Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дня-прО! Дня-прО! Падказка для беларускіх ultras


Вінцук Вячорка адказвае на просьбу футбольнага заўзятара, як слушна пісаць назву магілёўскага футбольнага клюбу.

Як правільна мусіць пісацца назва магілёўскага футбольнага клюбу "Дняпро"?

Праграма "Тутэйшы футбол", якую выпускае tut.by, піша па-беларуску "Днепр". Але гідронім мае беларускую назву "Дняпро". Адтуль і пайшла назва футбольнага клюбу. Але глядзіце, што мне адказалі ў tut.by:

"Мы уточняли, "Дняпро" - это литературное слово, в случае с названием команды допускает "Днепр". Есть такое правило, по которому название команды, предприятия и прочее можно читать так, как есть. Можно переводить, а можно нет".

Скажыце, калі ласка, чыя праўда?

Я праверыў – сапраўды, у беларускамоўных выданьнях ды інтэрнэт-рэсурсах назву клюбу пішуць розна. Але, прыкладам, газэта „Зьвязда” зь яе дзяржаўным статусам у штодзённых футбольных навінах і табліцах пасьлядоўна ўжывае форму „Дняпро” (Магілёў).

Незалежныя беларускамоўныя мэдыя абодвух правапісаў таксама часьцей пішуць „Дняпро”.

Фармальна арганізацыя ці фірма можа назвацца хоць „Абырвалг” (як у булгакаўскага Шарыкава) і захоўваць такую назву ва ўсіх мовах. Мы кажам “Форд” і “Таёта”, “Рэал” і “Ювэнтус”, дарма што тыя назвы ўласна па-беларуску нічога не абазначаюць.

Аднак ясна, што назва клюбу ня створаная штучна, а роўная гідроніму – назьве ракі. Беларускую каманду ў Беларусі назвалі ў гонар беларускай ракі. А па-беларуску адпаведны гідронім гучыць і пішацца Дняпро.

У беларускіх гаворках Дняпро – мужчынскага роду, хоць гэта і рака. Так, як імя Пятро. І з характэрным беларускім “яканьнем”.

Назва Дняпро, як бальшыня імёнаў вялікіх рэк, вельмі старажытная. Этымолягі (Крэчмэр, Тапароў, Агеева) узводзяць гэтую назву, вядомую з IV ст. у грэцкай форме Δανάπρις, да іранскіх моваў (якімі гаварылі летапісныя скіфы й сарматы), параўн. асэтынскае don ‘вада’, авэстыйскае apara- 'больш аддалены'. Да таго ж кораня дон можна ўзьвесьці таксама Дон, Данец, Дунай, Днестар.

Мовы народаў, якія пасяліліся або ўтварыліся ў басэйне Дняпра, кожная па-свойму «апрацавалі» гэтую назву. У беларускіх гаворках Дняпро – мужчынскага роду, хоць гэта і рака. Так, як імя Пятро. І з характэрным беларускім “яканьнем”.

Па-беларуску і вымавіць у адзін склад немагчыма – ДнеПР, язык міжволі хоча рассунуць зычныя і атрымліваецца “Днепар”.

Праўда, у некаторых беларускіх даведніках можна пабачыць як бы ў дужках і форму “Днепр”, але гэта вынік чужамоўных уплываў на беларускія геаграфічныя назвы (як зь Вяльлí ці Вільлí зрабілі Вíлію). Па-беларуску і вымавіць у адзін склад немагчыма – ДнеПР, язык міжволі хоча рассунуць зычныя і атрымліваецца “Днепар”. Менавіта гэтак чуваць у заўзятараў магілёўскай каманды:

Далібог, Дня-прО гучаў бы ў падобным рытме лепш.

А ва ўскосных склонах (акрамя вінавальнага) абедзьве формы аднолькавыя: з Дняпра, на Дняпры, Дняпром.

Платон Галавач пачынаў пісаць цэлы раман «Вялікі Дняпро», але быў забіты экавэдзістамі ў 1937 годзе.

Прыдняпровец Караткевіч у сваёй геніяльнай «Беларускай песьні» (якая і гучыць як песьня, бо яе паклалі на музыку ўжо некалькі кампазытараў) замацаваў форму «Дняпро» рыфмай са словам «кроў»:

Дзе мой край? Там, дзе вечную песьню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,

Дзе на ўзвышшах Наваградзкіх дрэмлюць суровыя вежы

І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

У арганізаваных беларускіх заўзятараў – так званых ультрас – цяпер імкліва пашыраецца беларуская мова: у споклічах, на харугвах і банэрах, на сайтах.

