыні больш працаваць з грамадзянскай супольнасьцю гэтых краін.
«Але для таго, каб наладзіць гэтую працу, арыентаваную на мясцовую спэцыфіку кожнай краіны, Эўразьвяз павінен вырашыць для сябе шэраг зьнешніх праблем. У гэтым выпадку, гаворка ідзе пра вырашэньне расейскага пытаньня. ЭЗ павінен прыняць больш разумную палітыку ў адносінах да Расеі. Трэба правільна ўспрымаць, аналізаваць і інтэрпрэтаваць расейскую палітыку», — кажа Кастанян.
Ён адзначае, што агрэсія Расеі ва Ўкраіне стварыла новую сытуацыю ў рэгіёне, да чаго Эўразьвяз ня быў гатовы. Больш за тое, нават ўсьведамляючы выклікі часу, Брусэль ня можа хутка выпрацаваць новыя адказы з-за складанай унутранай структуры Эўразьвязу.