У Беларусі і ва Ўкраіне, якім у выніку каляніяльнага панаваньня была навязаная расейская мова, часта зьвяртаюцца і да зваротнага перакладу на сваю мову назваў арганізацыяў ці прадпрыемстваў – утвораных раней па-расейску. Прыкладам, па-беларуску адпаведныя футбольныя каманды ніжэйшых лігаў завуцца „Хваля” (Пінск), „Зорка-БДУ”, а нават „Гомельчыгунтранс”. Спэцыялісты кажуць, што ў блізкароднасных мовах часта ўласныя назвы, якія адрозьніваюцца формай, але маюць агульнае паходжаньне, выкарыстоўваюцца для перадачы адно аднаго. Гэтак піша вядомы маскоўскі лінгвіст Дзьмітры Ермаловіч. Сапраўды, у тоеснай сытуацыі днепрапятроўская каманда заве сябе па-ўкраінску „Дніпро”.

Аказваецца, у складзе магілёўскага футбольнага клюбу “Дняпро” ёсьць і жаночая каманда, якая займае высокія месцы ў чэмпіянаце Беларусі. Завецца яна па-расейску грувастка “Надежда-Днепр”. І як перадаць па-беларуску такую назву? Ясна, першая частка – “Надзея”, бо не “Надзежда” ж. Значыць, і другая частка павінна быць адаптаваная да беларускае мовы. Надзея-Дняпро. Па-мойму, лёгка, мілагучна і рытмічна.

* * *

У арганізаваных беларускіх заўзятараў – так званых ультрас – цяпер імкліва пашыраецца беларуская мова: у споклічах, на харугвах і банэрах, на сайтах.

Гэта шчэ раней прадбачыў Лявон Вольскі і стварыў беларускі варыянт Ole-Ole («Беларусь жыве!»):

Думаю, менавіта заўзятары зрушаць справу “зваротнай беларусізацыі” назваў. Так, эмблема магілёўскага клюбу – амаль бездакорная, яе графічная аснова – гістарычны, з часу Магдэбурскага права, герб 1661 году (пацьверджаны ў 2005) з брамаю і дзяржаўным гербам Пагоня над ёю:

Дзеля поўнае гармоніі на эмблеме бракуе беларускай мовы і слова Дняпро.

Дысгармонію явачным парадкам пераадольваюць заўзятары:

Наагул назвы ў беларускай футбольнай найвышэйшай лізе натуральна бытуюць па-беларуску, скажам, Нафтан – гэта ад беларускага слова “нафта”. Але вось форму Нёман варта адстойваць, бо Неман – гэта польска-расейскае гучаньне назвы яшчэ адной вялікай беларускай ракі. Дарма што некаторыя беларускамоўныя гарадзенцы задаюцца такім вымаўленьнем (як лірычны герой Віктара Шалкевіча:

“…Але ў ботах вайсковец перабег нам дарогу:
Я ўначэ раз іду, а яны ўдвох на нЕманскім мосце стаяць…”).

“Ганка, дзеўка з Пагулянкі” (

І ня трэба выдумляць гібрыдныя напісаньні накшталт Дінамо празь беларускае і (як гэта рабілі ў хакейным клюбе), а гаварыць па-беларуску, не саромеючыся, ДЫНАМА.

Дарэчы, Барысаўскі БАТЭ акурат патрапіў у адну групу Лігі чэмпіёнаў зь вядомым данецкім клюбам. Паслухайце, як абвяшчаюць па-ангельску вынікі жарабкаваньня міжнародныя футбольныя чыноўнікі: «Шахтар», зьберагаючы ўкраінскую фанэтычную форму назвы.

Пагатоў назву “Дняпро”, якая паходзіць ад гідроніму, можна “падвесьці пад закон”, а менавіта Закон „Аб найменьнях геаграфічных аб'ектаў”, які патрабуе ад усіх „захаваньня найменьняў геаграфічных аб'ектаў Рэспублікі Беларусь як неад'емнай часткі гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”. Па-другое, паводле арт. 17 згаданага Закону, „у Рэспубліцы Беларусь найменьні геаграфічным аб'ектам прысвойваюцца на беларускай мове, зь якой спосабам трансьлітарацыі перадаюцца на рускую мову”.

Такім чынам, і нашае пытаньне можа вырашацца зусім наадварот: маем падставы і па-расейску, і лацінкаю ва ўсіх лацінапісьмовых мовах пісаць „Дняпро” / Dniapro.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG